Надышоў час салодкага ўраджаю. Аграрыі ААТ “Шчучынаграпрадукт” першымі ў раёне прыступілі да ўборкі цукровых буракоў

 

Выкопваннем салодкіх карэнняў у гаспадарцы займаецца вопытны механізатар Генрых Карніла, які на камбайне “Holmer” за працоўную змену ўбірае не менш за 12 гектараў.

 

– Падчас жніва я працаваў на зернеўборачным камбайне “Палессе”: намалаціў звыш 2000 тон зерня і заняў другое месца ў гаспадарцы, – з гонарам зазначае Генрых Мар’янавіч. – Цяпер вось перасеў на камбайн “Holmer” і пераключыўся на цукровыя буракі. Рухаюся па полі з хуткасцю прыкладна 8 кіламетраў у гадзіну.

 

Тэхніка дазваляе за раз ахапіць шэсць радкоў і заглыбіцца на 20 сантыметраў. Бацвінне абразае спецыяльная ўстаноўка. Усе параметры і настройкі – заглыбленне карчавальнікаў, вышыню зрэзу бацвіння і ступень дарэзкі шляпкі караняплодаў – выстаўляю сам, а бартавы камп’ютар сочыць за іх строгім выкананнем. Салодкі груз па транспарцёры трапляе ў бункер камбайна агульнай змяшчальнасцю 15 тон. Перад гэтым спецыяльная рашотка пратрасае караняплоды і ачышчае ад пяску. Пры агульнай вазе камбайна 26 тон расход паліва складае прыкладна 40 літраў на гектар.

 

Работа ў полі не сціхае ўвесь светлавы дзень. Механізатары нават харчуюцца прама ў полі ля сваіх “жалезных коней”, каб максімальна сэканоміць час, які падчас уборкі ўраджаю, як вядома, на цану золата. Для развозкі гарачых абедаў у гаспадарцы выдзелілі тры аўтамабілі, у тым ліку новы камфартабельны УАЗік, набыты сёлета. Кіруе ім вадзіцель з 35-гадовым стажам Антон Дайліда.

 

– Раніцай я абслугоўваю фірменныя магазіны нашай гаспадаркі, а прыкладна ў 12.00 пачынаю развозіць гарачыя абеды, – дзеліцца Антон Іванавіч. – Гэты працэс у мяне займае прыкладна паўтары гадзіны. Усяго за дзень накручваю да 140 кіламетраў. Але для новага камфартабельнага УАЗіка гэта не адлегласць!

 

– Штодзень мы гатуем каля 180 порцый, бо кормім не толькі аграрыяў, занятых у полі, але і жывёлаводаў свінакомплексу “Ельня”, – далучаецца да гутаркі кухонны работнік ААТ “Шчучынаграпрадукт” Марына Гардзейчык. – У нас складзены багаты рацыён, таму кожны дзень частуем нашых работнікаў рознымі смачнымі стравамі. Абед складаецца з супу, гарніру з мяснымі вырабамі, а таксама чаю і выпечкі. Прычым усё прыгатавана нашымі поварамі і пекарамі. Дастаўляем гарачыя абеды своечасова прама ў поле ў спецыяльных тэрмасах, якія захоўваюць цяпло. Акрамя таго, даём механізатарам з сабой “падвячорак”, каб тыя маглі падсілкавацца ўвечары.

 

Усяго пад цукровыя буракі ў гаспадарцы адведзена 430 гектараў, з якіх мясцовыя аграрыі плануюць атрымаць больш за 20 тысяч тон салодкіх карэнняў.

 

– Падчас сяўбы мы выканалі ўсе тэхналагічныя патрабаванні: унеслі ў глебу неабходную колькасць мінеральных угнаенняў, апрацавалі расліны ад хвароб і насякомых-шкоднікаў, – зазначае галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт” Валяр’ян Фядзюк. – Усё гэта дазволіла вырасціць багаты ўраджай: караняплоды дасягаюць 20 сантыметраў у дыяметры і важаць каля 4 кілаграмаў. Штодзень здаём на Скідзельскі цукровы завод 200 тон салодкага грузу згодна з усталяванымі сутачнымі квотамі прыёму. Пры неабходнасці гатовы задзейнічаць яшчэ адзін камбайн “Holmer” і павялічыць тэмпы ўборкі.

 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!