На спартакіядзе для дзяцей і юнацтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі зборная Шчучынскага раёна заняла трэцяе месца

Маладзечна часова стала спартыўным цэнтрам Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі – тут прайшоў трэці этап спартакіяды для дзяцей і юнацтва, у якой прынялі ўдзел спартсмены Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцей, а таксама каманды Пензенскай, Растоўскай, Чэлябінскай абласцей і Паўночнай Асеціі-Аланіі. Спаборніцтвы былі прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Гонар Гродзеншчыны на спартакіядзе абараняла зборная Шчучынскага раёна, у склад якой увайшлі вучні Мажэйкаўскага і Ракавіцкага дзіцячых садкоў- базавых школ, Орлеўскага дз/с-сярэдняй школы.

 

Рабяты гулялі ў баскетбол і настольны тэніс, высвятлялі, хто самы хуткі і вынослівы плывец. Па выніках набраных ачкоў наша каманда заняла трэцяе месца, саступіўшы толькі сапернікам з Растоўскай і Брэсцкай абласцей. Дадому рабяты вярнуліся з кубкамі, медалямі і шматлікімі каштоўнымі падарункамі, сярод якіх была і новая спартыўная форма.

 

Да ўсяго, для ўдзельнікаў спартакіяды Саюзнай дзяржавы была арганізавана насычаная культурна-забаўляльная праграма: аглядныя экскурсіі па Мінску і Маладзечна, наведванне гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Таксама рабяты пабывалі на лядовым катку і ў аквапарку, згулялі ў боўлінг і лазер-ран.

 

У наступным годзе мерапрыемствы спартакіяды запланаваны ў Оршы, Гомелі, Валгаградзе і Разані і будуць прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!