На базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі прайшоў Дзень поля

На базе Гродзенскага за­­наль­нага інстытута раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 24 чэрвеня па 2 ліпеня праходзяць Дні поля, таму сюды з’язджаюцца спецыялісты аграпрамысловага комплексу з усёй рэспублікі. У адным з такіх выязных мерапрыемстваў прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі, яго намеснік Анатолій Іванавіч Тодрык, а таксама кіраўнікі гаспадарак Шчучыншчыны і галоўныя аграномы.

 

 

-- Мы займаемся вырошчваннем 26 культур 268 сартоў на плошчы 1350 гектараў, -- зазначае дырэктар Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Сяргей Мікалаевіч Шэўчык. – Толькі за апошнія два гады правялі меліярацыю на 110 гектарах зямлі, якія таксама ўключылі ў севазварот. Сёлета плануем прывесці ў належны стан яшчэ 60 гектараў. Праводзім экалагічныя, дэманстрацыйныя і рэгістрацыйныя вопыты і актыўна ўкараняем перадавыя тэхналогіі.

 

У гэтым удзельнікі сустрэчы пераканаліся самі, калі аб’ехалі палеткі, якія апрацоўваюць навукоўцы. Многія былі ўражаны выдатнымі ўсходамі азімых і яравых зерневых культур. Аграрыяў таксама зацікавілі перспектыўныя сарты кармавых бабоў і гароху аўстрыйскай і нямецкай селекцыі. Не засталіся па-за ўвагай вопытныя закладкі злакава-бабовых травастояў. Было што паглядзець і на бульбяных палетках.

 

 

-- За апошнія 4 гады мы павялічылі плошчу пад бульбу амаль у два разы, і цяпер гэта культура ў нас займае 125 гектараў, -- гаворыць загадчыца аддзела бульбаводства занальнага інстытута Ніна Аляксандраўна Хох. – Вырошчваем 15 сартоў бульбы, з якіх 11 зможам прапанаваць для пасадкі ў наступным годзе.

 

Сельскагаспадарчым арганізацыям і фермерскім гаспадаркам рэалізоўваем папулярныя сарты “скарб”, “брыз”, “журавінка”, “уладар”, “Янка”, “вектар” і іншыя. Акрамя таго, сумесна з калегамі з Польшчы пачалі рэкультываваць высокаўраджайны сталовы сорт “авацыя”, які вызначаецца выдатнымі смакавымі ўласцівасцямі, добрым таварным выглядам і высокай устойлівасцю да хвароб і засухі. Дарэчы, наш інстытут мае эксклюзіўнае права на вытворчасць пасадачнага матэрыялу “авацыі” ў рэспубліцы. Таксама актыўна займаемся развядзеннем айчыннага сталовага сорту бульбы “першацвет”, які характарызуецца раннім клубнеўтварэннем і высокай ураджайнасцю. Усе гадавальнікі размножвання размешчаны на палетках, дзе загадзя была праведзена сепарацыя ад камення. Прымянілі нямецка-галандскую тэхналогію, згодна з якой барозны знаходзяцца на адлегласці 75 сантыметраў адна ад адной, а насенныя клубні змяшчаюцца ў сярэдзіну грэбеня. Такім чынам бульба не гніе падчас ліўняў і не перасыхае ў спёку.

 

 

Навукоўцы паказалі і свой яблыневы сад, які раскінуўся на плошчы 53 гектары. 16 гектараў тут займаюць маладзенькія яблынькі, пасаджаныя летась па інтэнсіўнай тэхналогіі: шчыльнасць пасадкі складае 2238 дрэў на гектар.

 

-- Пры закладцы маладога саду зрабілі стаўку на саджанцы новай польскай селекцыі гатунку “джонаголд”, плады якіх чырвоныя, з цвёрдай лупінай, таму маюць выдатны таварны від, -- дзеліцца выконваючая абавязкі загадчыка аддзела садаводства Іна Аляксандраўна Сінкевіч. -- Саджанцы падвязалі да бамбуку і падрэзалі такім чынам, каб яблыкі раслі ўздоўж ствала. Сёлета плануем атрымаць тут 20-30 тон салодкага ўраджаю з кожнага гектара. Таксама вырошчваем папулярныя сарты айчыннай селекцыі, такія як “сябрына”, “Алеся”, “дыямант”  і іншыя. У нас ёсць свой гадавальнік плошчай 2 гектары, у якім налічваецца 40000 саджанцаў розных садовых дрэў, у тым ліку грушы і чарэшні. Матачнік у інстытуце займае гектар.
Удзельнікі сустрэчы яшчэ доўга не адпускалі навукоўцаў: раіліся наконт тэхналогій вырошчвання розных культур, цікавіліся новымі сартамі і іх уласцівасцямі, пераймалі каштоўны вопыт. Усё для таго, каб павысіць культуру земляробства і вырасціць багаты ўраджай.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК. 

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!