“Мае браты загінулі на фронце, а я выжыла ў нямецкім рабстве”. Гісторыя 95-гадовай жыхаркі Астрыны Зінаіды Макарэвіч
Зінаіда Паўлаўна Макарэвіч – 95-гадовая жыхарка Астрыны – сёння да драбніц гатова ўспомніць усё, што адбывалася 80 гадоў назад. Тады ўварвалася ў іх мірнае сямейнае жыццё вайна, адабрала ў яе дзяцінства і юнацтва, паслала невыносныя выпрабаванні. Яе родная Кірпічоўшчына, дзе жыла іх сям’я з сямі душ, суседнічае з Зінякамі – гаротнай вёскай, якую напаткаў трагічны лёс Хатыні.
– Цяжка давялося і нам, – узгадвае жанчына. – Брата Нікадзіма першым з нашай радзіны фашысты адправілі ў Германію. А ён – вазьмі ды ўцячы! У партызаны пайшоў ваяваць. Ды толькі гэта стала вядома немцам. Тату нашага тут жа схапілі фашысты, у турму ў Гродна адправілі, але паабяцалі адпусціць, як толькі Нікадзім дамоў вернецца. Зразумела, што ў гэта абяцанне ніхто не паверыў.
Па расказах людзей, у турэмных камерах былі такія ўмовы і мор голадам, што ніхто не выжываў. Вось і бацька Зінаіды праз тры месяцы зняволення так аслаб, што яго, ужо яўна не жыльца, проста выкінулі на вуліцу. А выпадковыя прахожыя ўгледзелі, што знясілены мужчына яшчэ дыхае, з рызыкай для сябе падабралі, адагрэлі і на фурманцы пераправілі ў адну з прыгарадных вёсак. Там мясцовыя сяляне ўжо на сваёй падводзе адвезлі ў наступную вёску, і так перадавалі знявечанага Паўла, бы эстафету, на працягу амаль пяці дзясяткаў кіламетраў – ажно да Кірпічоўшчыны. А дома і сцены лечаць.
– Такое татава збавенне было проста цудам! – праз слёзы расказвае Зінаіда Паўлаўна. – Вы ж падумайце, якія чулыя, неабыякавыя людзі былі ў той час, яны ж маглі пацярпець за сваю дабрыню, але не пабаяліся – прыйшлі на дапамогу. Мабыць, дзякуючы згуртаванасці ды адвазе і перамог наш мужны народ у той жорсткай вайне.
Не паспелі ў сям’і як след парадавацца вяртанню бацькі, а ўжо новае няшчасце стаяла на парозе: моладзь зноў прымусова забіралі ў Германію. Трапіла ў працоўнае рабства да нямецкага бюргера і юная Зінаіда. Гаспадарка знаходзілася за два дзясяткі кіламетраў ад горада Мемеля – сучаснай Клайпеды. Гаспадары не зверствавалі, але і асаблівай ласкі ды жалю да сваіх работнікаў не мелі.
– Як жа цяжка даводзілася працаваць: ад золку да цемені. Рукі ў мяне слабенькія, а трэба было даіць цэлы статак кароў, цягаць бітоны з малаком, варыць мешанку і даглядаць свіней, – уздыхае Зінаіда Паўлаўна. – Аднойчы вяртаюся я з поля і бачу самалёт, які зусім нізка кружыць нада мной. Углядзелася, а на ім чырвоныя зоркі – наш савецкі самалёт! Як жа я радавалася, скакала, махала яму рукамі і з усяе моцы крычала: “Забяры мяне!” Потым самалёт знік, а я апомнілася: гэта ж каб хто з немцаў убачыў маю радасць, наўрад ці засталася б у жывых.
Так, гэты самалёт-разведчык быў прадвеснікам наступлення нашых войскаў. Пад аддаленыя гукі кананады немцы ліхаманкава грузілі на падводы лепшае з пажыткаў і ўцякалі разам з сем’ямі, не адпускаючы пры гэтым сваіх работнікаў. Па дарозе адступалі і ваенныя фарміраванні, услед ляцелі снарады, гарэлі машыны. Гэта было пекла на зямлі. Як уцалела ў той мясарубцы, Зінаіда Паўлаўна і сама здзіўляецца. Добра запомнілася сустрэча з воінамі-вызваліцелямі. “Ды свае мы, свае…” – гаварылі байцам дзяўчаты. Не верылася, што яны з каляжанкамі па няшчасці нарэшце сталі свабоднымі. Гэта быў 1944 год. Прадстаяла цяжкая дарога дамоў.
– Галодныя, слаба апранутыя, мы ў адкрытым вагоне неяк дабраліся спачатку да Вільні, потым рухаліся ў напрамку Гродна. На вакзале прасілі хоць кубачак кіпетню, каб сагрэцца і сілы падмацаваць. Не перадаць, як напакутаваліся, – горкія ўспаміны не адпускаюць Зінаіду Паўлаўну і зараз. – А па вяртанні цяжка было ўсвядоміць, што мае старэйшыя браты так і не прыйшлі дамоў, загінулі на фронце. Вось якімі жорнамі малола нашу сям’ю вайна. А колькі ў нас на Беларусі такіх сямей…
… Сёння Зінаіда Паўлаўна Макарэвіч жыве адна. Дачка Аляксандра часта прыязджае з Гродна да маці, тэлефануюць унукі, радуецца бабуля праўнукам. У свае 95 гадкоў гаспадынька яшчэ трымае курачак, займаецца домам. Праўда, вельмі ўдзячна за дапамогу і падтрымку сацыяльнаму работніку Святлане Павайба, з якой усталяваліся вельмі цёплыя, душэўныя адносіны.
– Гэта вялікае шчасце, што наша дзяржава праяўляе такі клопат аб людзях сталага веку, што столькі ўвагі і дапамогі аказвае тым, хто з’яўляецца ветэранам вайны або быў вязнем. Не дай Бог перажыць новым пакаленням штосьці падобнае. Цяпер такое добрае жыццё настала! Не перастаю паўтараць маладым: як жа трэба цаніць тое, што было заваявана.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Святланы ПАВАЙБА.