Не ведаеце, дзе набыць расаду? У Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства ўпершыню заняліся вырошчваннем расады агародніны

Спецыялісты Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства ўпершыню заняліся вырошчваннем расады агародніны, якую ўсе жадаючыя змогуць набыць ужо ў сярэдзіне красавіка.

– Традыцыйна мы рэалізуем насельніцтву саджанцы пладова-ягадных культур: яблыні, грушы, слівы, чарэшні і вішні, – гаворыць навуковы супрацоўнік аддзела садаводства Інна Аляксандраўна Сінкевіч. – Летась паспрабавалі разводзіць кветкі: сальвію, агератум, бархатцы і некалькі відаў петуніі. А сёлета пасеялі каля 1500 штук насення перцу і каля 300 штук насення баклажанаў. 
Каб насенне хутка ўзышло, спецыялісты занальнага інстытута змясцілі яго ва ўрадлівую глебу, якая ўтрымлівае неабходную колькасць карысных рэчываў. Паклапаціліся і аб аптымальнай тэмпературы: на раннім этапе яна падтрымлівалася на ўзроўні +25 градусаў. Праз пэўны час боксы з падросшай расадай пераставілі ў другое памяшканне, дзе правялі дэзінфекцыю спецыяльнай лямпай ультрафіялетавага абеззаражвання. Тэмпературу там панізілі – усё для таго, каб расліны змаглі паспяхова адаптавацца перад высадкай. 
– Ніякіх хімічных апрацовак нашых усходаў агародніны мы не робім, – запэўнівае малодшы навуковы супрацоўнік аддзела садаводства Вераніка Стэфанаўна Капітанчык. – Праводзім толькі збалансаваныя падкормкі раслін. Такім чынам, хутка ў вас будзе магчымасць набыць для сваіх патрэб экалагічна чыстую расаду. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!