Моладзь робіць свой выбар. Фельчар-лабарант Шчучынскай ЦРБ Алена Дзярачэнік расказала, як прайшло першае ў яе жыцці галасаванне

 

На Шчучыншчыне праходзіць датэрміновае галасаванне. Правам аддаць свой голас за кандыдатаў у дэпутаты актыўна карыстаецца як сталае пакаленне, так і моладзь. Дарэчы, шмат юнакоў і дзяўчат, якія ўпершыню бяруць удзел у электаральнай кампаніі. Да такіх адносіцца і Алена Дзярачэнік, якая нядаўна датэрмінова прагаласавала на Заводскім ўчастку № 24, што размяшчаецца ў інтэрнаце Шчучынскага завода “Аўтапровад”.

 

– На выбары ішла ведаючы, за каго аддам свой голас, бо да гэтага падрабязна азнаёмілася са спісамі кандыдатаў у дэпутаты, – расказвае Алена. – Галасую ў першы раз, таму крыху хвалявалася, але ветлівыя члены выбарчай камісіі ўсё добра растлумачылі, таму працэдура прайшла камфортна і зразумела. Я працую фельчарам-лабарантам у Шчучынскай ЦРБ, і так атрымалася, што ў адзіны дзень галасавання 25 лютага ў мяне будзе рабочая змена. Таму вельмі добра, што ёсць магчымасць прагаласаваць датэрмінова.

 

 

Прыемным падарункам для Алены стаў экзэмпляр Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтую кнігу на участках для галасавання дораць усім, хто ўпершыню прымае ўдзел у галасаванні.

 

 

Як адзначаюць члены выбарчай камісіі Заводскага ўчастка для галасавання № 24, моладзь актыўна карыстаецца правам на датэрміновае галасаванне. Абстаноўка на ўчастку спакойная, галасаванне праходзіць у поўнай адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!