Менш не будзе. Што змяняецца ў зарплаце бюджэтнікаў з ліпеня?

 

З 1 ліпеня ўступілі ў сілу змены ў аплаце працы работнікаў бюджэтнай сферы. У чым іх сутнасць і як гэта адаб'ецца на нашых даходах? Пра гэта нам расказала намеснік начальніка ўпраўлення аплаты працы ў бюджэтнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Лук'янчыкава.

 

— Таццяна Анатольеўна, з чым звязана ўвядзенне змен у аплаце працы?

 

— У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, у 2020 годзе была створана рабочая група па пытаннях рэалізацыі Указа Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 г. № 27. У яе склад увайшлі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Рабочай групай была праведзена аналітычная праца, у тым ліку з выездам на месцы, накіраваная на вырашэнне праблемных пытанняў, якія ўзніклі ў арганізацыях пры прымяненні нормаў Указа № 27.

 

Падчас названай працы неаднаразова ўказвалася на фактычную страту стымуляцыйнай функцыі прэміі, паколькі Указам № 27 вызначана, што на яе выплату накіроўваюцца сродкі ў памеры пяць працэнтаў ад сум акладаў работнікаў, а нявыкарыстаныя сродкі, прадугледжаныя на аплату працы, накіроўваюцца на прызначэнне стымуляцыйных, акрамя прэміі, і кампенсацыйных выплат.

 

Гэта прывяло да неабходнасці ўстанаўлення дзяржаўнымі органамі надбавак, якія дублююць функцыі прэміі. Але, як вядома, і работнікам, і кіраўнікам арганізацый больш зразумела і звыкла матэрыяльнае стымуляванне з улікам ацэнкі вынікаў штомесячнай працы з выкарыстаннем прэміі ў больш высокіх памерах.

 

На падставе прапаноў рабочай групы выдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2020 г. № 482, якім унесены змяненні ва Указ № 27.

 

— Што ўсё ж такі зменіцца ў нашых зарплатах, якія мы атрымаем ужо за ліпень?

 

— У адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы, з 1 ліпеня 2021 года на прэміраванне работнікаў бюджэтных арганізацый будуць накіроўвацца сродкі ў памеры 20 % ад сумы іх акладу. Нагадаю, што да 1 ліпеня на прэміраванне накіроўваліся сродкі ў памеры 5 % ад сумы акладу работнікаў. У гэтай сувязі варта асабліва звярнуць увагу, што дадзеная мера не накіравана на павышэнне зарплаты бюджэтнікаў. Павелічэнне прэміравання будзе ажыццяўляцца ў межах бюджэтных асігнаванняў, якія прадугледжаны на бягучы год. Гэта значыць, што адбудзецца пераразмеркаванне паміж элементамі заработнай платы шляхам карэкціроўкі памераў асобных стымуляцыйных выплат. Важным новаўвядзеннем з'яўляецца таксама тое, што на прэміраванне будуць накіроўвацца і нявыкарыстаныя сродкі, прадугледжаныя на аплату працы.

 

— Многія апасаюцца, што зарплата стане меншай...

 

— Адназначна меншай яна не стане. Прадугледжаныя карэкціроўкі стымуляцыйных выплат ні ў якім разе не павінны прывесці да памяншэння заработнай платы работнікаў, што было ўстаноўлена да 1 ліпеня 2021 года. Натуральна, пры ўмовах аднолькавай працягласці рабочага часу, роўнай напружанасці, якасці працы і пры іншых умовах.

 

— Ці ёсць мяжа прэмій?

 

— Нормы ўказа накіраваны на ўзмацненне ролі прэмій у аб'ёме стымуляцыйных выплат работніка. Тым самым будзе павышацца матывацыя работніка на добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў. Што датычыцца памеру прэмій, то указам вызначаны толькі аб'ём сродкаў, якія накіроўваюцца на прэміраванне. А канкрэтны памер прэміі вызначаецца ў адпаведнасці з палажэннем, якое зацвярджае кіраўнік бюджэтнай арганізацыі. Гэта значыць, усё залежыць ад работніка і якасці работы, якая выконваецца.

 

— Якую колькасць работнікаў закрануць гэтыя навацыі?

 

— Каля 800 тысяч работнікаў бюджэтнай сферы. Прычым закрануць яны кожнага работніка. Бо прэмія — гэта асноўны від выплаты, і ён ёсць у кожнага.

 

— Мяркуецца павялічыць і дапамогу да адпачынку. Тыя, хто плануе яго ў жніўні, ці могуць разлічваць на новую суму?

 

— Сапраўды, указам прадугледжана яшчэ адна прыемная для работніка мера — гэта павелічэнне аднаразовай выплаты на аздараўленне з 0,5 да аднаго акладу. Але гэта мера прадугледжана з 1 студзеня 2022 года. Сёлета дзейнічае ранейшы памер аднаразовай выплаты на аздараўленне — 0,5 ад акладу работніка.

 

Паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у бягучым годзе назіраецца апераджальны рост тэмпаў заработнай платы бюджэтнікаў у параўнанні з ростам заработнай платы па краіне ў цэлым. У работнікаў бюджэтнай сферы ён складае 117 %, пры тым што ў цэлым па краіне за студзень — май заработная плата вырасла на 115 % . Суадносіны заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы да сярэднерэспубліканскага ўзроўню складаюць каля 81 %.

 

Асноўную ўвагу ў міністэрстве, у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, удзяляюць заработнай плаце педагагічных работнікаў, у тым ліку настаўнікаў, а таксама медыцынскіх работнікаў — урачоў і сярэдняга медыцынскага персаналу. Да 2025 года суадносіны заработнай платы педагагічных работнікаў да заработнай платы па краіне павінны скласці 100 %, урачоў — 150 %.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!