Ліза Орсік – лепшы малады спецыяліст!
Інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Шчучынскага РАНС Лізавета Орсік стала пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Дзяўчына атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Лепшы малады спецыяліст” у групе па напрамку “Дзяржаўны пажарны нагляд”.
– Прымаць удзел у конкурсе, які праходзіў ва Універсітэце грамадзянскай абароны ў Мінску, было даволі цікава, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Ліза. – Іспыты праводзіліся па двух накірунках: “Дзяржаўны пажарны нагляд” і “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. Мы дэманстравалі тэарэтычную і фізічную падрыхтоўкі. Тэарэтычныя веды правяраліся пры дапамозе тэста: першыя 50 пытанняў тычыліся ведання нарматыўных дакументаў, непасрэдна звязаных з дзейнасцю, а наступныя 50 былі прысвечаны тэме дзяржаўнага пажарнага нагляду. Фізічныя нарматывы для дзяўчат уключалі бег на 100 і 500 метраў і комплексна-сілавыя практыкаванні. Для юнакоў фізічныя выпрабаванні былі крыху іншымі.
Ліза і яе калегі з Гродзеншчыны выступалі не толькі ў асабістым заліку. Ад іх залежаў рэзультат удзелу ўсёй каманды. У выніку каманда маладых спецыялістаў Гродзеншчыны заняла першае месца.
– Што было самым складаным? – на хвіліну задумваецца Ліза. – Напэўна, усё ж такі тэорыя. – Таму што мой напрамак работы – прапаганда, а адказваць трэба было на пытанні, звязаныя з дзяржпажнаглядам. Прыйшлося аднаўляць у памяці ўсе веды, якія атрымала ва ўніверсітэце.
Перамога стала выдатным сюрпрызам не толькі для самой Лізы, але і для яе калег са Шчучынскага РАНС, якія, безумоўна, падтрымлівалі дзяўчыну.
– Канечне, я рыхтавалася, але ніяк не думала, што еду першы раз на конкурс і адразу стану пераможцай, – радуецца Ліза. – Прыемна было атрымліваць віншаванні калег. Увогуле, мне вельмі падабаецца працаваць у Шчучынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Тут выдатны калектыў, я ўжо даволі добра ведаю Шчучыншчыну і пакуль нікуды адсюль пераязджаць не планую, хоць сама родам з Гродна. Мне вельмі падабаецца працаваць з людзьмі, асабліва з дзеткамі. Важна бачыць рэзультат сваёй працы і ведаць, што стараешся недарэмна.
Любоў да выбранай прафесіі Ліза перадала і сваёй сястры, з якою яны блізняты. Нягледзячы на тое, што Кацярына пасля заканчэння дзевяці класаў паступіла ў політэхнічны каледж, цяпер яна вучыцца на завочным аддзяленні ва Універсітэце грамадзянскай абароны.
А Лізу наперадзе, без сумнення, чакаюць новыя перамогі. У такога мэтанакіраванага, адказнага спецыяліста інакш і быць не можа.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.