Началась подготовка к реконструкции братского корпуса Жировичского монастыря

Пяць стагоддзяў цiхага прыстанку

У наступным годзе Жыровіцкі манастыр святкуе 500-годдзе, але гэта не адзiны гучны юбiлей — таксама споўнiцца 550 гадоў з моманту з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай маці. Ужо цяпер у манастыры пачалася падрыхтоўка да рэканструкцыі брацкага корпуса. Акрамя гэтага, там абновяць званіцу і ўстановяць помнік Серафіму Жыровіцкаму. У самім аграгарадку адрамантуюць каля 30 аб’ектаў. Карэспандэнт «Р» прайшлася па Жыровічах, каб падзiвiцца маштабам запланаваных змен. 

 

Аграгарадок рыхтуецца да свята

Падрыхтоўка да маштабнай падзеі адчуваецца ўжо пры пад’ездзе да населенага пункта, вядомага далёка за межамі Слонімскага раёна. Ужо сёння практычна ўсе дарогі, якія вядуць да Жыровічаў, адрамантаваны, на галоўных — пакладзены новы асфальт. На гэты факт звяртае ўвагу старшыня Жыровіцкага сельвыканкама Дзмітрый Нагула: 
 

2.jpg

— Каля 70 працэнтаў дарожнага пакрыцця адрамантавана, ідзе рэканструкцыя тратуараў: здымаецца старая плітка, устанаўліваюцца бардзюры. Выканана частка работ па рэканструкцыі жыллёвага фонду. Чакае абнаўлення цэнтральная плошча аграгарадка. Зоны стаянкі для аўтатранспарту, крамы, месцы агульнага карыстання прапануюць перамясціць бліжэй да ўезда ў аграгарадок з боку Слоніма. На вызваленым месцы зробяць зону адпачынку. Да святкавання таксама абновяцца корпус Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа, Дом культуры, гандлёвыя аб’екты. 

У аграгарадку пражывае 2113 жыхароў з улікам навучэнцаў Мінскай духоўнай семінарыі і аграрна-тэхнічнага каледжа. Сельсавет кампактны, у яго ўваходзіць толькі пяць вёсак. Аднак святочныя мерапрыемствы прыцягнуць сюды небывалую колькасць гасцей. Ці хопіць усім месца? 

— Трэба сказаць, што наш Жыровіцкі манастыр да гэтай знамянальнай даты падыходзіць значна абноўленым. Будаўнічыя работы тут доўжыліся амаль 30 гадоў. Упор рабіўся на рэканструкцыю з турыстычным ухілам. У мінулым годзе ў манастырскім комплексе ўжо адбыліся змены. Ён прырос новым будынкам. Па падабенстве з гаспадарчымі пабудовамі XVIII—XIX стагоддзяў узвялі трапезную і гасцініцу для жыхароў і наведвальнікаў манастыра. Пакуль тут спыняецца зусім мала гасцей, аднак іх колькасць хутка расце. 

Беласнежны будынак трапезнай пабудаваны наноў, у такім выглядзе яго ніколі не было. Але гэты аб’ект вельмі важны для манастыра, нават стагоддзі таму тут быў высокі еўрапейскі ўзровень. Сёння ў памяшканнях гасцінічнага тыпу ў камфортных умовах могуць размясціцца вандроўнікі з розных краін свету. 

3.jpg

Класіцызм, барока, ракако

Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр — адзін з найбуйнейшых духоўных цэнтраў у краіне. Гэта не толькі манастырскі двор, але і аб’ект турызму, унікальны помнік архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў, дзе сышліся класіцызм, барока і ракако. Якія змены адбудуцца тут у бліжэйшыя паўтара года?

Па-першае, будзе праведзена рэканструкцыя размешчанай насупраць Свята-Успенскага сабора званіцы, пад якой знаходзіцца капліца з жалезнымі варотамі, што нагадваюць царскія вароты іканастаса. Прыбудовы, якія шчыльна абляпілі яе з усіх бакоў, знясуць, а прылеглую тэрыторыю добраўпарадкуюць. Па-другое, новае жыццё ўдыхнуць у будынак брацкага корпуса манастыра. Наступны крок — рэканструкцыя галоўнага манастырскага храма — Свята-Успенскага сабора, які ўзводзіўся з 1613 па 1650 год, а таксама будаўнічыя работы на іншых аб’ектах Жыровіцкага манастыра.

4.jpg

Шмат планаў

Значная падзея ў падрыхтоўцы да святкавання — устаноўка помніка Серафіму Жыровіцкаму. Роставая скульптура з бронзы будзе ўсталявана справа ад увахода ў манастыр. 

5.jpg

Жыровіцкі манастыр — гэта горад у горадзе. Згадзіцеся, любы населены пункт з 500-гадовай гісторыяй мае патрэбу ў рамонце і развіцці. Па словах генеральнага дырэктара УКБ Гродзенскага аблвыканкама Валерыя Крыўца, падрыхтоўка да новага этапу рэканструкцыі ідзе поўным ходам:

 Мільён рублёў з бюджэту выдзелены на рэканструкцыю з элементамі рэстаўрацыі брацкага корпуса манастыра: тут заменяць дах, вокны, абновяць фасады, правядуць унутраную перапланіроўку. Так, частку корпуса адвядуць пад гасцініцу для пілігрымаў, частку — пад памяшканне для лячэння манахаў. Работы разгорнуцца бліжэй да восені. На рэстаўрацыю званіцы таксама выдзелены мільён рублёў. Паралельна будзе весціся распрацоўка праектнай дакументацыі па абнаўленні Свята-Успенскага сабора. На гэтыя мэты выдзелена 100 тысяч рублёў. 

 

www.sb.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!