Куды прыляцела Крыштальная Сава? Максім Хоміч быў прызнаны лепшым іграком летніх гульняў-2022 знакамітага тэлевізійнага клуба “Што? Дзе? Калі?”

 

Ці ведаеце вы, што нядаўні жыхар Шчучына і выпускнік трэцяй гарадской школы, а зараз гродзенец Максім Хоміч быў прызнаны лепшым іграком летніх гульняў-2022 знакамітага тэлевізійнага клуба  “Што? Дзе? Калі?” і стаў уладальнікам  галоўнага прыза – Крыштальнай Савы, якая ўручаецца лепшаму знатаку або тэлегледачу за яго неардынарнае, а галоўнае -- неразгаданае інтэлектуаламі пытанне.   

 

Па меркаванні  вядучага тэлегульні Алеся Мухіна, менавіта эканаміст Максім Хоміч праявіў сапраўдны крэатыў, прыдумаўшы пытанне, звязанае з правіламі гульні ў шахматы, перад якім спасавалі нават усёведныя знатакі. Акрамя Крыштальнай Савы Максім Мікалаевіч выйграў грашовы прыз -- 2 тысячы рублёў, а таксама спецыяльны сертыфікат, які дае права на 5-працэнтную зніжку пры пакупцы кватэры ў жылым комплексе “Мінск-Мір”.

 

Ці была выпадковай удача  нашага земляка, што зараз паспяхова працуе вядучым эканамістам аддзела па рабоце з бізнес-кліентамі Гродзенскай абласной дырэкцыі Белгазпрамбанка? Па словах Максіма Хоміча, яго захапленне баталіямі клуба “Што? Дзе? Калі?” пачалося яшчэ ў школьныя гады, калі, седзячы ля тэлевізара, ён імкнуўся самастойна знайсці адказ на каверзныя пытанні. Будучы старшакласнікам, і сам увайшоў у каманду школьных знатакоў, а ў студэнцкія гады нязменна абараняў гонар універсітэта ў інтэлектуальных гульнях, якія ладзіліся паміж ВНУ краіны.

 

Свае ж пытанні стаў прыдумваць пазней. Час ад часу, калі нараджаецца цікавая ідэя, наш зямляк па электроннай пошце адпраўляе складзеныя “задачкі”  не толькі ў беларускі, але і ў маскоўскі клуб. Аказваецца, упершыню пытанне М.М. Хоміча было ўключана ў гульню беларускіх знатакоў яшчэ вясной 2019 года. І тады ён таксама атрымаў упэўненую перамогу!  

 

   
Па прызнанні Максіма, яго пытанні, як правіла, звязаны з сучасным жыццём, перадавымі тэорыямі і тэхналогіямі. Што тычыцца шахмат, то і тут імпульсам паслужыў прачытаны навуковы артыкул пра новую методыку ў старажытнай гульні. На падставе атрыманых ведаў і сфармуляваў пытанне, якое дапамагло заваяваць статус лепшага іграка летняй серыі гульняў інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?”.
 Нават атрымаўшы такую прэстыжную ўзнагароду, як Крыштальная Сава, наш зямляк не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Між іншым, гэта цудоўны прыклад, як дзякуючы сваёй эрудыцыі быць адначасова тэлегледачом, актыўным іграком і ўладальнікам інтэлектуальных ды матэрыяльных актываў.  

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!