На МТФ “Дэмбрава-777” для рагуль створаны камфортныя ўмовы
На малочнатаварнай ферме “Дэмбрава-777” у аднайменнай гаспадарцы дабіліся рэкордных сярэднясутачных надояў: штодзённа ад кожнай рагулі тут атрымліваюць 30 (!) літраў малака, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Прычым уся сыравіна ідзе сортам “экстра”.
На МТФ “Дэмбрава” ўтрымліваецца 2200 кароў, з якіх 810 – гэта дойны статак. Даглядаюць жывёлу 35 спецыялістаў. Сярод іх аператар машыннага даення Іван Арбачаўскас, які дасканала асвоіў гэту прафесію.
– Сам я родам са Шчучына і пэўны час працаваў на пілараме ў райцэнтры, – дзеліцца Іван Арбачаўскас. – Неяк даведаўся, што ў ААТ “Дэмбрава” на аднайменную ферму патрабуюцца жывёлаводы і вырашыў перакваліфікавацца. Спачатку быў жывёлаводам, аднак кіраўніцтва фермы хутка заўважыла маю акуратнасць і ўніклівасць і прапанавала перайсці ў аператары, што я і зрабіў. І не пашкадаваў! Безумоўна, гэта прафесія непростая, але вельмі цікавая. Яна патрабуе асаблівай уважлівасці і строгага выканання ўсіх тэхналогій. Калі каровы прыходзяць у даільны блок, мы спачатку іх здойваем. Затым апрацоўваем вымя спецыяльнай пенай, выціраем і надзяваем даільны апарат, а пасля дойкі наносім спецыяльны раствор, які знішчае ўсіх мікробаў і не дае развівацца мастыту. Малако па малакаправодзе адразу паступае ў халадзільныя ёмістасці агульным аб’ёмам амаль 27 тон, дзе астуджваецца з 16 да 4 градусаў для лепшага захоўвання. У дзень надойваем звыш 23 тон малака, якія здаём 100% сортам “экстра” на перапрацоўку на Шчучынскі філіял ААТ “Малочны Мір”.
За здароўем рагуль няспынна сочыць ветурач Юлія Тапчынка, якая працуе на МТФ “Дэмбрава-777” ўсяго два гады, аднак за гэты тэрмін ўжо паспела заваяваць павагу ў калектыве дзякуючы высокаму прафесіяналізму і незаспакоенасці.
– Я прыехала ў Дэмбрава са Слуцка, прачытаўшы аб’яву аб вакансіі ветурача ў газеце “Савецкая Беларусь”, – гаворыць Юлія Тапчынка. – Тут выйшла замуж, гаспадарка забяспечыла жыллём. Выбранай прафесіяй задаволена, ды і працаваць з жывёлай цікава. Каб знізіць рызыку захворвання кароў да мінімуму, важна забяспечыць рэгулярнае якаснае кармленне і своечасова праводзіць вакцынацыю. Усё гэта на нашай ферме выконваецца ў поўнай меры. Мамолагі сочаць за станам вымя, артапеды – не дапускаюць захворванняў капыт. Усе рагулі знаходзяцца пад пастаянным медыцынскім наглядам, і ў нас хапае медыкаментаў, каб аказаць ім хуткую і дзейсную дапамогу.
На МТФ “Дэмбрава-777” для кароў створаны максімальна камфортныя ўмовы: яны ўтрымліваюцца на гумовых дыванах, а стойлы рэгулярна ачышчаюцца скрэпернай устаноўкай. Унутры ўсталяваны вентылятары для ачысткі паветра і аўтаматычныя часалкі, пры дапамозе якіх жывёлы могуць вычасаць старую поўсць і атрымаць масаж. Да ўсяго дойныя рагулі згодна з распрацаваным графікам штодзень выгульваюцца на адкрытым паветры: для гэтага на ферме сёлета быў пабудаваны спецыяльны прагон.
– Усё гэта ў сукупнасці з сур’ёзнай селекцыйнай работай дазволіла нам значна павысіць надоі і дабіцца рэкордных паказчыкаў, – зазначае загадчыца МТФ “Дэмбрава-777” Ганна Паўлюкевіч. – На сённяшні дзень наша ферма з’яўляецца бясспрэчным флагманам па валавой вытворчасці малака ў сельгаспрадпрыемстве. У параўнанні з мінулым годам мы павялічылі сярэднясутачны надой на некалькі літраў, і цяпер гэты паказчык складае 30 літраў. Летась мы надаілі ад адной каровы 8600 літраў, сёлета плануем пабіць рэкорд у 9000 літраў. Упэўнена, у нас гэта атрымаецца!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.