На сесіі Ражанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў абмеркавалі пытанні павышэння ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва
Якія меры прымаліся ў мінулым годзе на тэрыторыі Ражанкаўскага сельсавета, каб зрабіць жыццё яго жыхароў максімальна камфортным і бяспечным? Аб гэтым ішла гутарка падчас пашыранай сесіі Ражанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснікі старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна і Міхаіл Сушчэўскі, кіраўнікі аддзелаў і служб райвыканкама, дэпутаты сельскага Савета, старасты населеных пунктаў, кіраўнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі сельсавета, вяскоўцы.
– Тэрыторыя сельсавета ўключае 35 населеных пунктаў, у якіх пражывае 3120 чалавек, – расказаў старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Бурдзей. – У мінулым годзе вялікая ўвага надавалася пытанням паляпшэння жыцця і быту насельніцтва, прафілактыцы п'янства і алкагалізму, дэмаграфічнай і супрацьпажарнай бяспецы, прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў. Летась на тэрыторыі сельсавета адбылося чатыры пажары, гібелі людзей не дапушчана. Гэтаму садзейнічала мэтанакіраваная работа, якая праводзілася на тэрыторыі сельсавета. А вось колькасць злачынстваў, учыненых за мінулы год, вырасла. У пераважнай большасці выпадкаў прычынай таго, што людзі парушаюць закон, становіцца спіртное. Трывогу выклікае і сітуацыя, якая складваецца ў сферы сямейна-бытавых адносін.
Як расказаў Віктар Валянцінавіч, большасць старастаў населеных пунктаў займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, дапамагаюць падтрымліваць парадак на тэрыторыі сельсавета, садзейнічаюць у прафілактыцы п'янства. За актыўны ўдзел у жыцці сельсавета, а таксама за неабыякавасць да людскіх праблем чатыры старасты ў мінулым годзе былі прэміраваны.
Аналізуючы праведзеную работу, Віктар Валянцінавіч спыніўся і на іншых пытаннях, у прыватнасці, расказаў, як праводзіцца добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
– Перадача дарог і вуліц сельскіх населеных пунктаў на абслугоўванне ДРБУ-161, а ў аграгарадках – Шчучынскаму РУП ЖКГ, дазволіла палепшыць іх стан, – падкрэсліў старшыня сельскага Савета. – Пастаянна праводзіцца гравійная падсыпка і грэйдзіраванне дарог. Аднак праблемы яшчэ застаюцца. Шмат нараканняў ад мясцовых жыхароў гучыць наконт пад'езду да вёскі Цейкаўшчына. І гэта пытанне трэба вырашаць.
Віктар Валянцінавіч гаварыў пра палы і пра знос аварыйных дрэў, пра стыхійныя звалкі і вываз смецця. Ён таксама акрэсліў тую работу, якую праводзяць на тэрыторыі сельсавета ААТ "Шчучынаграпрадукт", Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства, РУСП "Гродзенскае племпрадпрыемства", Шчучынскі рамонтны завод і як дапамагаюць вяскоўцам.
Удзельнікі мерапрыемства скарысталіся магчымасцю задаць пытанні, якія іх хвалююць. Правесці бягучы рамонт пад'езду да вёскі Цейкаўшчына, знайсці іншае месца, а не побач з вёскай Лагады, для складзіравання неабходных складальнікаў для вырошчвання грыбоў на фабрыцы "Логал-Бія", устанавіць кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў у вёсцы Клімаўшчына, змяніць расклад руху аўтобуса ў вёсцы Забор'е – гэтыя і іншыя пытанні прагучалі падчас пасяджэння.
Сваімі думкамі і ідэямі падзяліліся дэпутаты сельскага Савета і старасты вёсак. А ўрач агульнай практыкі, дэпутат па Руткевіцкай выбарчай акрузе Яніна Шубадзёрава нагадала вяскоўцам аб неабходнасці прайсці агульную дыспансерызацыю і расказала ўвесь алгарытм дзеяння.
І ў гэтым годзе на тэрыторыі сельсавета будзе працягвацца работа па забеспячэнні камфортных умоў для жыцця людзей. Гэта першачарговая задача мясцовай улады.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.