Напярэдадні Дня беларускага пісьменства журналісты вырашылі прайсціся сцяжынкамі Алаізы Пашкевіч

На гэты раз шляхі-дарогі прывялі нас у невялікую вёсачку Стары Двор Васілішкаўскага сельсавета. Чаму менавіта туды? У пачатку ХХ стагоддзя ў гэтых прыгожых мясцінах шукала натхнення наша знакамітая зямлячка, вядомая паэтэса Алаіза Пашкевіч. Яна прыязджала ў свой маёнтак, каб пабыць на ўлонні прыроды і, магчыма, напісаць новыя радкі сваіх твораў. Таму напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы таксама вырашылі прайсціся сцяжынкамі Алаізы, паслухаць успаміны мясцовых жыхароў і наведаць месца апошняга спачыну Цёткі, якое так старанна і сёння даглядаюць вяскоўцы. 

 

Успаміны за кубачкам гарбаты

Некалі сядзіба Пашкевічаў размяшчалася якраз каля дома сясцёр Тарэсы Янаўны і Яніны Іванаўны Эйсмант. У гэтых гасцінных і прыемных бабуляў па просьбе старшыні Васілішкаўскага сельвыканкама Тамары Іванаўны Зубрыцкай за кубачкам гарбаты сабраліся старадворцы, як яны самі сябе называюць. Тарэса Янаўна – самая старэйшая жыхарка вёскі і помніць многа цікавых фактаў з гісторыі Старога Двара. Яна расказала пра сваё жыццё, а таксама і пра тое, што некалі чула ад сваёй матулі і аднавяскоўцаў пра Алаізу Пашкевіч. 

 

– Я нарадзілася на Воранаўшчыне, – расказвае Тарэса Янаўна. – А ў 1939 годзе бацькі пераехалі ў Стары Двор. Тату забралі на вайну, і больш мы яго не бачылі. І ён так і не ўбачыў сваю малодшую дачушку. Хоць нас у мамы было толькі дзве, цяжка ёй прыходзілася. Таму я, як толькі крыху падрасла, пачала пасвіць чужых кароў. За гэтым і вучыцца не было калі, чатыры класы толькі скончыла. А сястры пашанцавала больш – сем гадоў адвучылася. Школа была ў Шастакоўцах. Няпростыя былі часы. Нам не хапала ні сшыткаў, ні падручнікаў. Па трое пісалі ў адным сшытку. А замест чарніла выкарыстоўвалі сок нацертых чырвоных буракоў. Калі падрасла – стала працаваць даяркаю. Тры гадкі даіла кароў, а потым перайшла ў паляводства: цюкі грузіла, буракі палола. А Яня 24 гады працавала на ферме даяркаю. У гаспадарцы вырошчвалі ў той час лён. Цяжкая была работа. Палолі, даглядалі. Потым рвалі, каламі малацілі, трапалі… Адзін раз за вырошчванне льну мне далі тону пшаніцы. Я тады ровар-дамку купіла, каб на работу ездзіць. Дзялкі буракоў людзям вялікія давалі. Мы апрацоўвалі па 90 сотак, па 90 тон караняплодаў здавалі. Мама займалася хатняй гаспадаркай: кароўку, свінку трымалі. Так і жылі. Дарэчы, менавіта калгас нам дапамог хату новую пабудаваць. Да гэтага часу тут жывём. 

 

Вяскоўцы да сённяшняга дня шануюць памяць Алаізы Пашкевіч і вельмі ганарацца, што такая мужная, прагрэсіўная жанчына жыла некалі ў гэтых месцах. 

 

– Яе маёнтак, а зямлі было каля сотні гектараў, нават я яшчэ добра памятаю, – гаворыць Тарэса Янаўна. – Там было заўсёды вельмі прыгожа: дагледжаны сад, шмат ружаў, выкладзеныя пліткай дарожкі. Кусты бэзу захаваліся нават да нашых дзён. Шкада, што некалі разбурылі такую прыгажосць. Пашкевічы заможнымі людзьмі былі. Яшчэ адзін маёнтак мелі ў Пешчына. У гады вайны ў маёнтку ў Старым Двары жыла Шлягерава – дачка брата Алаізы Пашкевіч. Яна хавала ад немцаў яўрэечку. Аднойчы жанчына нешта не падзяліла з камендантам. Немцы расстралялі пляменніцу Алаізы і яўрэйку Алю. Так яны ўсе разам і пахаваныя на ўскрайку вёскі. А Алаіза была адукаванай жанчынай, усім сэрцам сваю радзіму любіла, хацела, каб усе беларусы свабодныя былі, на мове роднай размаўляць маглі. Яна і часопісы ў вёску прывозіла, людзям раздавала. Лістоўкі розныя. Вельмі прагрэсіўная жанчына была. На жаль, маладою пайшла з жыцця – памерла ад тыфу, даглядаючы хворых. А маёнтак яе зусім разабралі, і паколькі дрэва моцнае было, пабудавалі з яго школу ў Замасцянах. 

