Машыны беларускай вытворчасці застаюцца даступнымі

Кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб падаўжэнні праграмы крэдытавання грамадзян Беларусі на набыццё айчынных легкавых аўтамабіляў BELGEE. Указ падпісаны 28 студзеня.
Гэтае рашэнне дасць магчымасць людзям з сярэднім дастаткам — найбольш шматлікай і працаздольнай частцы насельніцтва краіны — ездзіць на новых машынах.
Так, на ўнутраным рынку за час існавання праграмы крэдытавання ёй скарысталіся больш як 33 тысячы фізічных асоб. Усяго ў Беларусі было прададзена больш за 70 тысяч аўтамабіляў вытворчасці СЗАТ «БЕЛДЖЫ».
Летась з канвеера завода сышло больш за 90 тысяч аўтамабіляў, з якіх звыш за 25 тысяч было прададзена ў Беларусі, распавяла намеснік дырэктара па маркетынгу і продажах СЗАТ «БЕЛДЖЫ» Наталля Харкова. Сёлета плануецца выпуск больш чым 30 тысяч аўтамабіляў для беларускага рынку, або на 10–15 % больш, чым у 2024-м. Прычына — высокі попыт на айчынным рынку, удакладнілі на прадпрыемстве.
Сапраўды беларускі
Выгадныя механізмы крэдытавання называлі адным з фактараў росту продажаў новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў 2024-м. Нагадаем, што па выніках першага паўгоддзя мінулага года продажы новых легкавых аўтамабіляў у краіне выраслі амаль у 2,5 раза. Аўтамабільная асацыяцыя «БАА» адзначала павелічэнне продажаў легкавых аўтамабіляў і ў канцы мінулага года: у кастрычніку новенькіх аўто было прададзена каля 5 тысяч — амаль на сем сотняў болей, чым у верасні. Калі казаць менавіта пра аўтамабілі вытворчасці СЗАТ «БЕЛДЖЫ», то ўсяго на сёння ў Беларусі іх прададзена больш чым 70 тысяч. Праграмай крэдытавання за час яе дзеяння скарысталася больш як 33 тыс. фізічных асоб, якія і набылі практычна 50 % ад агульнага аб’ёму прададзеных на беларускім рынку айчынных аўтамабіляў. Тэрмін дзеяння праграм беларускіх банкаў па крэдытаванні на набыццё аўтамабіляў Belgee і Geely завяршыўся ў апошні дзень 2024 года, і практычна ўвесь студзень пакупнікі маглі разлічваць толькі на акцыі і зніжкі непасрэдна ад вытворцы. Ці прадоўжыцца крэдытаванне ў 2025-м, было незразумела: разлічаны гэты механізм быў на павышэнне спажывецкага попыту, а попыт гэты сёння ўжо высокі. Але дзякуючы рашэнню кіраўніка дзяржавы праграма крэдытавання банкамі фізічных асоб на набыццё айчынных аўто аднаўляецца.
— Распаўсюджваецца яна ў 2025 годзе толькі на набыццё аўтамабіляў Belgee. Аўтамабілі Geely праграма крэдытавання не закранае. Гэта асноўнае адрозненне, — адзначыла намеснік дырэктара па маркетынгу і продажах СЗАТ «БЕЛДЖЫ».
Яна падкрэсліла, што Belgee — сапраўды беларускае аўто, пачынаючы ад назвы брэнда і заканчваючы вытворчасцю.
Што выбірае пакупнік?
Калі паразважаць пра перавагі пакупнікоў, то назваць канкрэтныя мадэлі-фаварыты не атрымаецца:
— Кожны аўтамабіль арыентаваны на свой спажывецкі сегмент, — патлумачыла Наталля Харкова. — Часцей сёння пакупнікі аддаюць перавагу красоверам, але ёсць і аматары седанаў.
Яна адзначыла, што, хаця большасць аддае перавагу аўтаматычнай каробцы перадач, нямала і тых, хто верны праверанай часам «механіцы» — і сярод аўтамабіляў BELGEE знойдуць мадэль па сэрцы і першыя, і другія. У дылерскіх цэнтрах BELGEE «самым народным», найбольш запатрабаваным пакупнікамі, называюць красовер BELGEE Х50.
