Купляем прадукты для рамантычнай вячэры на Дзень усіх закаханых

 

За акном — зімовая золь, а штодзённыя зводкі аб колькасці захварэлых на ковід не дадаюць пазітыву. Але жыццё працягваецца, а значыць, не будзем забываць аб станоўчых эмоцыях. Якія, як сцвярджаюць медыкі, непасрэдна ўплываюць на сілу імуннай сістэмы. А значыць, варта пашукаць падставы для радасці. Дарэчы, набліжаецца самае рамантычнае зімовае свята — Дзень усіх закаханых.

 

 

Сёлета 14 лютага прыпадае на панядзелак — «дзень цяжкі», ды і ва ўмовах пандэміі ў рэстаран ісці, можа быць, і не варта. Лепш арганізаваць рамантычны вечар дома. Можна, вядома, бурчаць пра тое, што Дзень Святога Валянціна — свята заходнееўрапейскае і ў нашай традыцыі да 1990-х не святкавалася. Можна казаць, што яно «для моладзі». Але сямейныя псіхолагі раяць выкарыстоўваць гэты дзень як нелішнюю нагоду нагадаць сваёй другой палоўцы (ды і сабе): колькі б часу вы ні былі разам — ваша любоў ззяе гэтак жа ярка, як і ў самым яе пачатку.

 

 

Такім чынам, гатуем рамантычную вячэру. І лічым яе кошт, паколькі наш няпросты час (нягледзячы на рамантычнасць падставы) настройвае на здаровы прагматызм.

 

 

Кухня Афрадыты

 

 

Правілы рамантычнай вячэры не прадугледжваюць складаных страў, якія патрабуюць шматгадзіннага стаяння каля пліты — у дадзеным выпадку няма падставы выхваляцца кулінарнымі талентамі. Стома сапсуе вам вечар, а нюансы смаку, цалкам верагодна, застануцца незаўважанымі. Акрамя таго, рамантычная вячэра павінна быць лёгкай. З іншага боку, гэтыя ж правілы прадугледжваюць, акрамя прыгожай сервіроўкі (дзе традыцыйна фігуруюць запаленыя свечкі), наяўнасць на стале прадуктаў, якія называюць афрадызіякамі, — то-бок такіх, што ўзмацняюць любоўнае прыцягненне.

 

 

Прыродныя афрадызіякі вядомыя чалавецтву спрадвеку — згадкі пра іх сустракаюцца нават на шумерскіх клінапісных таблічках. Сучасная навука, зрэшты, не пацвярджае цудадзейнага ўплыву пэўных прадуктаў харчавання на наша лібіда. Дыетолагі падкрэсліваюць, што маментальнага эфекту ад прадуктаў-афрадызіякаў чакаць не варта. Затое кажуць пра тое, што некаторыя стравы (а дакладней, рэчывы, якія яны пастаўляюць у арганізм), сапраўды здольныя расслабляць сценкі сасудаў і паляпшаць кровазварот, павялічваць адчувальнасць скурных покрываў і слізістых, удзельнічаць у сінтэзе мужчынскіх і жаночых палавых гармонаў, праганяць дрымотнасць і павышаць узровень энергіі.

 

 

Але для пачатку спынімся на тых прадуктах, якія хоць і асацыіруюцца з рамантычнай вячэрай, але на самай справе не валодаюць той здольнасцю настройваць на любоўны лад, якую ім прыпісваюць. І пачнём з шакаладу. Галоўны атрыбут любых рамантычных спатканняў, аказваецца, не мае нейкіх асаблівых уласцівасцяў, каб дапамагчы павярнуць думкі чалавека ў рэчышча кахання і рамантыкі. Шакалад паляпшае памяць, падтрымлівае сардэчную мышцу і павышае выпрацоўку сератаніну, але на палавую функцыю чалавека практычна не ўплывае, адзначаюць дыетолагі. Акрамя таго, ён досыць каларыйны (асабліва малочны і з напаўняльнікамі) і ў вялікіх колькасцях здольны выклікаць хутчэй ляноту і дрымотнасць, чым чаканую «жвавасць». Дык што ж, адмовіцца ад шакаладу падчас рамантычнай вячэры? Зразумела, не! Бо любыя афрадызіякі ўздейнічаюць не толькі (і не столькі) на ўзроўні біяхіміі. Іх уздзеянне — у першую чаргу псіхалагічнае. З рамантычнай вячэрай у свядомасці сучаснага чалавека асацыіруюцца пэўныя прадукты, а таксама экзатычныя і вострыя стравы. І гэта важна ўлічваць. Акрамя таго, адзначаюць псіхолагі, у многіх ёсць свае «асабістыя афрадызіякі» — стравы або прадукты, чые смак і пах звязаныя ў свядомасці дадзенага канкрэтнага чалавека з яркім рамантычным вопытам. Такія афрадызіякі сапраўды здольныя (дзякуючы ўспамінам, якія яны выклікаюць) узмацніць рамантычны настрой.

