На днях у Орлеўскім сельсавеце прайшоў чарговы сельскі сход
На днях у Орлеўскім сельсавеце прайшоў чарговы сельскі сход, галоўнай тэмай якога, як і звычайна, стала бяспека людзей. У асенне-зімовы перыяд асабліва важна нагадаць вяскоўцам правілы бяспекі пры карыстанні пячным ацяпленнем, газавым і электрычным абсталяваннем, каб не дапусціць надзвычайных здарэнняў і гібелі людзей.
Сёлета на тэрыторыі сельсавета здарылася шэсць пажараў. Літаральна ў першы дзень кастрычніка ў агні загінуў 46-гадовы жыхар аграгарадка Орля. Мяркуемай прычынай гібелі чалавека стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Таму і было прынята рашэнне правесці шырокамаштабны сельскі сход менавіта ў гэтым рэгіёне.
Якая работа арганізавана на тэрыторыі сельсавета для забеспячэння бяспекі яго жыхароў? Пра гэта расказаў старшыня Орлеўскага сельвыканкама А.Г. Шэршань.
Следует знать!
Для выполнения электромонтажных работ, в том числе замены и ремонта электропроводки, можно обращаться в ОАО “Щучинэнерго” – 25-2-23, а также к ИП Королюку С.С. – МТС 8029 7886647.
Если вам необходимо отремонтировать печку или установить автономный пожарный извещатель, обращайтесь к специалистам добровольного пожарного общества – 28-7-39 или к начальнику участка Алексею Фёдоровичу Богомазову – 8044 5535035.
По вопросам замены газовых плит и другим, связанным с газовым хозяйством, можно обращаться в Щучинский район газообеспечения по телефону: 28-0-97.
– Сёлета члены агляднай камісіі правялі больш за 930 абследаванняў дамоў вяскоўцаў, у ходзе якіх у 54 дамах былі выяўлены парушэнні патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі, – паведаміў Андрэй Георгіевіч. – У дваццаці дамах яны ўжо ўхілены. Да грамадзян, якія ўваходзяць у так званую групу рызыкі, – нядобранадзейныя сем’і, асобы, што злоўжываюць спіртнымі напіткамі, адзінокія грамадзяне і іншыя – члены агляднай камісіі наведваліся неаднаразова. 16 пісьмаў былі накіраваны работнікамі сельвыканкама дарослым дзецям з просьбай дапамагчы непрацаздольным бацькам ухіліць парушэнні патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі. Дзевяць аналагічных пісьмаў былі адрасаваны арганізацыям.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу, начальнік Шчучынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.Д. Малюгін расказаў пра пажары, што адбыліся сёлета на тэрыторыі раёна, і падкрэсліў, што ў пераважнай большасці трагічных здарэнняў вінавата п’янства. Курэнне ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення становіцца прычынай людскіх бед і няшчасцяў. Аляксандр Дзмітрыевіч заклікаў берагчы сваё жыццё, ні ў якім разе не пакідаць дзяцей без нагляду, а таксама не выпускаць з поля зроку суседзяў, якія ўжываюць спіртныя напіткі. Начальнік Шчучынскага РАНС расказаў і аб тым, як карыстацца спецыяльна распрацаваным мабільным дадаткам “МНС Беларусі: дапамога побач”, а таксама нагадаў пра неабходнасць устаноўкі пажарных апавяшчальнікаў.
П’янства – галоўная прычына многіх сямейных праблем. Пра гэта і не толькі гаварыў у сваім выступленні начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Шчучынскага РАУС С.М. Асовік. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што менавіта спіртное затуманьвае свядомасць грамадзян, і яны паднімаюць руку на сваіх блізкіх, учыняюць злачынствы і правапарушэнні. У сувязі з гэтым ужо больш за сорак чалавек накіраваны на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый, каб пазбавіцца шкоднай звычкі.
Удзел у сельскім сходзе прымалі і школьнікі. Яны падрыхтавалі для дарослых выступленне на тэму пажарнай бяспекі, заклікалі іх быць пільнымі, каб пазбегнуць непрыемнасцей.
А ў школьным двары таксама сабралася дзятва. Сюды прыехалі пажарныя аварыйна-выратавальнага паста №11 з г.п. Жалудок. Выратавальнікі расказалі рабятам, як працуе пажарная машына, а таксама дазволілі пасядзець на месцы вадзіцеля ў кабіне і паспрабаваць патушыць пажар.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Лізаветы ОРСІК.