“Леся збірае сяброў”: літаратурная вечарына-інсталяцыя прайшла ў Астрынскай сярэдняй школе імя Цёткі
Менавіта так называлася літаратурная вечарына-інсталяцыя, якая прайшла ў Астрынскай сярэдняй школе імя Цёткі. Імпрэза ладзілася ў рамках рэалізацыі сумеснага беларуска-ўкраінскага праекта і была прысвечана 150-годдзю з дня нараджэння ўкраінскай пісьменніцы Лесі Украінкі.
У школьнай актавай зале сабраліся педагогі, вучні старэйшых класаў, а таксама мясцовыя жыхары. Іх вітала дырэктар Астрынскай сярэдняй школы Юлія Скарынка:
– Бягучы год з’яўляецца юбілейным для дзвюх знакамітых паэтэс – Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Лесі Украінкі. І нашай навучальнай установе выпаў гонар першымі ў Беларусі і Украіне распачаць цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных творчасці гэтых таленавітых пісьменніц. Спадзяюся, вы атрымаеце сапраўдную асалоду ад творчага марафону, які сёння падрыхтавалі для вас выхаванцы Астрынскай сярэдняй школы!
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і туразму Жанна Мецько, якая таксама прымала ўдзел у творчай сустрэчы, перадала прысутным прывітальныя словы ад першых сакратароў Пасольства Украіны ў Беларусі Івана Башняка і Сяргея Салаўя, якія вельмі ўдзячны за тое, што памяць аб іх славутай зямлячцы Лесі Украінцы жыве на шчучынскай зямлі і аб’ядноўвае два брацкія народы.
– Месца правядзення сённяшняй літаратурнай вечарыны-інсталяцыі было выбрана невыпадкова, – падкрэсліла Жанна Іванаўна. – Менавіта на тэрыторыі сучаснага Астрынскага сельсавета ў фальварку Пешчын нарадзілася знакамітая беларуская паэтэса, празаік, грамадска-палітычны дзеяч, актрыса і педагог Алаіза Пашкевіч, вядомая ў народзе як Цётка. Яе лёс у многім пераклікаецца з няпростым жыццёвым шляхам пісьменніцы Лесі Украінкі. І сёння мы сумесна з украінскімі калегамі працуем над выпускам кнігі, якая будзе прысвечана творчасці гэтых таленавітых жанчын. Упэўнена, хутка вы з цікавасцю зможаце яе пачытаць!
Пачалася імпрэза з тэатралізаванай пастаноўкі. Старшакласніцы Астрынскай сярэдняй школы Ангеліна Сямашка і Ангеліна Семяновіч выдатна ўжыліся ў вобразы Лесі і Цёткі адпаведна і пафантазіравалі наконт магчымай сутрэчы дзвюх пісьменніц. Ажыццявіць задуманае ім дапамаглі Ягор Саковіч, які сыграў ролю ўкраінскага вучонага і мастацтвазнаўцы Іларыёна Свянціцкага, і яго сябра Міхаіл Раманчык, які пераўвасобіўся ва ўкраінскага пісменніка і публіцыста Івана Франко.
Удзельнікі сустрэчы з задавальненнем праглядзелі дакументальны фільм пра Лесю Украінку, закадравы тэкст да якога на беларускай мове прачытала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Астрынскай сярэдняй школы, кіраўнік музея імя Цёткі Алла Балобан.
Ну а які ж юбілей без падарункаў?! Свае музыкальныя нумары ў гонар Лесі Украінкі падрыхтавалі Ксенія Саковіч, Надзея Коркуць, Анастасія Белка і Іван Бабіцкі, а настаўніца пачатковых класаў Наталля Санько зачытала любімыя вершы Лесі Украінкі на ўкраінскай мове, якая з’яўляецца для яе роднай. Вясёлы танец прысутным прадэманстравалі выхаванцы Астрынскай музычнай школы.
– Калі хочацца арганізаваць штосьці цікавае і запамінальнае, мы бяромся за справу талакою, – зазначае бібліятэкар Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі Ганна Сцяпанчанка. – І сённяшняя творчая сустрэча – не выключэнне! Мы ў сваю чаргу падрыхтавалі і ўключылі ў праграму мерапрыемства кніжную выставу, каб кожны мог бліжэй пазнаёміцца з творамі гераінь сягодняшняга свята. Дакладна невядома, сустракалася Леся Украінка з Алаізай Пашкевіч, ці не. Але дазволілі сабе пафантазіраваць на гэту тэму. Гэтых таленавітых жанчын аб’ядноўваў час, сябры і творчасць. Леся наведвала Беларусь, нават жыла тут кароткі час, калі даглядала хворага каханага ў Мінску. А Цётка вучылася ў Львоўскім універсітэце, дзе вывучала філасофію, філалогію і гісторыю. Магчыма, пытанне іх знаёмства проста не вывучалася дастаткова глыбока, і прыйдзе час, калі навукоўцы-літаратуразнаўцы раскажуць нам праўду.
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.