На хвалях Моўчадзі. Шчучынцы накіраваліся ў водны паход на байдарках

Спякотнае лета — найлепшы час, каб адправіцца ў воднае падарожжа. На ўласным вопыце гэта зразумелі і шчучынцы. Работнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама нядаўна адправіліся ў двухдзённы сплаў на байдарках па рацэ Моўчадзь.

 

 

Дарэчы, гэта ўжо пяты сплаў супрацоўнікаў райвыканкама па рэках Беларусі — добрая традыцыя пачалася яшчэ ў 2017 годзе. Сёлета 24 удзельнікі воднага паходу на дванаццаці байдарках у першы дзень падарожжа прайшлі 23 кіламетры.

 

Моўчадзь - левы прыток Нёмана. Рака расцягнулася на 98 км па Баранавіцкаму і Дзятлаўскаму раёнах і ўпадае ў Нёман. Шлях байдарачнікаў пралягаў па маляўнічых мясцінах. Шчучынцы атрымалі сапраўдную асалоду ад часу, праведзенага па-за межамі горада -- на ўлонні амаль некранутай прыроды. Ну дзе яшчэ можна адчуць такое задавальненне ад птушынага спеву, дотыку ласкавых сонечных промняў?!

 

 

-- Моўчадзь - рака асаблівая, віхляе ўздоўж парослых трыснягом і дзе-нідзе абрывістых пясчаных берагоў, -- расказвае кіраўнік спраў райвыканкама Алена Шкіндзерава. – Першы дзень воднага паходу быў днём пераадолення перашкод. Не паспеўшы зрабіць і пары грабкоў вёсламі, мы ўперліся ў першыя завалы. Калі проста не ўдавалася ўдала ўпісацца ў паварот, байдаркі натыкаліся на кусты і бярвёны або абавязкова садзіліся на мель. Спатрэбілася нават пераадолець некалькі перапраў у выглядзе паваленых дрэў. За час падарожжа нашы байдаркі некалькі разоў пераварочваліся, і мы аказваліся ў вадзе. Але гэта не спыняла, а наадварот надавала сіл і энергіі.

 

 

 

Увечары ўдзельнікі воднага падарожжа спыніліся на начлег у маляўнічым месцы, кожны змог атрымаць асалоду ад купання і добрых зносінаў. У першы дзень воднага паходу вандроўнікі сплаўляліся 8 гадзін. На наступную раніцу шчучынцы прынялі рашэнне яго завяршыць і ўзялі курс на родны горад.

 

 

-- Ліпеньскі сплаў на байдарках -- гэта ўжо не проста традыцыя. Кожны сплаў -- гэта неверагодныя эмоцыі, -- працягвае Алена Вайцехаўна. -- Эмоцыі ад перашкод на вадзе і дружнага іх пераадолення, эмоцыі ад прыроды і, вядома, ад людзей. Людзей, якія ўмеюць жыць з задавальненнем і падарыць адзін аднаму атмасферу душэўнасці, адкрытасці, смеху і драйву.

 

 

Выхадныя атрымаліся запамінальнымі. А ўсё дзякуючы апантанасці саміх удзельнікаў, якія з ахвотай падарожнічаюць па родным краі. Галоўнае - каб падарожжа прынесла масу станоўчых эмоцый і запомнілася на ўсё жыццё.

 

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!