Напярэдадні Дня аховы дзяцей у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце адбылося яскравае мерапрыемства “Адрас дзяцінства – лета”
Напярэдадні Дня аховы дзяцей у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адбылося яскравае мерапрыемства “Адрас дзяцінства – лета”.
Мерапрыемства наведала шмат ганаровых гасцей – партнераў, фундатараў і добрых сяброў Васілішкаўскага дома-інтэрната. Сярод іх былі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргей Патапенка, начальнік аддзела стацыянарных сацыяльных устаноў камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аксана Адамоніс, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама, старшыня Шчучынскага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Таццяна Цюсіна, старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі “Белая Русь”, старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук, дырэктар ААТ “Васілішкі” Антон Бурнос, прадстаўнікі ААТ “Гроднахлебпрам” і многія іншыя. Госці прывезлі з сабой шмат падарункаў: грашовыя сертыфікаты на паляпшэнне матэрыяльнай базы ўстановы, слодычы і спартыўны інвентар.
Акрамя Дня аховы дзяцей, у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце была яшчэ адна сур’ёзная нагода для свята ў гэтыя дні. Пасля трохмесячнага рамонту тут адкрылася паліятыўнае аддзяленне, якое прызначана для самых цяжкіх дзетак са шматлікімі парушэннямі.
Падчас экскурсіі для гасцей, якую па доме-інтэрнаце правёў яго дырэктар Здзіслаў Янкевіч, госці пабачылі ў якіх умовах жывуць выхаванцы ўстановы. Трэба адзначыць, што дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, а таксама дапамозе неабыякавых фундатараў і грамадскіх арганізацый у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце створаны ўсе неабходныя ўмовы для адукацыі, выхавання і медыцынскага абслугоўвання дзяцей. Тут забяспечваецца камфортны побыт і пражыванне для выхаванцаў.
Галоўнай падзеяй дня стаў тэатралізаваны канцэрт. Дзеці, выхавацелі і іншыя работнікі інтэрната падрыхтавалі цікавую праграму з казачнымі персанажамі, якія пераблыталі свае казкі. Вясёлыя конкурсы і гучныя песні парадавалі юных гледачоў і падарылі ўсім прысутным эмоцыі радасці.
Шмат віншаванняў і пажаданняў гучала са сцэны ад ганаровых гасцей мерапрыемства.
– Дарагія дзеці і ўсе ўдзельнікі гэтага добрага мерапрыемства, – прывітала прысутных Таццяна Цюсіна. – Ад імя Шчучынскага райвыканкама і сябе асабіста мне хочацца павіншаваць вас з выдатным святам – Днём аховы дзяцей. Для вас наступае лета, вы вучыліся цэлы год, стараліся і зараз для вас пачынаюцца выдатныя дні, калі можна сілкавацца сонейкам і гуляць з сябрамі. Я думаю, што ў вас усё наперадзе. Правядзіце гэта лета з карысцю, будзьце здаровымі і шчаслівымі. Дарагія супрацоўнікі дома-інтэрната, нізкі вам паклон. Вы людзі вялікай душы, бо дзеткам, якія тут пражываюць патрэбны вялікія сэрцы і яны ў вас ёсць. За гэта я ўдзячна вам ад усёй душы.
Дзеці як ніхто іншы маюць патрэбу ў ахове і дапамозе. Таму абавязак дарослых – зрабіць усё, каб незалежна ад стану здароў’я, сацыяльнага статусу і іншых чыннікаў кожнае дзіцё атрымлівала шчасце і любоў. Радуе, што гэтай важнай місіі прысвяцілі сваё жыццё работнікі Васілішкаўскага дома-інтэрната, якія стараюцца акружыць дзетак цяплом, дапамогай і турботай кожны дзень.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.