На днях у вёсцы Багушы, што ў Дэмбраўскім сельсавеце, адбыўся сельскі сход. Аб чым ішла гутарка з сяльчанамі?
Гэтыя словы паэта Анатоля Вярцінскага арганічна ўпляліся ў канву выступлення намесніка старшыні райвыканкама А.В. Пасюта перад жыхарамі вёскі Багушы, што ў Дэмбраўскім сельсавеце. Алена Васільеўна пранікліва гаварыла пра каштоўнасць чалавечага жыцця, пра сацыяльныя працэсы. якія адбываюцца сёння ў вёсцы, заклікала не быць пасіўнымі назіральнікамі ў справе навядзення парадку на роднай зямлі і клапаціцца пра тых, хто жыве побач.
Любая добрая справа, зробленая сёння, абавязкова прынясе карысць заўтра, звярнулася кіраўнік да тых, хто яе слухаў. А напрыканцы сваёй прамовы пажадала вяскоўцам: “Доўгага, шчаслівага і бяспечнага вам жыцця!”.
Было бачна, што словы намесніка старшыні райвыканкама знайшлі водгук у сэрцах, выклікалі да яе сімпатыю і давер. А.В. Пасюта расказала таксама аб развіцці сацыяльнай сферы раёна ў першым паўгоддзі бягучага года, адказала на пытанні людзей, выслухала іх просьбы і прапановы.
Дарэчы, невыпадкова быў зроблены акцэнт на тым, як важна берагчы жыццё і вывесці яго з-пад удару рознага роду негатыву, які яго ўкарочвае, а то і дачасна адбірае. Сельскі сход з удзелам прадстаўнікоў суб’ектаў прафілактыкі якраз і быў прысвечаны тэме бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва – папярэджанню пажараў, крымінальных праяў, надзвычайных здарэнняў, захворванняў і г.д. У адпаведным рэчышчы вялі размову усе, хто падыходзіў да мікрафона, у тым ліку і школьнікі – удзельнікі агітбрыгады.
Намеснік начальніка РАНС С.В. Якімовіч прывёў сумную статыстыку: сёлета ў раёне адбылося 46 пажараў, у агні загінулі 5 чалавек. Вясковых жанчын, якія прыйшлі на сход разам з дзецьмі і ўнукамі, не пакінулі раўнадушнымі прыведзеныя ім прыклады аб сур’ёзных наступствах дзіцячага свавольства з агнём. Апошні такі выпадак меў месца днямі ў вёсцы Балотнікі, паведаміў Сяргей Валер’евіч. Пакуль маці займалася хатнімі справамі, 5-гадовы сын узяў запалкі, пайшоў у хлеў і падпаліў салому. Пабудова згарэла. На шчасце, дзіця не пацярпела, хаця да вялікай бяды быў адзін крок. І такіх “вогненных” выпадкаў за апошнія тыдні было некалькі.
Позна разважаць і спачуваць, калі ўжо немагчыма вярнуць да жыцця чалавека. А вось своечасова працягнуць яму руку дапамогі, апавясціць раённыя службы пра ачагі недабрабыту ў вёсцы – тое, што належыць зрабіць, падкрэсліў прадстаўнік ратавальнай службы. І нагадаў прапісныя ісціны: напярэдадні зімы патрабуюць пільнага агляду печы і гарышчы, дзеці павінны клапаціцца пра бяспеку пажылых бацькоў і г.д.
Заклік паберагчы жыццё і канкрэтныя рэкамендацыі, як не дапусціць бяду на парог свайго дома, прагучалі на сельскім сходзе з вуснаў інспектара Энерганагляду С.М. Бабылёва, майстра Шчучынскага РГЗ А.М. Яцкевіч, участковага інспектара РАУС І.А. Отмахава. Загадчыца аддзялення ТЦСАН Ж.М. Несцер расказала пра меры сацыяльнай дапамогі, якія прымаюцца, каб засцерагчы, падтрымаць адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, інвалідаў і пажылых людзей. А загадчыца Дэмбраўскай урачэбнай амбулаторыі Ж.С. Амбрушкевіч дала добрыя парады па захаванні здароўя людзей, у прыватнасці, па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў, цукровага дыябету. А тое, што размова пра бяспеку жыццядзейнасці карысная менавіта для жыхароў вёскі Багушы, пацвердзіў старшыня Дэмбраўскага сельвыканкама М.М. Жогла, прыгадаўшы выпадкі гібелі землякоў на пажарах. І сёлета пытанні бяспекі на першым плане: аглядная камісія выявіла ў домаўладаннях жыхароў у гэтай і іншых вёсак 103 парушэнні. Праўда, больш за палавіну іх ужо выпраўлены, і старшыня спадзяецца, што гэта будзе прыкладам для іншых.
Сапраўды, варта пагадзіцца з паэтам, што жыццё даецца нам, каб адчуваць ад яго асалоду, а не марнаваць яго і нішчыць.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.