 

 

Такім чынам, шакалад: выбіраем чорны — згодна з традыцыяй, ён больш вытанчаны і больш падыходзіць для рамантычнай вячэры. Да таго ж ён больш карысны. 90 г горкага шакаладу ад «Камунаркі» абыдуцца ў суму ад рубля 49 капеек да рубля 70 капеек. Расійскі цёмны такой жа масы — ледзь даражэй за два рублі, цёмны шакалад вытворчасці Германіі — 3 рублі 16 капеек.

 

 

Славу магутнага афрадызіяку прынята прыпісваць вустрыцам (па легендзе, іх штодня еў на сняданак Казанова). На практыцы вустрыцы ўтрымліваюць цынк (неабходны мужчынскаму арганізму для здароўя і даўгалецця), а таксама амінакіслоты і «гармон добрага настрою» сератанін, але асаблівага ўплыву на павышэнне лібіда (калі верыць сучасным даследаванням) страва не аказвае. Так што з рамантычнага меню іх можна выкрасліць — і гэта добра. Бо такія прысмакі надзвычай дарагія ў нашай зусім не марской дзяржаве. З азнаямленчай мэтай скажам, што на вустрыцы цяпер, аказваецца, сезон; традыцыйна купляюць іх па 12 штук (хоць можна пры жаданні купіць і адну-дзве), і каштуюць яны ў залежнасці ад вытворцы і памеру ад 5.50 да 16,5 рубля за штучку. З аднаго боку — дорага і наконт «смачна» можна спрачацца, з другога — калі вельмі хочацца... «На блюде устрицы во льду» — адчуй сябе Ахматавай.

 

 

Мёд таксама здаўна лічылі магутным афрадызіякам — і быццам бы дарэмна. Нягледзячы нават на выраз «мядовы месяц», на лібіда мёд не ўплывае. Праўда, умацоўвае імунітэт — так што можна пакінуць яго на стале 14 лютага выключна ў якасці супрацьэпідэмічнай меры. Каштуе мёд сёння ў межах 10 рублёў за паўкіло, аптымальна дадаваць яго ў пікантныя салатныя запраўкі. Напрыклад, у салат з цяпер модным у дыетолагаў авакада.

 

 

Авакада афрадызіякам лічыў Людовік XІV. Менавіта з часоў караля-сонца ўзнік міф, што авакада абуджае любоўны запал. Па факце, фрукт змяшчае магній і калій для сэрца і тлустыя кіслоты для маладосці скуры. Але на палавую фукнцыю ўплыву не аказвае. Хоць выглядае прывабна і экзатычна, а стравы з ім сытныя і пры гэтым не занадта цяжкія для стрававальнай сістэмы. Свежыя авакада ў сярэднім абыдуцца ад 8 з паловай да 13 рублёў за кіло (адзін фрукт сярэдняга памеру будзе каштаваць рублі тры).

 

 

І, зразумела, рамантычная вячэра падаецца немагчымай без келіха віна (часцей — чырвонага або шампанскага). Чырвонае віно лічыцца моцным афрадызіякам. У невялікіх дозах добрае чырвонае віно здымае стрэс і нервовае напружанне, разнявольвае і паляпшае настрой. Але расслабляльнае ўздзеянне любога алкаголю кароткачасовае, пасля чаго нязменна надыходзіць спад сексуальнай актыўнасці. Віно прадстаўлена сёння ў настолькі шырокім цанавым дыяпазоне, што, мабыць, тут усё вельмі індывідуальна.

 

 

Вячэра ад Валянціна

 

 

Дык якія прадукты сапраўды здольныя настройваць на рамантычны лад? Аказваецца, іх даволі шмат. І далёка не ўсе яны экзатычнага паходжання. Напрыклад, афрадызіякам з'яўляюцца грыбы (дзякуючы высокаму ўтрыманню бялку і цынку). Найбольш эфектыўнымі прынята лічыць, зразумела, арыстакратычныя труфелі, але наогул усе грыбы з'яўляюцца афрадызіякамі. Лідзіруюць у гэтай сферы звыклыя маслякі, апенькі, смаржкі і рыжыкі. 300 г замарожаных маслякоў абыдуцца ў сярэднім у шэсць з паловай рублёў, паўкіло кансерваваных апенек — мінімум у сем з паловай. Пры жаданні можна знайсці ў продажы і свежыя апенькі (53 рублі за кілаграм, вырабленыя ў Расіі).

 

 

Ананасы — прызнаны афрадызіяк (больш мужчынскі, чым жаночы). Яны змяшчаюць фермент брамелаін, які спрыяе больш хуткаму засваенню бялковай ежы арганізмам і, такім чынам, павышае мужчынскае лібіда. Таксама ў ананасе шмат вітамінаў і калію для паляпшэння фізічнай актыўнасці і настрою. Свежыя ананасы сёння каштуюць ад 6.29 (ім трэба пару дзён на даспяванне) да 8.99 рубля за кілаграм, кансерваваныя ў сіропе — 6.75 за 580 г.

 

 

Здольнасцю ўзмацняць любоўнае прыцягненне валодаюць і бананы — гэта самая, бадай, даступная «экзотыка» абыдзецца ў 3.99-4 рублі за кг.

