Напярэдадні 79-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Шчучынскім раёне віншавалі вязняў нацызму і сем’і загінуўшых
Жахлівыя старонкі жыцця, апаленага вайной, назаўсёды застаюцца ва ўспамінах тых, хто прайшоў праз тое ліхалецце. Для гэтых людзей свята 9 Мая мае асаблівы сімвалічны сэнс вяртання да мірнага жыцця. Нам, пакаленням, якія ніколі не бачылі вайны, цяжка зразумець увесь боль пакут, што спазналі нашы продкі ў той няпросты час. Але ў нашых сілах захаваць і асэнсаваць жывую памяць удзельнікаў тых падзей.
Напярэдадні 79-й гадавіны перамогі над нацызмам кіраўніцтва раёна віншавала малагадовых вязняў і сем’і загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кожны год да Дня Перамогі такім катэгорыям грамадзян выплачваецца матэрыяльная дапамога.
Сёння да шчучынкі Людмілы Кулік завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Андрэй Навіцкі, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Святлана Шанчук і піянеры з СШ № 1 горада Шчучына. Жанчына з радасцю і ўдзячнасцю прымала віншаванні і падарункі ад гасцей.
Людміла Іосіфаўна не па расказах ведае аб жахах вайны. У 1944 годзе ёй было ўсяго 8 гадоў. Нацысты забілі яе старэйшага брата за тое, што бацька быў партызанам. Сям’я дзяўчынкі сышла ў партызаны, але трапіла ў акружэнне. Толькі цудам ім удалося пазбегнуць расстрэлу, яны былі накіраваны ў лагер.
– Калі савецкае войска пачало наступаць, у адзін дзень ахова лагера знікла, – дзялілася з гасцямі сваёй гісторыяй Людміла Кулік. – Мужчыны-вязні пачалі размотваць калючы дрот і выходзіць на волю, пазней выбірацца з лагера вырашылі і мы. Мой дзед служыў у войску, таму вёў нас лясамі. Было чутно, што людзей, якія ўцякалі дарогамі, расстрэльвалі. Нашай сям’і ўдалося выратавацца, перабіраючыся з вёскі ў вёску.
Віншаванні і падарункі атрымала і Ірына Пацук, бацька якой загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны. Вось як яна ўзгадвае сваё дзяцінства:
– Я была зусім маленькай, калі 11 студзеня 1945 года мой бацька загінуў на тэрыторыі Польшчы. Ён быў сувязістам і падчас варожага авіяналёту трапіў пад абстрэл. Пасляваеннае дзяцінства было цяжкім, маці засталася адна і гадавала шасцярых дзяцей. Страшна ўзгадваць, жылі бедна, галадалі, адзін брат памёр ад хваробы.
Але нягледзячы на ўсе нястачы і праблемы, сям’я вытрымала жыццёвыя іспыты. Дзеці атрымалі годную адукацыю, сама Ірына Іванаўна адвучылася на медыка ў Мінску і шмат дзесяцігоддзяў працавала ў нашым раёне зубным тэхнікам.
Страшна становіцца ад тых выпрабаванняў, якія выпалі на маленькія плечы дзяцей вайны, але моцныя духам людзі знайшлі ў сабе сілы, каб працягваць жыць і працаваць на карысць сваёй Радзімы ў мірны час. Дзякуючы рашучасці і нескаронасці старэйшага пакалення, мы маем магчымасць жыць у мірнай краіне і займацца стваральнай працай. Памяць і ўдзячнасць будуць заўсёды жыць у нашых сэрцах.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.