Музычная віктарына “Мелатрэк” выявіла лепшых знаўцаў музыкі ў Шчучынскай ЦРБ

 

У Шчучынскай ЦРБ добрай традыцыяй стала правядзенне музычнай віктарыны “Мелатрэк”. Так, летась мерапрыемства было прысвечана Міжнароднаму дню жанчын і Дню абаронцаў Айчыны, сёлета музычны квэст прымеркавалі да Тыдня бацькоўскай любові.

 

Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам “Мелатрэка” з’яўляецца маладая сям’я ўрачоў Эдуарда і Ангеліны Нікольскіх. Яшчэ ў студэнцтве яны актыўна бралі ўдзел у музычных віктарынах. А цяпер вырашылі перанесці гэтую цудоўную традыцыю і на працоўны калектыў Шчучынскай ЦРБ.

 

 

– Яшчэ падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце мы ўдзельнічалі ў падобных віктарынах, – расказвае Эдуард Нікольскі. – За аснову ўзята папулярная раней перадача “Адгадай мелодыю”. Спачатку гучыць частка мелодыі з песні, а ўдзельнікі павінны адгадаць назву кампазіцыі ці яе аўтара, альбо фільм ці шоу, у якім яна выкарыстоўвалася. Удзельнікі мерапрыемства – работнікі нашай ЦРБ розных узростаў. На маю думку, падобныя імпрэзы аб’ядноўваюць калектыў, дапамагаюць расслабіцца пасля працы і добра правесці час.

 

 

Сама віктарына складалася з шасці розных па задуме тураў. Спачатку ўдзельнікі павінны былі расставіць назвы адгаданых песняў у алфавітнай паслядоўнасці. Усім спадабаўся тур з мелодыямі з сямейных фільмаў і мультфільмаў. Асобны тур быў прысвечаны старым папулярным музычным рэкламам. Таксама трэба было адгадаць тэлеперадачу па фрагментах мелодыі з застаўкі. Яшчэ каманды паспаборнічалі ў ведах пра легендарныя хіты дзевяностых і нулявых. У заключным туры трэба было адгадаць песню па эмодзі-іконках.

 

 

Адзначым, што ў рэпертуары віктарыны былі як сучасныя трэкі, так і песні мінулых гадоў. Таму розныя пакаленні работнікаў ЦРБ былі ў роўным становішчы.

 

Вясёлая атмасфера сяброўскага спаборніцтва напаўняла канферэнц-залу ЦРБ, дзе і размясціліся знаўцы музыкі. Смех, актыўныя роздумы і камандная работа зрабілі час, праведзены ў кампаніі калег, непаўторным. Акрамя таго, для кожнай з чатырох каманд быў арганізаваны салодкі стол, таму выконваць заданні і набіраць конкурсныя балы можна было пад кубачак гарбаты са слодычамі. Вясёлую конкурсную праграму разбавілі музычныя нумары.

 

 

Пераможцы віктарыны маладыя ўрачы Юлія Дашкевіч, Маргарыта Кудэрка, Іван Іодчык, Юлія Медушэўская, Вікторыя Шукала і Анастасія Пасячнік атрымалі падарункі ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Аднак галоўным здабыткам дня сталі не прызы, а цудоўныя эмоцыі і атмасфера сяброўства. Усе ўдзельнікі засталіся ў задавальненні ад мерапрыемства, а гэта значыць, што добрая традыцыя працягнецца і на наступны год.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!