Не працуеш – заплаціш па поўным тарыфе

Вось ужо амаль год у раёне працуе пастаянна дзеючая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. За гэты час праведзена 55 пасяджэнняў, 5 з іх выязныя, разгледжаны шэраг актуальных пытанняў. У апошні час камісія дэталёва працавала над падрыхтоўкай рашэння аб працаздольных грамадзянах, не занятых у эканоміцы, якія ў трэцім квартале будуць абавязаны аплачваць камунальныя паслугі з поўнай кампенсацыяй эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.

 

– І такое рашэнне ўжо прынята, а звесткі аб грамадзянах, якім належыць аплачваць паслугу па гарачым водазабеспячэнні па поўным кошце, перададзены ў РУП ЖКГ, – тлумачыць начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, член камісіі Г.С. Паўлюкевіч. – Такіх у раёне каля 60 чалавек. Спіс стаў карацейшы, бо многія шчучынцы, якія на пачатак года патрапілі ў базу не занятых у эканоміцы, прадаставілі ў нашу камісію дакументы з пацвярджэннем сваёй занятасці. 

 

Тым жа, чые прозвішчы будуць знаходзіцца ў спісе на аплату камунальных паслуг з поўнай кампенсацыяй выдаткаў, хачу нагадаць, што ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 2018 года № 314 з 1 кастрычніка 2019 года ім давядзецца на такіх жа ўмовах аплачваць не толькі за гарачую ваду, але і за ацяпленне, і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных ацяпляльных і газавых прыбораў уліку. Між іншым, розніца паміж субсідзіраваным тарыфам і тым, што забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў, будзе істотная. І ў інтарэсах гэтых людзей падумаць: шукаць працу ці раскашэліцца. 

 

Па словах Ганны Станіславаўны, калі грамадзяне, якія лічыліся не занятымі ў эканоміцы і з’яўляюцца спажыўцамі вышэй названых камунальных паслуг, ужо змянілі гэты статус, то яны могуць звярнуцца ў пастаянна дзеючую камісію па садзейнічанні занятасці і пацвердзіць факт дакументальна. Магчыма, хтосьці з гэтых людзей уладкаваўся на працу, хтосьці прызваны на службу ў армію, стаў ІП ці ўзаконіў сваю рамесніцкую дзейнасць. Выключаюцца са спіса і грамадзяне, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, а таксама занятыя выхаваннем дзяцей да 7 гадоў ці траіх дзяцей да 18 гадоў (у такім выпадку прызнаецца занятым толькі адзін з бацькоў). Дарэчы, члены камісіі з многімі з гэтых людзей кантактавалі, тлумачылі сітуацыю, кансультавалі іх.

 

– Звяртаю ўвагу, што пастаянна дзеючая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва надзелена правам прымаць рашэнні з наступным унясеннем адпаведных прапаноў у райвыканкам не толькі аб выключэнні са спіса грамадзян, не занятых у эканоміцы, але і аб пераразліку сумы за камунальныя паслугі, калі хтосьці аплаціў іх па павышаным тарыфе, бо быў выпадкова ці памылкова ўключаны ў базу даных не занятых у эканоміцы, – падкрэсліла Г.С. Паўлюкевіч.

 

 Яшчэ раз нагадваем, што па дапамогу ў вырашэнні пытання працаўладкавання можна звяртацца ў рабочыя дні з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін у службу занятасці па адрасе: г. Шчучын, пл. Свабоды, 8, або атрымаць у гэты ж час адпаведныя кансультацыі па тэлефонах 29203 і 27020.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!