На тэрыторыі раёна ў сферы эканомікі  выяўлена 5 злачынстваў. Нядаўна адбылося пасяджэнне раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі

Пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама А.В. Садоўскага адбылося пасяджэнне раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі. У яго рабоце прыняла ўдзел старшы памочнік пракурора Шчучынскага раёна А.В. Адаміцкая.

 

З інфармацыяй аб стане карупцыйнай накіраванасці злачынстваў на тэрыторыі раёна ў 2019 годзе выступіў першы намеснік начальніка РАУС Д.Г. Фомчанкаў. Ён адзначыў, што за гэты перыяд аддзелам унутраных спраў райвыканкама ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі вялася мэтанакіраваная работа па выяўленні і спыненні злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ў розных галінах і сферах эканамічнай дзейнасці.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў на тэрыторыі раёна ў сферы эканомікі  выяўлена 5 злачынстваў. Дзмітрый Георгіевіч прывёў шэраг прыкладаў, калі былі выяўлены і расследаваны альбо расследуюцца зараз факты карупцыйных праяў. Былі распачаты крымінальныя справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і атрыманне хабару шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Урон па выяўленых карупцыйных злачынствах склаў амаль трынаццаць тысяч рублёў.

Далей у ходзе разгляду пытанняў парадку дня былі заслуханы даклады урача-дыетолага Шчучынскай раённай бальніцы Т.У. Давыдчык і намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама Ж.І. Мяцько аб практыцы работы па ажыццяўленні кантролю за арганізацыяй харчавання пацыентаў бальніцы і навучэнцаў устаноў адукацыі раёна.

-- Правільнае харчаванне ў бальніцы - гэта зладжаная праца каманды, - адзначыла Тамара Уладзіміраўна. -- Кожны пацыент нашай бальніцы атрымлівае паўнавартаснае харчаванне. Асартымент страў і спосабы іх прыгатавання грунтуюцца на прынцыпах дыетычнага харчавання. І гэта апраўдана. Для тых, каму рэкамендавана спецыяльная дыета, кожны дадатковы прадукт да стала павінен быць узгоднены з урачом.

Харчаванне ў ЦРБ чатырохразовае, дзеці да 14 гадоў атрымліваюць дадатковы падвячорак. Да таго як ежа трапляе ў харчблок да повараў, яна праходзіць сур'ёзныя стадыі адбору. Персанал строга выконвае тэрміны захоўвання, тэмпературны рэжым у халадзільніках і г.д. Для пацыентаў з рознымі відамі захворванняў распрацоўваецца ўласнае меню. Падрыхтоўка страў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з тэхналагічнымі картамі. Спецыялісты бальніцы штодня ажыццяўляюць строгі нагляд за тым, што і як рыхтуецца і што трапляе на стол да пацыентаў. Дарэчы, праведзены маніторынг паказаў, што практычна 90% пацыентаў задаволены якасцю прыгатаваных страў. Аб адсутнасці сур'ёзных парушэнняў гавораць і вынікі праверак, праведзеных у гэтым годзе прадстаўнiкамi вышэйстаячых кантралюючых органаў.

На кантролі знаходзяцца і пытанні харчавання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі раёна: на 29 харчблоках ўсталяваны відэакамеры, ажыццяўляюцца штодзённыя выезды, працуе міжведамасная камісія па харчаванні, арганізаваны ўнутраны кантроль у саміх установах адукацыі. Разам з тым, у гэтым годзе за парушэнні ў арганізацыі харчавання прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 15 работнікаў харчблокаў і два кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

Пры абмеркаванні пытання члены камісіі сышліся ў меркаванні, што адной з прычын парушэнняў у арганізацыі харчавання з'яўляецца частая змена кадраў на харчблоках устаноў адукацыі. Больш дзейсны кантроль за ўмовамі захавання прадуктаў і тэхналагічнымі працэсамі прыгатавання ежы павінен ажыццяўляцца непасрэдна кіраўніцтвам устаноў адукацыі на месцах. Значная частка прыгатаваных страў дзецьмі не выкарыстоўваецца. Таму важна прывучаць дзяцей да культуры здаровага харчавання. У прыярытэце – актыўнае прыцягненне для правядзення працэдур дзяржаўных закупак непасрэдна вытворцаў прадукцыі. Адна з выказаных прапаноў - узмацніць кантроль за арганізацыяй харчавання ў ЦРБ у выхадныя і святочныя дні.

-- Карупцыя не зводзіцца толькі да дачы і атрымання хабараў. Тут могуць быць і крадзеж, і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, і перавышэнне ўлады, і іншыя правапарушэнні, -- падкрэсліў начальнік Шчучынскага раённага аддзела следчага камітэта А.Я. Кізілевіч. -- Дзе няма празрыстасці - узнікае намер зрабіць нешта незаконнае.

На пасяджэнні таксама абмеркавалі пытанні рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў у дзяржаўнай установе па ахове і выкарыстанні маёмасці «Авіятар», прадухілення парушэнняў заканадаўства пры рэгуляванні аплаты працы кіраўнікоў у арганізацыях камунальнай формы ўласнасці, інфармацыйную запіску пракуратуры Шчучынскага раёна аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!