Кветкавы рай
Домік Ліліі Антонаўны і Фёдара Міхайлавіча Майко ў вёсцы Алішкаўцы Астрынскага сельсавета не заўважыць проста немагчыма. Ён патанае ў кветках, таму адразу кідаецца ў вочы. А сярод гэтай рознакаляровай прыгажосці ўтульна прымасціліся божыя кароўкі, лебедзі, буслы, змайстраваныя з падручных матэрыялаў – пластыкавых бутэлек, старых шын…
– Гэты домік дастаўся нам у спадчыну ад маёй цешчы, – расказвае яго гаспадар Фёдар Міхайлавіч. – Мы з сям’ёй увесь час жылі ў Гродне, а калі маці маёй жонкі не стала, а я выйшаў на пенсію, перабраўся жыць у гэту вёсачку.
Лілію Антонаўну мы дома не засталі. Яна яшчэ працуе ў Гродзенскай дзіцячай бальніцы, таму прыязджае ў Алішкаўцы разам з дачкою Аленай толькі на выхадныя.
– Як яны любяць кветкі – не расказаць! – гаворыць Фёдар Міхайлавіч. – Як прыходзіць вясна, стараюцца пасадзіць штосьці новае, пастаянна полюць, даглядаюць. А я ім дапамагаю чыста па мужчынскай частцы: нешта змайстраваць, прыкапаць, прыбіць.
Петунні, ліліі, гартэнзія, браткі, гваздзікі, вяргіні, флёксы, ружы, туі і яшчэ мноства самых розных раслін, назваў якіх я нават не ведаю, упрыгожваюць гэты дзіўны палісаднік.
– І гарод у нас вялікі пасаджаны, – працягвае Фёдар Міхайлавіч. – А яшчэ я вось нядаўна парачку козачак прыкупіў, балазе, травы навокал хапае. Сам іх даглядаю. Добра паласавацца свежым малачком. А то як у вёсцы ды без жыўнасці?
Дзве ручныя козачкі пасвіліся адразу каля дома. Яны выдатна дапаўнялі прыгожы вясковы пейзаж. На жаль, выміраюць вёскі, рэдкія гаспадары яшчэ трымаюць кароў або іншую жывёлу. А тут не дазваляюць дзеці і ўнукі загінуць бацькоўскаму дому, прыйсці ў заняпад. Няхай бы такіх прыгожых сядзіб было як мага больш, і імкнуліся ў сваё родавае гняздо яго ўладальнікі.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.