 

 

Фінікі павялічваюць «мужчынскую сілу», здымаюць стомленасць і дрымотнасць (так што станоўча ўплываюць і на жанчын). У старажытных арабскіх тэкстах фінікі называюць стравай, здольнай «усяліць сілы нават у лядашчых старых». Падобным уздзеяннем валодае і інжыр, які змяшчае шмат амінакіслот, што станоўча ўплываюць на лібіда. Прычым свае ўласцівасці афрадызіяку інжыр захоўвае і ў сушаным выглядзе. Кілаграм фінікаў з костачкай можна сёння набыць (па цэнах Камароўкі) за 3.90, без костачкі — за 5.20. Інжыр (сушаны) выйдзе даражэй — 7.20 за 400 г.

 

 

Спецыі — яшчэ адзін старадаўні афрадызіяк, чый станоўчы ўплыў на любоўны настрой пацверджаны і сучаснымі даследаваннямі. Зрабіць «гарачэйшымі» не толькі стравы, але і адносіны ў пары дапамогуць карыца, каляндра, кардамон, востры чырвоны перац, імбір — яны спрыяюць выпрацоўцы эндарфінаў і ўзмацняюць адчуванні. У спецыялізаваных крамах сумесь «Кары» (каляндра, куркума, чырвоны і чорны молаты перац, кардамон, молаты імбір — словам, усё, што трэба) каштуе сёння 3 рублі за 100 г. Паасобку кожная вышэйпералічаная спецыя ў аддзелах спецый на рынку абыдзецца прыкладна ў 2,5-2,8 рубля за 100 г.

 

 

А як наконт больш традыцыйных для нас «рэзкіх раслін» — цыбулі і часнаку? Аказваецца, яны таксама ўтрымліваюць вельмі карысны набор рэчываў для павышэння любоўнага прыцягнення (у першую чаргу, для мужчынскай патэнцыі). Цыбуля багатая на вітамін Е, што дае энергію, часнок — аліцын, які, акрамя антыаксідантнага ўздзеяння, спрыяе магутнаму прытоку крыві ў капіляры. Праўда, дзейнічаюць яны такім чынам толькі ў свежым выглядзе, а з-за спецыфічнага паху наўрад ці іх можна лічыць ідэальнымі кампанентамі меню на 14 лютага.

 

 

Клубніцы — традыцыйны прадукт для рамантычнай вячэры. І нездарма. Рэчывы ў складзе гэтых ягад спрыяюць выпрацоўцы «гармонаў радасці», а заадно пастаўляюць у арганізм вітамін С. Свежыя клубніцы (вытворчасць — Арменія) сёння літаральна «залатыя» — 13 рублёў за 250 г. Хутказамарожаныя — больш даступныя: 400 г каштуюць ад 6 да 6.79 рубля.

 

 

І, нарэшце, арэхі — менавіта яны з'яўляюцца чэмпіёнамі сярод афрадызіякаў: насычаюць арганізм энергіяй, праганяюць млявасць і стымулююць сінтэз палавых гармонаў (як мужчынскіх, так і жаночых). Найбольш эфектыўнымі ў гэтым плане сучасная дыеталогія назвала міндаль, фісташкі, кедравыя арэшхі і насенне кунжуту. Вычышчаны міндаль сёння прадаюць па цане 26 рублёў за кг, фісташкі — 39,5 рубля за кг (але кілаграмы і не патрэбныя, для рамантычнай вячэры досыць 100-200 г), кедравыя арэшкі — каля 8 рублёў за 100 г.

 

 

Рамантычная вячэра павінна быць бялковай — інакш кажучы, досыць лёгкай і пры гэтым сытнай. Крыніцай лёгказасваяльнага бялку могуць стаць морапрадукты (найбольш бюджэтны варыянт — крэветкі і кальмары, першыя ў сярэднім 21.69-21.99 BYN, другія  — 10-12 рублёў за кг), а таксама бялкі яек (у прыватнасці, перапяліныя яйкі здольныя рэгуляваць гарманальны фон ва ўмовах стрэсу). Каштуюць 20 перапяліных яек сёння каля 3,5-4 рублёў.

 

 

 

 

Сярод прадуктаў-афрадызіякаў ганаровае месца належыць таксама сырам з цвіллю — невыпадкова іх традыцыйна ўключаюць у вясельнае меню многіх народаў. Дыетолагі лічаць, што прычына павышэння лібіда пасля ўжывання такіх сыроў — рэчыва трыптафан, яно стымулюе выпрацоўку «гармонаў задавальнення» ў мозгу. Сыры з цвіллю па традыцыі дарагія. Італьянскі сыр з блакітнай цвіллю абыдзецца каля 14-15 рублёў за 100 г, нямецкі Camembert — каля 9,5 рубля за 125 г, 18 рублёў прыйдзецца не пашкадаваць за столькі ж грамаў французскага Brіe. Элітныя сыры айчыннай вытворчасці будуць на парадак таннейшыя. Напрыклад, гарганзола ад Слуцкага сыраробнага камбіната абыдзецца каля 7 рублёў за 100 г.

 

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ, "ЗВЯЗДА"

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!