На гарадскім стадыёне “Алімп” прайшлі раённыя спаборніцтвы па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер”
На гарадскім стадыёне “Алімп” прайшлі раённыя спаборніцтвы па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер”. У іх прынялі ўдзел каля 150 спартсменаў, якія прадстаўлялі розныя навучальныя ўстановы раёна.
Юныя біятланісты спаборнічалі ў чатырох узроставых групах. Рабятам неабходна было прабегчы на лыжах тры кругі па 400 метраў і двойчы адстраляцца па мішэнях на агнявым рубяжы. У самай малодшай узроставай групе ў асабістым заліку лепш за ўсіх з пастаўленай задачай справіліся Павел Сосна з Вялікага Мажэйкава і Маргарыта Ківер з Васілішак.
– У верасні мінулага года я перавялася вучыцца з Васілішкаўскай СШ у Мажэйкаўскі дз/с-БШ, – гаворыць пяцікласніца Лера Гілевіч. – Трэнер Савелій Іосіфавіч Пачабут адразу запрыкмеціў мяне і ўгаварыў займацца стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі і хадзіць на лыжах. Я згадзілася і не пашкадавала! “Снежны снайпер” – маё першае сур’ёзнае спаборніцтва пасля шкаліяды. Даволі хутка прабегла адведзеныя тры кругi агульнай даўжынёй 1200 метраў і на агнявым рубяжы выбіла 5 ачкоў з 10. І хоць у тройку прызёраў не трапіла, зусім не засмуцілася, бо атрымала зарад бадзёрасці і пазітыву!
Самай маленькай удзельніцай лыжнай гонкі аказалася вучаніца 3 класа Орлеўскага дз/с-СШ Анастасія Дзявульская.
– Першы раз на лыжы стала некалькі дзён таму, – прызнаецца Анастасія. – Паспрабаваць свае сілы ў спаборніцтвах мяне ўгаварыў трэнер Уладзімір Уладзіміравіч Хэлскі. Я праехала 2 кругі па 400 метраў, і мне вельмі спадабалася! Буду хадзіць на лыжах і далей!
Сярод рабят 2007-2008 гадоў нараджэння не было роўных Арцёму Стэльмашку (Васілішкі) і Святлане Барысевіч (Вялікае Мажэйкава). У групе 15-16-гадовых падлеткаў пераможцамі сталі Іван Галавач (Вялікае Мажэйкава) і Ксенія Дубінец (Васілішкі). Сярод самых старэйшых біятланістаў мацнейшымі прызнаны васілішкаўскія спартсмены Арцём Мядкоўскі і Дар’я Васілеўская.
У агульнакамандным заліку ў гарадской групе прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: “золата” – у васілішкаўскай зборнай, ІІ і ІІІ месцы занялі адпаведна каманды СШ № 3 і гарадской гімназіі. У сельскай групе перамаглі біятланісты з Каменкі, у кроку ад іх спыніліся спартсмены з Першамайска і Ляшчанкі.
Сярод спартсменаў базавых школ не было роўных рабятам з Мажэйкаўскай, якія падчас спаборніцтваў прадэманстравалі высокі ўзровень майстэрства і не раз уздымаліся на першую прыступку п’едэстала.
Па выніках спаборніцтваў самыя хуткія і трапныя біятланісты ўключаны ў склад зборнай раёна і будуць абараняць гонар Шчучыншчыны на абласных спаборніцтвах у Навагрудку. Камандай, у якую ўвайшлі юныя спартсмены Мажэйкаўскага дз/с-БШ, Васілішкаўскай СШ, гімназіі і СШ № 3 г. Шчучына, кіруюць трэнеры Савелій Пачабут і Генрых Рушніцкі.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.