Летам 44-га… Асобныя падзеі са сваёй біяграфіі захаваў для нашчадкаў Аляксей Мікалаевіч Чагаеў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Мікалаевіч Чагаеў яшчэ пры жыцці, ад рукі і на на пішучай машынцы, занатаваў для нашчадкаў асобныя падзеі са сваёй насычанай і яркай біяграфіі. Гэтыя артэфакты прынесла ў рэдакцыю яго нявестка – Рыта Іванаўна Чагаева. А яшчэ прадаставіла дакументы і фотакарткі, якія беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве і пацвярджаюць, як жыў і працаваў гэты адважны чалавек, патрыёт і, несумненна, герой свайго і нашага часу.
Нарадзіўся Аляксей Чагаеў у 1922 годзе ў вёсцы Серагава Вярховенскага раёна Кіраўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Калі пачалася вайна, хлопцу было 19. Нягледзячы на малады ўзрост, ён ужо спазнаў многа гора. Рана памерла маці, бандыты забілі бацьку, які працаваў старшынёй сельскага Савета… Застаўшыся сіратой, Аляксей у 1936 годзе паехаў у Свярдлоўск, дзе пасля заканчэння школы ФЗУ працаваў слесарам-зборшчыкам, затым зменным майстрам на “Уралмашы”. Калі пачалася Вялікая Айчынная, гэта прадпрыемства змяніла профіль на абаронны – выпускала танкі, розныя віды стралковай зброі. Менавіта тут, на заводзе, працуючы на Перамогу, А.М. Чагаеў атрымаў сваю першую ўзнагароду – медаль “За працоўную адзнаку”. Адсюль у 1942 годзе і быў прызваны на службу ў органы дзяржбяспекі.
Дарэчы, знаходзячыся ў радах чэкістаў, яму давялося вызваляць Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Змагаўся Чагаеў на сваім, часта нябачным, але не менш важным фронце. Вось што пісаў Аляксей Мікалаевіч пра той складаны этап жыцця: “У перыяд праходжання ваеннай службы ў органах дзяржбяспекі з моманту вызвалення Беларусі я працяглы час прымаў актыўны ўдзел у ліквідацыі ўзброеных бандфарміраванняў на тэрыторыі былой Баранавіцкай, пазней Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. У прыватнасці, на тэрыторыі Карэліцкага раёна разам з партызанамі ўдзельнічаў у баявых аперацыях па вышуку і затрыманні разбітых нямецкіх войскаў, якія спрабавалі асобнымі групамі схавацца ад пакарання. Гэта было ў ліпені-жніўні 1944-га”.
Вызваліўшы ад ворага Беларусь, рэгулярныя войскі пайшлі на захад. Але абстаноўка у краіне заставалася неспакойнай. Факт з гісторыі: акурат у той дзень, калі савецкія салдаты пераможна салютавалі ля рэйхстага, у адной з вёсак Карэліцкага раёна банда ўчыніла расправу над участковым упаўнаважаным міліцыі і мясцовым актывістам. У тым, што гэтыя забойцы не пазбеглі пакарання, ёсць заслуга і чэкіста Чагаева. Смелы опер прымаў удзел і ў іншых аперацыях па ліквідацыі азвярэлых бандытаў і “лясных братоў”, неаднойчы хадзіў пад кулямі.
Пасляваенны 1946 год быў не менш трывожны: па лясах усё яшчэ хаваліся нядаўнія гітлераўскія служкі і памагатыя, якія нападалі на савецка-партыйны актыў, арганізоўвалі дыверсіі, наводзілі страх на насельніцтва. З-за кожнага дрэва ці вугла маглі выстраліць ва ўпор. У складзе аператыўных груп органаў дзяржбяспекі Аляксей Чагаеў, рызыкуючы жыццём, выязджаў на іх затрыманне. І нават праз пяць год пасля перамогі вораг не пакідаў спробы “падарваць” мірны дзень. Так, па ўспамінах самога ветэрана, яму з таварышамі давялося затрымліваць шпіёнаў-дыверсантаў з ліку здраднікаў Радзімы – былых паліцаяў, закінутых самалётам з-за мяжы. Гэтых небяспечных злачынцаў “накрылі” у цяжка даступнай балоцістай мясцовасці.
А летам 1955 года старшы лейтэнант Аляксей Мікалаевіч Чагаеў прыйшоў на службу ў апарат УКДБ па Гродзенскай вобласці ў Васілішкаўскім раёне, праз чатыры гады – у Шчучынскім. Дарэчы, і тут на яго работу свой адбітак наклала вайна. Падчас нямецкай акупацыі былі спалены жывымі жыхары вёсак Зінякі і Агародзішча. Больш за 20 год ён займаўся пошукам карнікаў, якія ўчынілі гэта зверства, і дакументаваннем злачыннай дзейнасці. Па ўспамінах афіцэра, было ўстаноўлена больш за 50 чалавек, яны прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.Тых, хто прытаіўся, змяніўшы месца жыхарства, “пераапрануўся” ў добранадзейных грамадзян, знаходзілі ў самых аддаленых кутках вялікай краіны.
Зрэшты, службовыя будні старшага оперупаўнаважанага Чагаева былі заўжды насычаныя, пазначаныя адказнасцю. Так, восенню 1969 года ён быў задзейнічаны ў вышуку і затрыманні дызерціра Чырвонай Арміі, які ўчыніў забойства салдат і афіцэраў, параніў пасажыраў міжгародняга аўтобуса, што накіроўваўся праз Шчучын у Гродна… А ўвогуле Аляксей Мікалаевіч Чагаеў заставаўся на аператыўнай рабоце ажно да 1976 года, праслужыў у органах КДБ 35 год, пайшоў на заслужаны адпачынак у званні маёра. А ў ліпені 2001 года “за асабісты ўклад у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь” яму было прысвоена чарговае воінскае званне “падпалкоўнік у адстаўцы”. За самаадданую службу гэты афіцэр быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, у прыватнасці, ордэнам Айчыннай вайны, медалямі “За Перамогу над Германіяй”, “За бездакорную службу”(усіх трох ступеней).
Старасць не застала А.М. Чагаева дома. У 80-90-ыя гады мінулага стагоддзя ён стаяў ля вытокаў стварэння раённай суполкі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, быў актывістам ветэранскага руху, займаўся ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі. “На службе мой свёкр быў строгім і стрыманым чалавекам, а дома – клапатлівым мужам і прыкладным бацькам і дзедам”, – дзеліцца нявестка Рыта Іванаўна Чагаева. А малодшае пакаленне сям’і памятае яго добрым і вясёлым. “Я ганаруся сваім прадзедам! – кажа адна з трох праўнучак, Дар’я, – студэнтка БНТУ. – Яго жыццё было напоўнена цяжкасцямі, але ён змог дастойна справіцца з усімі выпрабаваннямі”.
Няпростыя службовыя будні з мужам-афіцэрам дзяліла жонка Надзея Фёдараўна. Яна родам са Свярдлоўска, а вось дзеці Чагаевых – сыны Анатолій і Уладзімір, дачка Галіна – нарадзіліся ўжо на беларускай зямлі. І яны самі, і іх чацвёра дзяцей – унукі ветэрана – сталі дастойнымі прадаўжальнікамі свайго роду.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.