“Люблю свой горад, люблю сваю “Дзянніцу”! Анастасія Маркевіч пераканана, што менавіта папяровы носьбіт робіць газету непаўторнай і магічна-прыцягальнай

 

Анастасія Маркевіч з кагорты маладога пакалення нашых пастаянных падпісчыкаў.

 

 

– Я хоць і сябрую з “Дзянніцай” у сацыяльных сетках, атрымліваю аператыўную інфармацыю праз тэлеграм-канал, рэгулярна наведваю сайт, аднак газета на папяровым носьбіце – гэта асаблівая магія, – пераканана наша чытачка. – Заўжды выпісваю раёнку з задавальненнем і адчуваю сапраўдную асалоду, калі праз друкаванае слова знаёмлюся з падзеямі, што адбываюцца на Шчучыншчыне, таленавітымі людзьмі і іх творчасцю, чытаю вершы мясцовых паэтаў у “Літаратурнай старонцы”… Мне цікава літаральна ўсё, а мой любімы аўтар – Ганна Каспер.

 

Як аказалася, Анастасія беражліва захоўвае выразкі з “Дзянніцы” з публікацыямі пра сваіх родных людзей.

 

– Ёсць нават пажоўклая ад часу старонка за 26 жніўня 1997 года, дзе на здымку адлюстравана, як узнагароджваюць аднаго з лепшых камбайнераў калгаса “1 Мая” – Юрыя Валяр’янавіча Комара. Гэта мой тата, якога, на вялікі жаль, ужо няма сярод жывых, але жыве памяць, і напісанае застаецца, – гаворыць Анастасія Юр’еўна і дадае, – а яшчэ “Дзянніца” пісала пра маю маму Святлану Комар як пра выдатнага кандытара, змяшчала прыгожы здымак маёй дачушкі Алісы Маркевіч падчас першага школьнага званка.

 

Цікавы нарыс друкаваўся і пра нашага дзядулю-ветэрана Уладзіміра Герасімавіча Янушку. Гэта публікацыя натхніла нас с дачушкай напісаць даследчыцкую работу “Я – памятаю, я – ганаруся”. Вось і атрымліваецца, што радней газеты за раёнку проста не бывае. А як прыемна нечакана пазнаць на вуліцы чалавека, здымак якога толькі ўчора апублікавала газета разам з аповедам, што яскрава раскрывае ягоную асобу! У такім выпадку хочацца прывітацца і выказаць словы захаплення. Вось якія эмоцыі дорыць чытачу “Дзянніца”!

 

Шчырыя, добрыя словы ў адрас нашай газеты кранаюць да глыбіні душы. Прыемна, што ёсць такія прыхільнікі. Анастасія Юр’еўна Маркевіч – настаўніца пачатковых класаў у СШ №2 г. Шчучына. Яна вельмі любіць дзяцей і сваю прафесію. Нечакана раскрыла свой творчы патэнцыял падчас арганізацыі аздараўленчых школьных лагераў, дзе паспрабавала сябе ў ролі педагога-арганізатара і аўтара цікавых праектаў. Дзятва была ў захапленні ад неверагодных прыгод і квэстаў на “Востраве”, у які, па сутнасці, улетку і ператварыўся сам лагер. Дарэчы, пра гэты цікавы педагагічны вопыт другой гарадской школы мы таксама пісалі на старонках газеты.

 

– Не прапускаю матэрыялы на тэмы адукацыі, люблю артыкулы, прысвечаныя гісторыі Шчучыншчыны. Менавіта такія матэрыялы мне здорава дапамаглі ў распрацоўцы праекта “18 прычын, каб пабываць у Шчучыне”, – дзеліцца Анастасія. – Увогуле я лічу, што жыву ў самым прыгожым і ўтульным горадзе на свеце. Адукацыю атрымлівала ва ўніверсітэце ў Брэсце, але нават думкі не дапускала, што прамяняю наш Шчучын на іншыя мясціны. Тут усё дыхае душэўнай цеплынёй, усе ведаюць адзін аднаго і ідзе такі магутны абмен энергетыкай, што ты набіраешся сіл і аптымізму, ведаеш, што ніколі не застанешся сам-насам з невырашальнай праблемай. Табе абавязкова дапамогуць, і ты абавязкова працягнеш іншым руку дапамогі. Такое дарагога каштуе.

 

У гэтыя перадсвяточныя дні не абышлося без традыцыйных пажаданняў, якія, калі ідуць ад душы, то абавязкова збываюцца.

 

– Мне хочацца пажадаць супрацоўнікам “Дзянніцы” новых сустрэч з цікавымі і адкрытымі людзьмі, неардынарных ідэй, паболей удзячных падпісчыкаў і, безумоўна, асабістага шчасця, – нібыта праменіцца святлом Анастасія. – Бо калі чалавек шчаслівы, то і пісаць ён будзе не сумна, ярка, запамінальна, радуючы свайго чытача.

 

А яшчэ Анастасія Юр’еўна расказала, што ў іх 3 “Б” класе аформлены творчы куточак, дзе сабрана падборка кніг пра Шчучын, а на ручніку з беларускім арнаментам пачэснае месца займае спецвыпуск газеты “Дзянніца” на мелаванай паперы, прысвечаны Дню беларускага пісьменства ў Шчучыне. Усе, хто бачыць гэту газету, узгадваюць цікавую старонку ў культурным жыцці нашага горада. Так-так, напісанае – застаецца…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!