“Накукарэкаць” шчасце, насмяяцца да слёз, бясконца дзівіцца на цуды… Чым парадавала прэм’ера камедыі, што з вялікім поспехам прайшла на шчучынскай сцэне

Рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар п’есы “Во, дзе тыя цуды!”  – Аксана Атарык. У сферы культуры гэта таленавітая жанчына працуе даўно, а вось у Шчучынскім РЦКіНТ – чалавек, можна сказаць, новы: кіраўніком драматычнага гуртка для дарослых з’яўляецца ўсяго паўгода. За гэты час Аксана Паўлаўна здолела сабраць у свой гурт людзей творчых, захопленых тэатрам і здольных пераўвасобіцца да непазнавальнасці. Вобразы ў кожнага з акцёраў атрымаліся яркімі, каларытнымі і запамінальнымі.

 

 

Мабыць, ніхто з гледачоў не пашкадаваў, што купіў білет на прэм’еру і прыйшоў учора ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Карцінкі з вясковага жыцця, іскрамётныя дыялогі персанажаў, жарты і, безумоўна, інтрыгі – усё гэта яркім калейдаскопам пракручваецца перад  вачыма публікі. Зразумела, у рэшце рэшт у камедыі перамагаюць дабро, каханне і вернасць. Да таго ж у спектаклі багата музыкі, прыгожых песень і зухаватых танцаў.

 

 

На працягу ўсяго спектакля адчувалася, як па поўнай выкладваюцца акцёры, як шчодра дзеляцца з гледачамі сваімі эмоцыямі, імкнуцца данесці ўсе рысачкі і штрышкі характару сваіх неардынарных герояў.

 

 

Мяркую, што шчучынцы падчас прэм’еры па-новаму адкрылі для сябе такіх даўно знаёмых і папулярных артыстаў, як Дзмітрый Паноў і Яўген Майсей, якія на гэты раз заявілі пра сябе як цудоўныя камедыйныя акцёры. Гратэскава-непаўторнай была ў ролі Агаты і сама Аксана Атарык. Бліскуча справіліся з ролямі Вольга Дацэнка, Анастасія Канцавік, Дар’я Бачко, Тэрэза Сосна, Генадзь Юрэвіч. Людзі розных прафесій, яны аб’яднаны агульным захапленнем, а падчас работы над спектаклем сталі адной камандай. Гледачы былі ўражаны прафесійным узроўнем спектакля, што паставілі шчучынскія самадзейныя артысты.

 

 

Напрыканцы не абышлося без сяброўскіх віншаванняў з прэм’ерай, шквалу добрых эмоцый і водгукаў, сумесных фотакадраў. Атрымаўся цудоўны і атмасферны тэатральны вечар, які падарылі гараджанам свае, шчучынскія (!) артысты – што асабліва каштоўна. Несумненна, з такім цікавым, вясёлым і па-майстэрску пастаноўленым спектаклем можна смела адпраўляцца на гастролі куды заўгодна.

 

 

-- Я вельмі ўдзячна ўсім нашым гурткоўцам, што яны так адказна аднесліся да работы над спектаклем, -- падзялілася з намі рэжысёр Аксана Атарык. – Уявіце, у кожнага – нялёгкія працоўныя будні, сямейныя абавязкі, свае хобі – не толькі тэатральныя, але людзі знаходзілі час, прыходзілі на рэпетыцыі і творча, самааддана працавалі. Пра вынік меркаваць гледачу…

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!