Што датычыцца першага беларускага электрамабіля BelGee EX50, то яго серыйная вытворчасць пакуль не распачата, сабраны толькі доследныя ўзоры. Мадэль чакаюць этапы тэхнічных выпрабаванняў і камерцыялізацыі, распавяла Наталля Харкова. Спецыяліст адзначыла, што па якасці электрамабіль (красовер на базе Geely Coolray) будзе канкурэнтаздольны ў адносінах да тых, якія ездзяць сёння па дарогах Беларусі — а электрамабілі хутка набіраюць папулярнасць у нашай краіне. Важна дамагчыся, каб BelGee EX50 быў таксама канкурэнтны па цане.
Нагадаем, што стаўкі па крэдытах на машыны BELGEE складалі ў мінулым годзе па зноў выдадзеных крэдытах ад 7,15 да 7,88% (у залежнасці ад банка) у першыя тры гады, а пазней — з павышэннем да стаўкі рэфінансавання (9,5 %) плюс 3 %. А максімальны тэрмін крэдыту складаў 10 гадоў.
Тым часам
Сітуацыя на глабальным аўтамабільным рынку далёкая ад аптымізму
Еўрасаюз. Аўтамабільная прамысловасць займае важнае месца ў эканоміцы ЕС, яе аб’ём складае 7 % ад агульнага ВУП. У Германіі працуюць 42 аўтазаводы, у Францыі — 31, у Італіі — 23, у Іспаніі — 17. У еўрапейскай аўтапрамысловасці працуюць каля 12,7 млн чалавек, гэта каля 6,6 % ад усёй занятасці ў Еўрасаюзе. У 2024 годзе спад у галіне склаў 6,5 % у параўнанні з 2023 годам. Па даных Еўрапейскай федэрацыі вытворцаў жалеза і сталі на еўрапейскім кантыненце ў 2025 годзе чакаецца нязначны аднаўленчы рост да 1,9 % у гадавым вырашэнні. Попыт застанецца слабым да таго часу, пакуль істотна не палепшыцца макраэканамічная сітуацыя і не павысяцца даходы спажыўцоў.
ЗША. У аўтапраме ЗША дамінуе так званая «Вялікая дэтройцкая тройка» — тры найбуйнейшыя амерыканскія аўтамабілебудаўнічыя кампаніі, якія базіруюцца ў горадзе Дэтройт альбо ў непасрэднай блізкасці ад яго, — General Motors, Ford Motor Company і Stellantіs. У цяперашні час ЗША займаюць другое месца сярод найбуйнейшых вытворцаў аўтамабіляў у свеце. Штогод амерыканскія вытворцы выпускаюць 8-10 млн аўтамабіляў.
У галіне непасрэдна занята больш за 1,7 млн чалавек, якія ствараюць 2/5 ад усёй прамысловай прадукцыі (па кошце). Паводле даных Нацыянальнай асацыяцыі амерыканскіх аўтадылераў, на канец 2024 года продаж новых легкавых аўто склаў 15,7 млн. Гэта амаль на 2 млн менш, чым было прададзена ў рэкордны 2016-ы, і на 5,3 млн больш, чым у правальны 2009-ы. Выручка на рынку легкавых аўтамабіляў у 2024 годзе дасягне 842,9 млрд долараў ЗША.
КНР. Кітайскі аўтарынак займае лідарскія пазіцыі ў свеце, забяспечваючы прыблізна 30 % глабальных продажаў аўтамабіляў і больш за 75 % сусветнага аб’ёму рэалізацыі электрамабіляў. У краіне налічваецца больш за 80 аўтамабільных кампаній. Але дамінантную ролю займаюць ТОП-10 найбуйнейшых аўтавытворцаў (SAІC, FAW, BYD, Changan, GAC, Dongfeng, BAІC, Chery, Geely і Great Wall). З адкрытых крыніц вынікае, што прыкладна на 10 % ВУП Кітая забяспечваецца менавіта аўтамабільнай прамысловасцю — гэта каля 1,77 трлн долараў. Па ацэнцы Кітайскай асацыяцыі аўтавытворцаў вытворчасць аўтамабіляў у Кітаі па выніках 2024 года павялічылася на 3,7 % — да 31,282 млн. Экспартавана 5,859 млн машын, што на 19,3 % больш, чым годам раней. З іх 4,955 млн склалі легкавушкі (плюс 19,7 %), а 904 тыс. прыпала на камерцыйны транспарт (плюс 17,5 %). У 2025 годзе чакаецца, што продажы аўтамабіляў у КНР дасягнуць 32,9 млн (павышэнне на 4,7 %), з якіх 16 млн будуць складаць аўтамабілі на новых крыніцах энергіі (NEV) (рост на 24,4 %).