Неадзінокая зіма. Як сацыяльнай службе раёна ўдаецца знаходзіць для адзінокіх састарэлых людзей сямейную утульнасць

 

Не проста па службовым абавязку, а з душэўнай цеплынёй і сардэчнасцю адносяцца да сваіх падапечных супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна. Разумеючы, наколькі складана прыходзіцца ў зімовы сезон старэнькім вяскоўцам, прыняты ўсе неабходныя меры, каб людзі сталага веку не засталіся сам-насам са сваімі праблемамі.

 

– Некаторыя сяльчане самыя просяць знайсці ім кампаньёнаў, каб можна было сумесна жыць, нешта абмяркоўваць, разам весці гаспадарку. Так лягчэй і весялей. Вось і з’яўляюцца ў нас новыя формы работы з насельніцтвам, – гаворыць загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Ірына Данілевіч. – Па стане на 1 снежня на тэрыторыі раёна адкрыта восем дамоў зімоўкі для пажылых адзінокіх грамадзян, у аграгарадку Каменка дзейнічае дом сумеснага самастойнага пражывання, створаны шэсць гасцявых сямей, сем прыёмных, тры замяшчальныя і адна патранажная сям’я. Перш чым прапанаваць нямогламу чалавеку сацыяльны ложак у бальніцы сястрынскага догляду, мы імкнёмся адшукаць хоць і вельмі далёкіх яго сваякоў, расказаць пра няпростую сітуацыю і магчымыя варыянты дапамогі. Іншы раз людзі ідуць насустрач нашым пажаданням і бяруць да сябе новага члена сям’і.

 

А здараецца, што і зусім чужы чалавек праяўляе небывалы ўзор міласэрнасці. Да прыкладу, у вёсцы Дудкі Першамайскага сельсавета жыве Зоя Цімафееўна Рухлевіч – жанчына з неверагодна добрай душой і чулым сэрцам. На сваім вяку яна дапамагла ўжо не аднаму нямогламу. А вось зараз даглядае пасля цяжкай хваробы 76-гадовага інваліда першай групы, стварыла для дзядулі дастойныя ўмовы пражывання, клапоціцца, як аб родным.

 

Усяго на сённяшні дзень у такога кшталту сем’ях на Шчучыншчыне жывуць 35 састарэлых і адзінокіх людзей. На пастаянным надомным абслугоўванні знаходзяцца 894 чалавекі, 820 з іх – жыхары сельскай мясцовасці. А гэта значыць, што сацыяльны работнік паклапоціцца, каб “ягоныя бабулі і дзядулі” мелі дровы, пры патрэбе – напаліць печ і прынясе са студні вады, купіць усё неабходнае ў краме і аптэцы. Увойдзеш у такі дом – і абавязкова пачуеш словы шчырай падзякі і ў адрас сацыяльнай службы раёна, і ў адрас канкрэтнага работніка, а яшчэ – удзячнасць дзяржаве, што не пакідае без увагі тых, хто калісьці быў у страі і сваёй працай прыносіў карысць краіне.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!