Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч наведаў ГрДУ імя Янкі Купалы

Аляксандр Карлюкевіч сустрэўся з выкладчыкамі ў рамках адзінага дня інфармавання. У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч і рэктар купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. 
Тэмы сустрэчы датычылі пытанняў нацыянальнай бяспекі, а таксама – iнфармацыйнай палітыкі ў краіне. Аляксандр Карлюкевіч прапанаваў пабудаваць дыялог у пашыраным фармаце. 
Міністр падкрэсліў, што сёння рэдакцыя кожнага СМІ павінна быць медыйным, камунікатыўным цэнтрам і скарыстаць самыя розныя фарматы адносін з чытачом – не толькі на паперы, але і, перш за ўсё, у сацыяльных сетках.  
Адказваючы на пытанне падрыхтоўкі будучых журналістаў, міністр звярнуў увагу на тое, што ў фармаце праграм павінна быць як мага больш практычных заняткаў. 
-    Галоўнае – навучыць студэнтаў тэхналогіям. Гэта павінны рабіць выкладчыкі, практыкуючыя журналісты, якія маюць вялікі досвед. А веды, якія журналіст хоча атрымаць, каб быць прафесіяналам, ён павінен шукаць самастойна, – дадаў міністр. 
Дарэчы, у купалаўскага ўніверсітэта ёсць багаты вопыт: на базе абласной газеты “Гродзенская праўда”, абласнога і гарадскога тэлебачання адкрыты філіялы кафедры журналістыкі. 
Задалі міністру пытанне і пра тое, як сучаснай газеце ўтрымаць чытача. 
– Газета – гэта сродак зносін рэдакцыі з чытачом. Каб аўдыторыя ў газеты была сталай, трэба ствараць матэрыялы, цікавыя чытачу. У прыватнасці, аналітычныя, падымаць тэмы актуальныя, казаць пра сур'ёзныя з'явы, – адзначыў Аляксандр Карлюкевіч. – Газета павінна не інфармаваць, а расказваць, даваць ацэнку, прадстаўляць думку. Добрая ў гэтым сэнсе аўтарская калумністыка. Тады газета будзе цікавай. 

Фото Арцёма ТУРЛАЯ. Служба iнфармацыi «ГП».

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!