Мысліць стратэгічна. Шчучынцы распрацоўваюць праект канцэпцыі Стратэгіі развіцця раёна на бліжэйшыя 15 год

 

Бадай, неспакушанаму навічку гэтыя людзі могуць падацца летуценнікамі і рамантыкамі. Яны распрацоўваюць Стратэгію ўстойлівага развіцця Шчучынскага раёна да 2035 года! Вось і на чарговай канферэнцыі прэзентавалі і горача абмяркоўвалі праект канцэпцыі.

 

Аднак будучы дакумент нараджаецца ў нетрах грамадзянскага грамадства не на голым месцы. Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта падрабязна пазнаёміла прысутных з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучынскага раёна. Створанае эканамічнае плато ўражвае сваёй устойлівасцю. На ім сапраўды можна ўпэўнена будаваць будучыню.

 

 

У канферэнц-зале гімназіі сабраліся сапраўдныя энтузіясты – нераўнадушныя, апантаныя ідэямі людзі з самых розных куточкаў раёна: настаўнікі, творчая інтэлігенцыя, людзі бізнесу, прадстаўнікі арганізацый-партнёраў. Каардынатар Вольга Гудзень прадставіла на суд аднадумцаў і экспертаў “Праект канцэпцыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Шчучынскага раёна да 2035 года”. Лідары тэматычных груп дапоўнілі яе выступленне кожны па сваіх напрамках. Напрыклад, кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Лапішкі-Агра” Валерый Адашчык разам са сваімі таварышамі сур’ёзна адпрацаваў варыянты пераходу на зялёную эканоміку, арганічнае земляробства, рацыянальнае абыходжанне з адходамі. Многія з прапаноў на шчучынскай зямлі ўжо ажыццяўляюцца. Сонечныя электрастанцыі, распачатая рэканструкцыя гарадскіх ачышчальных збудаванняў, узвядзенне ў Шчучыне сучаснай кацельні на мясцовых відах паліва – усё гэта рэаліі дня сённяшняга, якія даюць добрыя стасункі для далейшых экалагічных праектаў.

 

У тым, што прадпрымальніцкая дзейнасць павінна цесна пераплятацца з сацыяльнай адказнасцю, перакананы Ігар Чарнякоў -- старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі прадпрымальніцтва, якая, дарэчы, зарэгістравана менавіта ў  Шчучыне. Невыпадкова наш раён тройчы быў пераможцам рэспубліканскага конкурсу як адзін з самых спрыяльных асяродкаў для развіцця бізнесу. Гэткі салідны стартап нельга не памножыць, а таму Ігар Уладзіміравіч назваў адной з тактычных мэт узначальваемай ім групы навучанне моладзі і падлеткаў азам прадпрымальніцтва, стварэнне школьных бізнес-кампаній і многае іншае.

 

 

Багата канструктыўных прапаноў, якія тычацца турызму і брэндынгу тэрыторый, адукацыі, сацыяльнага развіцця і стымулявання дастойнага доўгажыхарства, роўных магчымасцей для ўсіх слаёў грамадства і розных пакаленняў, уносілі і іншыя ўдзельнікі канферэнцыі. Іх ініцыятыўнасць і канструктыўныя падыходы высока ацанілі эксперты, якія сачылі за ходам дыскусій у рэжыме онлайн і не раз давалі слушныя парады. У прыватнасці, Соф’я Савелава – эксперт асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, а наш зямляк Франц Мамуль – рэгіянальны прадстаўнік Праграмы падтрымкі Беларусі, што рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (Германія). Наперадзе – новыя сустрэчы, дыскусіі, карэктывы праекта і далейшая карпатлівая праца над гэтым пакуль нязвыклым для нас дакументам -- Стратэгіяй устойлівага развіцця рэгіёна. Аднак дакладна і ўзважана распісаўшы свае мэты і задачы, мы больш паспяхова зможам укараніць іх у жыццё. Галоўнае, што сваю будучыню мы будуем разам і ўлічваем пункт гледжання кожнага неабыякавага грамадзяніна.  

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!