Нашы падпісчыкі. І фізік, і лірык, і адданы чытач

 

З даўнім падпісчыкам раёнкі – электраманцёрам завода “Аўтапровад” Чаславам Бабрыцкім – мы сустрэліся ў рэдакцыі: хацелася не толькі пагутарыць, але і паказаць наш каларытны музейчык.

 

Праўда, здзівіць Часлава Сцяпанавіча няпроста. Цікаўны і рознабаковы чалавек, ён на працягу 41 года выпісвае родную газету, ведае і колішніх, і сённяшніх аўтараў па іх публікацыях, дый сам сябруе з пяром. А вучоба ў 80-х гадах ва Усесаюзным завочным электратэхнічным інстытуце сувязі, дзе сярод аднакурснікаў было нямала супрацоўнікаў радыё і тэлебачання, давала не толькі тэхнічныя веды, але і ўяўленне аб рабоце СМІ.

 

– Калісьці я пачаў выпісваць “Савецкую вёску”, бо ў ёй актыўна друкаваўся мой настаўнік фізікі Вацлаў Дзежыц, які да ўсяго быў адмысловым краязнаўцам, глыбокім чалавекам і цудоўным педагогам, – узгадвае наш суразмоўца. – Нас звязвала шмат агульных інтарэсаў. Я з дзяцінства захапіўся радыётэхнікай. Памятаю, як апантана імкнуўся адрамантаваць стары радыёпрыёмнік, а той усё ніяк не хацеў “загаварыць”. Пасля 6-га класа (а вучыўся ў СШ № 2 г. Шчучына) запісаўся ў радыёгурток пры Доме піянераў, з запалам чытаў тэхнічную літаратуру, са школьных прадметаў найбольш паважаў фізіку ды хімію, але наш філолаг Крысціна Іванаўна Балдзіна так настойліва прывівала любоў да мовы і літаратуры, што потым быў толькі ўдзячны за гэта. Калі пасля заканчэння школы спрабаваў паступіць у радыётэхнічны інстытут, то на выдатна напісаў сачыненне на вольную тэму пра подзвіг нашага земляка Станіслава Клімака, пра якога ведаў не па чутках. Бо вырас я на хутары ля вёскі Янчукі – у той мясцовасці, дзе і герой-камсамолец, што цаной свайго жыцця ўратаваў у пажары калгасны статак. Аб гэтым таксама шмат расказвала на сваіх старонках “Савецкая вёска”.
Як распавядае Часлаў, у Мінскі радыётэхнічны ён не паступіў, але не адчайваўся: закончыў у Гродне курсы радыётэлемайстроў, потым пайшоў працаваць на завод “Аўтапровад”, а неўзабаве і армейскую павестку атрымаў.

 

– Службу праходзіў у дывізіёне сувязі ля Сімферопаля. Адслужыўшы, я вярнуўся ў Шчучын, на роднае прадпрыемства, дзе мяне зноў ахвотна прынялі ў якасці электраманцёра. А калі набраўся вопыту і завочна вучыўся ў ВНУ, займаў інжынерныя пасады, быў начальнікам цэха мантажных правадоў, – дзеліцца Ч.С. Бабрыцкі.

 

Каб вырашыць кватэрнае пытанне, Часлаў Сцяпанавіч перайшоў працаваць энергетыкам у саўгас-камбінат “Васілішкі”.

 

– Вось зараз дзякуючы “Дзянніцы” з цікавасцю сачу за развіццём васілішкаўскага рэгіёна, дзе таксама пакінуў часцінку сваёй душы. Тады ў 80-х у Васілішках атрымаў кватэру, але ўсё жыццё марыў мець свой дом. І пабудаваў-такі яго сваімі рукамі – у райцэнтры па вуліцы Шупені! З гэтай нагоды адбылося маё чарговае вяртанне на Шчучынскі завод “Аўтапровад”, – расказвае завадчанін пра хітраспляценні сваёй працоўнай біяграфіі.

 

Да нядаўняга часу Ч.С. Бабрыцкі ўзначальваў лабараторыю электрафізічных вымярэнняў, а ў мінулым снежні “саступіў” дарогу для маладых кадраў і перайшоў у электраманцёры. На прадпрыемстве цэняць веды і багаты прафесійны вопыт Часлава Сцяпанавіча. Ён – настаўнік моладзі, нярэдка запатрабаваны ў якасці кансультанта.

 

– І праца, і калектыў мне вельмі падабаюцца. Ведаеце, пэўна, я адношуся да той кагорты людзей, якія з задавальненнем ідуць на работу і з не меншай асалодай вяртаюцца дамоў…

 

Што й казаць, не часта пачуеш такі пазітыўны пасыл! Пэўна, сакрэт у тым, што Часлава Сцяпанавіча дома чакаюць дзве любімыя жанчыны: жонка Вольга і дачка Таццяна, дарэчы, па прафесіі перакладчык. Гэта дазваляе дзяўчыне працаваць дыстанцыйна ў адной з маскоўскіх кампаній. За плячыма ў Таццяны Чаславаўны паспяховы вопыт работы ў Тэгеране – у тым ліку і ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Іран.

 

Летам на сядзібе ў Бабрыцкіх усё патанае ў кветках – іх вельмі любіць Вольга Юльянаўна. А гаспадар у адказе за сад: пасадзіў за сваё жыццё сотні дрэў, а нядаўна развёў новыя сарты вінаграду. Ні хвілінкі лішняй у Часлава Сцяпанавіча – кожны дзень напоўнены новымі карыснымі справамі. Але няспешна разгарнуць вечарком свежы нумар “Дзянніцы” і ўважліва прачытаць усе публікацыі заўсёды знаходзіцца час.
– Бо гэта сапраўды цікава – ведаць, чым жыве твой горад, твой раён, – перакананы наш сябра газеты.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!