Ноч, калі зацвітае папараць-кветка: шчучынцы адзначылі Купалле

Купалле – адно з самых старажытных і загадкавых народных святаў. У гэты дзень дзяўчаты плятуць вянкі і варожаць на суджанага, закаханыя выпрабоўваюць свае пачуцці, скачучы праз вогнішча, а аматары прыгод шукаюць тую самую папараць-кветку, якая згодна з паданнямі робіць людзей шчаслівымі. Чароўную кветку шукалі і шчучынцы.

Імпрэза разгарнулася на адкрытай пляцоўцы ля Шчучынскага РЦКіНТ. Уразіла выступленне Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча.

Яркія сінія сукенкі, быццам васількі, ураз расквецілі пляцоўку. А як хораша, ярка і дынамічна кружыліся пары ў танцавальным карагодзе! Здзівілі і галасы артыстаў: чыстыя, звонкія, пявучыя нібы напевы нашых жаўрукоў.

 Свята набірала моц. Тэатралізаванае прадстаўленне “Купальскія прыгоды Марскога Цара”, фестываль водных ліхтарыкаў і свята фарбаў – такой насычанай і шматграннай была праграма.

 

Актыўна працавалі гандлёвыя кропкі, атракцыёны, фотазоны, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Бойка ішоў гандаль і ў народных ўмельцаў.

Вядома ж, не абышлося без традыцыйнай купальскай варажбы. Дзяўчаты разам з Купалам і Купалінкай вясёлай грамадой рушылі да возера. Праз хвіліну-другую па вадзе паплылі вяночкі, а значыць спраўляць сёлета шчучынцам вяселле! 

Кульмінацыяй свята стала святочнае вогнішча, ля якога моладзь яшчэ доўга вадзіла карагоды. Самыя смелыя пары скакалі праз агонь.

Кажуць, калі пара трымаючыся за рукі пераскочыць праз вогнішча, то будзе жыць у згодзе доўга і шчасліва.

Скончылася свята дыскатэкай і запускам ліхтарыкаў на ваду, якія дарэчы, былі зроблены ў выглядзе чароўнай кветкі. І хай сабе папараць-кветку знайшоў толькі адзін шчучынец, усе засталіся задаволенымі. Галоўнае – верыць у цуд, тады шчасце і каханне знойдуцца і без чароўных кветак!

 

Больш падрабязна аб тым, як прайшло ў Шчучыне свята, чытайце ў наступным нумары газеты.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!