Мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў прайшло ў Астрынскай сярэдняй школе

У Астрынскай сярэдняй школе імя Цёткі прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. З 2003 года піянерская дружына школы носіць імя Дзмітрыя Удота, выпускніка школы, які ў 1987 годзе загінуў у Афганістане. Калісьці гэта была і мая дружына...

У актавай зале школы сабраліся не толькі піянеры і педагогі, але і ветэраны афганскай вайны. Дружына раўняецца, піянеры ўносяць чырвоны сцяг. Пасля здачы рапартаў аб гатоўнасці атрадаў, дружына імя Дзмітрыя Удота адкрывае свой збор, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Са сцэны хлопцы расказваюць пра тое, што памятаюць пра сучаснікаў, якія прайшлі вогненныя вёрсты вайны, пра тых, хто жыве побач і каго няма ў жывых. У памяць аб земляку Дзмітрыю і воінах, якія не вярнуліся з той вайны, піянеры запальваюць свечкі, метраном адлічвае хвіліну маўчання ....

Падчас сустрэчы было ўсё: светлыя вершы і кранальныя песні ў выкананні Івана Бабіцкага, кветкі воінам і ўспаміны.

 Ветэран вайны ў Афганістане Мар'ян Дзежыц з цяжкасцю гаварыў пра тыя далёкія-блізкія гады, праведзеные удалечыні ад радзімы. Усе разумелі: за недамоўленымі словамі -- боль страт і жах вайны...

Воінаў-інтэрнацыяналістаў у Астрыне ўсе добра ведаюць -- М.М. Максімовіч, Р.І. Копць, У.А. Бандарцоў, М.М. Кавальчук, П.А. Антановіч, Д.М. Амяляшка, В.А. Манкевіч, П.М. Тарасевіч, А.М. Гардзейчык, М.М. Ханевіч, В.В. Лебядзевіч, В.А. Ярмак...

 Юбілейныя медалі тым, хто прыйшоў на сустрэчу, уручыў ваенны камісар Шчучынскага РВК А.Г. Гайдук.

Простыя хлопцы, якія прыбылі з усіх былых савецкіх рэспублік для праходжання вайсковай службы, не падазравалі, што стануць відавочцамі і ўдзельнікамі той вайны. Сярод іх быў і Дзмітрый Удот. За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку наш зямляк быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За мужнасць». Дзмітрый пражыў усяго 20 гадоў. На Радзіму вяртаўся грузам «200», але паспеў стаць салдатам з вялікай літары, які пакінуў у сэрцах людзей светлую памяць пра сябе.

У гарадскім пасёлку Астрына няма помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Але побач на могілках ёсць магіла воіна-інтэрнацыяналіста Дзмітрыя Удота. Кожны год у памятны дзень там збіраюцца тыя, каму дарагая памяць аб загінуўшых у той вайне. Пакуль мы памятаем, мы жывём.

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!