На кірмаш хадзілі, мёд пілі,рыбу лавілі

Багатым выдаўся сёлетні шчучынскі кірмаш. На вуліцы Леніна з самага ранку бойка ішоў гандаль. Звонка звінелі гаманцы ля гандлёвых кропак. Нездарма кажуць, што ў гэты дзень вёска горад корміць.

Калі яшчэ выпадзе шанц набыць сельскагаспадарчую прадукцыю адразу і ў адным месцы! Для мясцовых гаспадарак, прадпрыемстваў і фермераў кірмаш –  яшчэ адна магчымасць зарабіць дадатковы рубель, для гараджан – набыць усё па выгаднай цане.

Шчаслівыя пакупнікі адыходзілі ад прылаўкаў з вялікімі торбамі. Не дзіва -- многія закуплялі прадукцыю на ўсю зіму. Свае расходы людзі спланавалі загадзя, таму і асаблівага ўрону сямейнаму бюджэту не нанеслі.

Кошт на сельскагаспадарчую  прадукцыю на кірмашы быў даволі дэмакратычны, аднак гараджане праходжваліся па радам, прыцэньваліся, таргаваліся. Капейка, як кажуць, рубель беражэ.

Асартымент тавару радаваў. Асаблівым попытам карысталіся збожжа, бульба, цыбуля, капуста, яблыкі, саджанцы і кветкі. Хапала на кірмашы мяса і мясных вырабаў, мёду, рыбы. Шчучынцы, якія добра засвоілі прымаўку “Хто рана ўстае, таму Бог падае” прыйшлі на кірмаш з самага ранку і нават паспелі купіць шчупака! Не спалі ў шапку і сапраўдныя рыбакі. Падчас восеньскага свята яны голымі рукамі рыбу лавілі. Лепшы ўлоў сёлета быў у наша земляка Юрыя, які злавіў ажно 18 рыбін!

На свяце панаваў асаблівы настрой. Парадавалі сваім цудоўным тэатралізаваным шоу артысты РЦКіНТ. Добрыя песні чуліся з беларускага і польскага падворкаў. Актыўна працаваў выязны гандаль, рукатворнымі вырабамі радавалі народныя ўмельцы.

Даспадобы шчучынцам прыйшлася сельскагаспадарчая латарэя. Сярод прызоў – бульба, морква, цыбуля, яблыкі, яйкі і нават жывыя куры. Мне і самой пашчасціла выйграць некалькі мяхоў той сельскагаспадарчай прадукцыі ды сертыфікат на кінасеанс у кінатэатр “Беларусь”.

 

Падчас свята былі падведзены вынікі конкурсу сярод арганізацый і сельсаветаў Шчучынскага раёна. У намінацыі “Лепшы каравай” перамога была ў ААТ “АграГЖС”. Лепшую кампазіцыю з сяльгаспрадукцыі сёлета стварылі работнікі СВУ “Пратасаўшчына”.

Больш падрабязна пра тое, як прайшоў у Шчучыне восеньскі кірмаш чытайце ў бліжэйшым выпуску газеты “Дзянніца”.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.