Магія палотнаў Віктара Нікіты. У цэнтры культуры адкрылася новая выстава карцін

 

Храм, што дыхае мурамі стагоддзяў, мудрая чарапаха, неверагодныя нацюрморты, з якіх “прарастаюць” разам з бульбянымі парасткамі ў дзедаўскім кашы нашы думкі аб спрадвечных духоўных каштоўнасцях, поклічы продкаў, гістарычнай памяці. У жывапісных кампазіцыях Віктара Нікіты – свабода пластычнага выяўлення, інтэрпрэтацыя традыцыйных жанраў у рэчышчы сучасных візуальных тэндэнцый. Зразумела, да нас у Шчучын “прыехала” ўсяго невялікая частка яго работ, каб здзівіць, парадаваць, прымусіць задумацца аб чымсьці надзвычай важным для кожнага чалавека -- сваіх вытоках, сваім унутраным “я”…

 

У чацвер у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося адкрыццё выставы карцін ураджэнца горада Гродна Віктара Нікіты. Зараз ён жыве ў Мінску, працуе ў Інстытуце сучасных ведаў, а раней выкладаў на кафедры графікі ў Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, перадаючы свой унікальны вопыт маладому пакаленню беларускіх творцаў. Работы майстра займаюць пачэснае месца ў Нацыянальным мастацкім музеі і Музеі сучаснага мастацтва, у фондах Беларускага саюза мастакоў, літаратурных музеях Я.Коласа, Я.Купалы, А.Міцкевіча, у Расійскай акадэміі мастацтваў, а таксама ў прыватных калекцыях Расіі, Швейцарыі, Германіі, Кітаі, іншых краін. І вось для нас, жыхароў невялікага гарадка, таксама прадстаўляецца магчымасць увачавідкі пабачыць і самім ацаніць арыгінальныя палотны!

 

 

Вядучая імпрэзы Віталіна Панімаш перадае мікрафон старшыні грамадскага аб’яднання культуры і мастацтва Сяргею Далгарукаву.

 

-- Наша грамадская супольнасць ставіць перад сабой задачу як мага шырэй папулярызаваць творчасць беларускіх мастакоў. Нам ёсць што паказаць і чым ганарыцца. У Шчучыне гэта ўжо шостая па ліку выстава, -- падкрэсліў Сяргей Валяр’янавіч. --  Творчыя работы аўтара, з якім мы вас знаёмім сёння, адметныя і сваёй камбінаванай тэхнікай выканання, і ўнікальнай манерай, што сінтазуе рэльефнасць скульптуры, лаканізм графікі, жывапісную спадчыну розных часоў і стыляў.

 

 

Дарэчы, Віктар Нікіта прымаў удзел у замежных выставах беларускай графікі ў Грэцыі, Францыі, Эфіопіі, Польшчы, Балгарыі, Расіі, Украіне. Ён адзначаны шэрагам усесаюзных і рэспубліканскіх дыпломаў. А яшчэ яго ілюстрацыі мы з вамі маглі бачыць на старонках любімых твораў, бо да ўсяго гэты мастак паспяхова працуе і ў галіне кніжнай графікі.

 

Госці вернісажу з  непадробнай цікавасцю разглядалі карціны, што ўражваюць і прыцягваюць адначасова, здзіўляюць творчым эксперыментам і глыбокай асацыятыўнасцю. Многія з наведвальнікаў не хавалі эмоцый.

 

-- Я вось думаю, адкуль гэты чалавек чэрпае такія нетрывіяльныя ідэі? Як увогуле зараджаюцца гэткія непрадказальныя вобразы? А яшчэ ж патрэбна майстэрства і агромністая праца, каб ажыццявіць задуманае! – дзеліцца сваімі пачуццямі жыхарка Шчучына Валянціна Нікольнікава.

 

 

-- Стараюся не прапускаць ніводнага з такіх мерапрыемстваў. Гэта для мяне як аддушына, як сустрэча з прыгожым, -- разважае вядомая ў Шчучыне блогерка Таццяна Чаркес. – Сваімі фотаздымкамі і ўражаннямі абавязкова падзялюся ў сацыяльных сетках. Няхай усе ведаюць пра культурнае жыццё ў Шчучыне і цудоўнага мастака Віктара Нікіту! Раю ўсім наведаць гэты вернісаж і, карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да нашых шчучынскіх мастакоў: хацелася б убачыць іх творчыя работы на падобных выставах.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!