Лясная скарбніца. Даведаліся пра тое, як працуе пастаянны лясны гадавальнік Шчучынскага лясгаса

 

Тысячы гадоў таму ўся наша Гродзенская вобласць была адным суцэльным лесам. З цягам часу пушчы вырубілі, на іх месцы людзі будавалі гарады і вёскі, займаліся сельскай гаспадаркай. Аднак і сёння Беларусь мае вялікую колькасць лясоў, каля 40% нашай краіны пакрыта імі. Як жа атрымліваецца зберагаць такое багацце і дзе ж у нашым раёне займаюцца аднаўленнем ляснога фонду? На гэтыя пытанні нам дапамог знайсці адказ начальнік пастаяннага ляснога гадавальніка Шчучынскага лясгаса Аляксандр Трахімчык.

 

Пастаянны лясны гадавальнік Шчучынскага лясгаса быў утвораны ў 1998 годзе. Першапачаткова яго плошча складала ўсяго 0,7 гектара. У нашыя дні тэрыторыя гадавальніка значна большая: сёння аб’ект размяшчаецца на 20 гектарах, з якіх 13,5 га – гэта прадуцыруючыя плошчы, а ўсё астатняе – дапаможныя тэрыторыі.

 

 

Вырошчваюцца тут у асноўным лесаўтвараючыя пароды, такія як сасна, елка, дуб, ясень, бяроза, вольха. Таксама ў лясным гадавальніку займаюцца дэкаратыўна-пасадачным матэрыялам – туямі і ядлоўцам.

 

– Вырошчваем мы гэта ўсё для аднаўлення сваіх лясоў, – расказвае Аляксандр. – Тое, што вырубаем, мы абавязаны засадзіць. У Гродзенскай вобласці падобных гадавальнікаў дзевяць, няма толькі ў двух лясгасах – Дзятлаўскім і Скідзельскім. У першую чаргу рэсурсы нашага гадавальніка выкарыстоўваюцца для мясцовых патрэб, каб вырубленыя ў Шчучынскім лясгасе дзялянкі заўсёды аднаўляліся. Аднак у нас пасадачнага матэрыялу шмат, і мы маем магчымасць не толькі задавальняць уласныя патрэбы, але і прадаваць лішкі як на вобласць, так і на рэспубліку. Нават былі гады, калі прадавалі пасадачны матэрыял у Расію.
За год лясны гадавальнік рэалізуе на продаж каля 3 мільёнаў саджанцаў і сеянцаў. Гэта даволі высокі паказчык, які сведчыць аб высокай эфектыўнасці працы прадпрыемства. Што тычыцца калектыву, то ў сезон на тэрыторыі гадавальніка разам з Аляксандрам працуюць 8 чалавек.

 

 

Варта дадаць, што тут прымяняюць унікальныя методыкі і тэхналогіі. Напрыклад, першымі ў вобласці пачалі вырошчваць дуб у закрытай карнявой сістэме, гэта значыць у касетах. Такі метад – вынік супрацоўніцтва з Гомельскім інстытутам лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вырошчванне дуба ў касетах дапамагае на ранніх этапах выявіць пашкоджанні пасадачнага матэрыялу, таксама такі спосаб дае магчымасць растку хутчэй вылазіць з жолуда.

 

На першы погляд здаецца, што ў лесе ўсё добра прыжываецца, але гэта не зусім так. Напрыклад, елка вельмі патрабавальная да глебы, у адрозненне ад сасны. Таму пад іх выдзяляюць землі рознай якасці. Дарэчы, розныя ў гэтых дрэў і тэрміны перасадкі ў лес. Карнявая сістэма ў елкі паверхневая, а ў сасны – стрыжнёвая і ідзе глыбока пад зямлю. Таму елку можна высаджваць у лесе пяці- і нават шасцігадовай, а сасна можа прабыць у гадавальніку максімум 3 гады. Пасля яна ў лесе не прыжывецца, нават калі яе карнявую сістэму акуратна выкапаюць.

 

 

Аляксандр Трахімчык падзяліўся з намі сакрэтамі высокай эфектыўнасці ляснога гадавальніка Шчучынскага лясгаса:

 

– Дасягаць высокіх паказчыкаў нам дапамагаюць некалькі фактараў. Па-першае, наш гадавальнік утвораны на добрых землях. Па-другое, мы гэтыя землі рацыянальна выкарыстоўваем. І па-трэцяе, усе працы выконваюцца ў адпаведнасці з тэхналогіяй.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!