 

Стараста – пасада адказная

– А мая цешча, якая была 1901 года нараджэння, расказвала, як моцна Алаіза дзетак любіла, – далучаецца да размовы Вацлаў Станіслававіч Адзінец, стараста вёскі Стары Двор. – Яна з дзецьмі шмат часу праводзіла, дзяўчынкам коскі са стужкамі заплятала. 

 

 

Малая радзіма Вацлава Станіслававіча – вёска Грамкі. А ў Стары Двор ён пераехаў, калі ажаніўся – яго жонка родам з гэтай вёскі. На жаль, 16 гадоў яе ўжо няма на гэтым свеце. А пазнаёміліся яны на вяселлі сваіх сяброў. Вацлаў Станіслававіч пабудаваў хату ў Старым Двары і з таго часу тут і жыве. Больш за трыццаць пяць гадоў адпрацаваў у калгасе трактарыстам, 18 з іх быў у сезон камбайнерам і ўбіраў хлеб. 
Два сыны, адзін з якіх жыве ў Гродне, а другі ў Васілішках, не забываюць свайго бацьку. А галоўнае багацце дзядулі – трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў. 

 

– Каб дачакацца праўнукаў, трэба жаніцца маладым, – смяецца Вацлаў Станіслававіч. – Помню, як дзеці падраслі, пойдзем з імі на вяселле ў вёску, тады ж моладзі многа было, вяселлі ладзіліся, танцы. Сыны танцуюць і я з імі разам. Весела было.

 

І цяпер яму сумаваць няма часу. Занятак заўсёды знойдзе. У сезон – па грыбы ў бліжэйшы лясок. Вясною і летам – падкасіць своечасова трэба, многія вясковыя жанчыны жывуць адны і ім трэба дапамагчы двор у парадак прывесці, вуліцы абкасіць. І ў старшыні сельвыканкама Тамары Іванаўны ён першы памочнік: свята вёскі арганізаваць – з радасцю, адзначыць юбілей каплічкі – і тут дапаможа. 

 

– Ведаеце, падтрымліваць тут парадак – гэта для нас справа гонару, – гаворыць Вацлаў Станіслававіч. – Нашы ж мясціны асаблівыя. Тут і турысты часта заязджаюць на магілу Цёткі. Дый так, гэта ж наша малая радзіма, мы павінны падтрымліваць чысціню.

 

Старадворцы – людзі дружныя

– Наша вёсачка – вельмі дружная, хоць карэнных жыхароў не так шмат, – гаворыць Тарэса Янаўна. – Некалі сюда з’язджаліся з навакольных хутароў і будавалі дамы, таму што пачалі даваць надзелы на зямлі, якая раней належала Пашкевічам. І тым не менш, мы ўмеем і адпачываць разам, і весяліцца, і ў горы падтрымаць.

 

Амаль сорак год таму прыйшла замуж у Стары Двор Ірэна Вайцехаўна Бурко. Працавала тэхнічным работнікам спачатку ў школе ў Шастакоўцах, а калі яе зачынілі – у Хадзілонях. А потым перайшла ў сацыяльную службу і была сацыяльным работнікам. 

 

 

– Стары Двор я ўжо лічу сваёй радзімай, – гаворыць жанчына. – Тут жывуць вельмі шчырыя і добразычлівыя людзі. Гаспадаркі цяпер не трымаю, а агарод саджу, і бульбачку. 

 

Ірэна Вайцехаўна – чалавек актыўны, адразу адгукаецца на любую просьбу, усё, што робіць, заўсёды ад душы. 

 

Ніколі не застаецца ў баку ад агульнай справы і Багуслава Цэзараўна Шмігера. 

 

– Мне ўжо 73-ці год, але сілы яшчэ ёсць! – задаволена бабуля. – Да мінулага года кароўку трымала. Як сяду на веласіпед, даеду і ў Васілішкі, і ў Бакшты, і ў Першамайск – дзе мне толькі патрэбна. Тут нарадзілася, і ўсё жыццё тут пражыла. Такая прырода – дзе яшчэ знойдзеш такое хараство! Сапраўдны салаўіны рай! Вельмі люблю свае родныя мясціны. 

 

…У цікавай гутарцы з прыемнымі людзьмі час праляцеў вельмі хутка. Развітаўшыся з бабулькамі, мы не маглі не заехаць на магілу знакамітай паэткі. У гэтых мясцінах некалі, напэўна, яна адчувала сябе шчаслівай, тут знайшла спачын для сваёй душы. 

 

– На жаль, засталося ўжо мала людзей, якія могуць штосьці расказаць пра нашу знакамітую зямлячку, – гаворыць стараста вёскі Вацлаў Станіслававіч. – Але нягледзячы на гэта, мы заўсёды будзем помніць яе і ганарыцца, што нам пашчасціла жыць на адной зямлі.

 

“На магіле ўзыду дубам, 
пачну шаптаць братнім губам 
Аб іх долі, аб свабодзе, 
Стану песняй у народзе!”

 

Гэтыя вядомыя словы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) высечаны на дубе побач з яе магілай. Песня гучыць і сёння…

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!