На хвалях Моўчадзі. Шчучынцы накіраваліся ў традыцыйны водны паход на байдарках
Спякотнае лета -- найлепшы час, каб адправіцца ў воднае падарожжа. На ўласным вопыце гэта зразумелі і шчучынцы. Работнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама і прадстаўнікі працоўных калектываў раёна нядаўна адправіліся ў двухдзённы сплаў на байдарках па рацэ Моўчадзь.
Дарэчы, гэта ўжо восьмы сплаў дружнай каманды па рэках Беларусі — добрая традыцыя пачалася яшчэ ў 2017 годзе. Сёлета 18 удзельнікаў воднага паходу на дзевяці байдарках прайшлі 30 кіламетраў.
-- Наша каманда ўжо сплаўлялася па рэках Котра, Шчара і Гаўя. На гэты раз вырашылі ісці ў водны паход па Моўчадзі -- адной з самых прыгожых і чыстых рэк Беларусі. Рэчка сустрэла нас добра: стаяла цудоўнае надвор'е, былі чуваць спевы птушак, ды і плынь была добрая, а гэта немалаважна, -- расказала адзін з аматараў актыўнага адпачынку Анастасія Міхалоўская.
Моўчадзь -- левы прыток Нёмана -- расцягнулася на 98 км па Баранавіцкаму і Дзятлаўскаму раёнах і ўпадае ў Нёман. Рака віхляе ўздоўж парослых трыснягом і дзе-нідзе абрывістых пясчаных берагоў. Шлях байдарачнікаў пралягаў па маляўнічых мясцінах.
Першы дзень воднага паходу быў днём пераадолення перашкод. Удзельнікам сплаву даводзілася пераадольваць завалы. Калі проста не атрымоўвалася ўдала ўпісацца ў паварот, вандроўцы натыкаліся на кусты і бярвенне або абавязкова садзіліся на мелізну. Па дарозе сустракаліся дрэвы, якія поўнасцю перакрывалі рэчышча. Шчучынцы атрымалі сапраўдную асалоду ад часу, праведзенага па-за межамі горада -- на ўлонні амаль некранутай прыроды.
Увечары каманда спынілася на начлег у маляўнічым месцы, кожны змог атрымаць асалоду ад купання. Вечар адпачынку каля вогнішча падарожнікі напоўнілі музыкай і зносінамі. Вынікам першага дня стала смачная вячэра, прыгатаваная самімі ўдзельнікамі воднага паходу.
-- Сплаў на байдарках -- адно з самых удалых рашэнняў для летняга актыўнага адпачынку на прыродзе. Што можа быць лепш, чым у летні сонечны дзень выехаць усёй кампаніяй на чысты, і практычна бязлюдны вадаём, -- дзеліцца ўражаннямі Анастасія Міхалоўская. – Кожны сплаў -- гэта неверагодныя эмоцыі. Эмоцыі ад перашкод на вадзе і дружнага іх пераадолення, эмоцыі ад прыроды і, вядома, ад людзей. Людзей, якія ўмеюць жыць з задавальненнем і падарыць адзін аднаму атмасферу душэўнасці, адкрытасці, смеху і драйву.
На другі дзень удзельнікі воднага паходу вярнуліся дадому. Выхадныя атрымаліся запамінальнымі. А ўсё дзякуючы апантанасці саміх удзельнікаў, якія з ахвотай падарожнічаюць па родным краі. Галоўнае - каб падарожжа прынесла масу станоўчых эмоцый і запомнілася на ўсё жыццё.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Анастасіі МІХАЛОЎСКАЙ.