Надышоў “Час першых”. На мінулым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё летняга лагера пры Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі

 

Урачыстае адкрыццё змены адбылося на трэці дзень працы лагера, да гэтага хлопчыкі і дзяўчынкі рэпетыравалі выступы і творчыя нумары, каб паказаць свае таленты сябрам і педагогам.

 

 

Адкрыццё змены пачалося з урачыстай лінейкі “Нашы сімвалы – наш гонар”, падчас якой выхаванцы лагера аддалі даніну павагі дзяржаўным сімвалам нашай краіны. Затым атрады, а іх сёлета два, паказалі свае творчыя нумары. Камандныя дэвізы, танцавальныя флэшмобы і ігра на музычных інструментах – усё гэта можна было пабачыць на сцэне. Безумоўна, усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі зарад бадзёрасці і безліч пазітыўных эмоцый, пра што сведчылі шчырыя дзіцячыя ўсмешкі. Пасля ўрачыстага адкрыцця для выхаванцаў лагера была арганізавана дыскатэка.

 

 

Лагер “Час першых” працуе ўжо не першы год і зарэкамендаваў сябе як месца, у якім можна весела і прадуктыўна правесці летні адпачынак. Дзеці маюць магчымасць працягваць наведваць гурткі і аб’яднанні па інтарэсах на базе Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета ў лагеры адпачываюць 41 хлопчык і дзяўчынка ва ўзросце з 10 да 17 гадоў. Падрабязней пра дзейнасць лагера нам расказала яго дырэктар Іна Кузіна:

 

– Лагер “Час першых” – гэта месца канцэнтрацыі творчасці. Нашы выхаванцы займаюцца робататэхнікай, наведваюць авіямадэльны гурток, ёсць спартсмены, танцоры, спевакі, акцёры, аматары прыкладнога мастацтва. Таму роля педагогаў у гэтай сітуацыі – накіроўваць творчасць дзяцей у правільнае рэчышча.

 

 

Напрыклад, падчас распрацоўкі плана якога-небудзь мерапрыемства нашы выхаванцы могуць выказваць свае прапановы, рабіць карэктоўкі. Усё гэта спрыяе стварэнню камфортнага асяроддзя як для дзяцей, так і педагогаў. У нас працуе згуртаваны калектыў педагогаў, якія адрозніваюцца крэатыўным мысленнем. Яны пастаянна імкнуцца знайсці нешта новае, актуальнае, стварыць такія актыўнасці, каб дзецям было цікава. Мы пастаянна падтрымліваем сувязь з бацькамі ў чатах, каб зручна і хутка вырашаць арганізацыйныя моманты.

 

Сёлета лагер “Час першых” будзе прадстаўляць Шчучынскі раён і Гродзенскую вобласць на конкурсах і форумах рэспубліканскай акцыі “Правільнае лета”. Мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках гэтай акцыі, пройдуць як у афлайн-, так і анлайн-фармаце.

 

 

– Каб трымаць дзяцей у тонусе, ім пастаянна трэба прапаноўваць нешта новае, – лічыць педагог-арганізатар Дзмітрый Чывіль. – Таму з года ў год лагерная змена мае сваю гульнявую мадэль, сёлета такая мадэль называецца “Экскурсійны маршрут “Музей музеяў”. На працягу ўсёй змены дзеці адыгрываюць ролі турыстаў, якія аб’яднаныя ў экскурсійныя групы. Гэтыя групы кожны дзень будуць наведваць разнастайныя музеі, у тым ліку рэальныя і віртуальныя. Мы наведаем музеі нашага горада, а таксама з дапамогай інтэрнэту пазнаёмімся з падобнымі ўстановамі ў іншых кутках краіны. Плануем паездку ў домік паляўнічага каля вёскі Зачэпічы, таксама выязную экскурсію ў Мастоўскі раён на мемарыяльны комплекс “Шымкі”. На працягу змены дзеці будуць ствараць маршрутную карту, на якой яны пазначаць усе пункты нашага падарожжа.

 

 

Да Года міру і стварэння педагогамі лагера была распрацавана акцыя “Пошта міру”. Напрыканцы кожнага дня ў лагеры выхаванцы будуць адпраўляць лісты з дапамогай паштовых скрынь, якія знаходзяцца ў атрадах. У апошні дзень лагера ўсе лісты з добрымі пажаданнямі разыграюць падчас “Паштовага лато”. Гэта будзе сувенір аб лагернай змене, які дзеці забяруць з сабой на памяць аб яскравых эмоцыях і незабыўных уражаннях.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!