Кожны сам піша кнігу жыцця. Героямі рубрыкі "Фамільная каштоўнасць" сталі нашы зем-лякі Булгакавы і Набокавы

 

Знаўцам літаратуры вядомы Булгакаў і Набокаў – пісьменнікі, якія пакінулі багатую літаратурную спадчыну. На Шчучыншчыне ёсць цёзкі гэтых творцаў па прозвішчы. Але нашым землякам не патрэбна чужая слава. Ім хапае сваіх досведу і мудрасці, яны ўмеюць знаходзіць асалоду ў звычайных рэчах і сваімі справамі ды ўчынкамі паспяхова пішуць уласную кнігу жыцця.

 

Набокавы работы не баяцца

 

Соф’я Станіславаўна Набокава з вёскі Лычкаўцы не любіць сядзець без справы. Кажа, з маленства прывучана быць у руху і мець занятак. “Наша сям’я была ну вельмі мнагадзетная! – усміхаецца жанчына. – Бацькі выхоўвалі дзевяць дзяцей. Нам, тром братам і шасці сёстрам, гуляць не было калі, мы летам за работай канікулаў не бачылі…”.

 

Бацькі жанчыны – Алена Станіславаўна і Станіслаў Антонавіч Бекішы – не толькі далі сваім дзецям жыццё, але і навучылі іх не цурацца ніякай работы, дружыць і дапамагаць. “Адна сястра праз дарогу ад мяне жыве, адзін з братоў таксама ў Лычкаўцах, лічы, штодзень бачымся. Яшчэ адзін брат – у Васілішках, – пералічвае гаваркая жанчына. – Яшчэ трое з нашай радзіны асталяваліся ў Гродне, Азёрах і Путрышках. А дваіх, на жаль, даўно няма з намі…”.

 

Падумала: як добра, што ўсе дзеці з сялянскай мнагадзетнай сям’і не разляцеліся па свеце, а аселі паблізу Бацькаўшчыны. Але тут даведваюся, што мая суразмоўца ў маладосці далёка з’язджала ад роднага парога.
– Пасля школы я працавала афіцыянткай у вайсковай часці ў Шчучыне і пазнаёмілася з Анатоліем Набокавым, які тут праходзіў тэрміновую службу, быў вадзіцелем у камандзіра палка. Мы пажаніліся і паехалі на яго радзіму – у Харкаў, – прыгадвае Соф’я Станіславаўна. – Было гэта ў 1976 годзе. Там нашы сыны нарадзіліся, старэйшы нават школу скончыў. Жылі, працавалі. Муж Анатоль – вадзіцелем на “хуткай”, а я – і на заводзе, і ў дзіцячым садку, і памочнікам повара… Шмат прафесій асвоіла. Скажу шчыра – цяжка было жыць. Але мы ўсе цяжкасці праз працу і пераадольвалі…

 

Сям’я Набокавых пра Беларусь не забывала. Прыязджалі ў водпуск у родныя для Соф’і Рагелеўцы, што ля Бакштаў. Адпачывалі і зноў вярталіся ў Харкаў. Але ў пачатку 90-х усё памянялася – у краіне і лёсе сям’і таксама. Анатолій Уладзіміравіч быў адзіным сынам у бацькоў, і калі старэйшыя Набокавы скончылі свой зямны шлях, Соф’я Станіславаўна завяла з мужам размову пра пераезд на Шчучыншчыну. Кіраўніцтва калгаса імя Суворава, куды яны звярнуліся, выказала гатоўнасць прыняць гарадскую сям’ю, выдзеліла ім дом у Лычкаўцах. Муж і жонка пайшлі працаваць: ён спачатку ў жывёлагадоўлю, а потым вадзіцелем малакавоза. “Я, пакуль дазваляла здароўе, была даяркай, затым прыёмшчыцай малака і паляводам, – расказвае жанчына. – Праца цяжкая, механізацыі мінімум, не тое што цяпер… Добрым падспор’ем служыла вялікая гаспадарка: мы трымалі дзве каровы, цялят, коз, свіней, птушку. І цяпер у хляве жыўнасці хапае. Я ўжо на пенсіі, завіхаюся дома, а муж усё яшчэ працягвае працаваць слесарам у мехмайстэрні. Жывем удваіх, дзеці раз’ехаліся”.

 

Софья Станіславаўна ахвотна распавядае пра сваіх родных. Старэйшы сын Сяргей ажно ў Германіі, жыве з жонкай Аксанай і дзецьмі ў невялікім курортным гарадку, працуе ў фермерскай гаспадарцы. “Я ў іх у гасцях разоў з пяць была, і з мужам, і з сынам ездзіла. І яны раней да нас двойчы на год прыязджалі, – дзеліцца жанчына. – Сёлета каранавірус не дазволіў сустрэцца. Але нічога, па Вайберы мы штодзень размаўляем… А малодшы сын Андрэй жыве ў Шчучыне, працуе кранаўшчыком у МПМК-167, выхоўвае з жонкай Таццянай дачушку і двух сыноў. Усё у іх добра. Увогуле я сваімі нявесткамі задаволена: на любую тэму можам пагаварыць, і дапамагаюць, калі трэба. Сёлета, у лютым, на маё 65-годдзе нявестка Таня страў на ўсю вялікую кампанію нагатавала. І яе мама, мая свацця Іра Семяняка – яна повар, дапамагла. Душэўна пасядзелі. Ведаеце, нават мая сяброўка і кума Людміла з Харкава прыехала. Мы з ёй з маладых год вельмі дружым, тэлефануем адна адной ці не штодзень”.

 

“Здаецца, нічога лішняга не нагаварыла, – раптам занепакоілася мая субяседніца. – Усё жыццёвае”. “Так і ёсць”, – кажу ёй. Шкада толькі, што не давялося пагутарыць з гаспадаром дома Анатоліем Уладзіміравічам Набокавым – быў на працы. Па словах жонкі, спачатку ён крыху сумаваў па родных мясцінах, ездзіў туды, а потым прывык. Цяпер лічыць Беларусь другой Радзімай. А пра любую неньку-Украіну мужчыну нагадваюць фотаздымкі і рэчы, што прывёз некалі, ды… варэнікі, якія па сваім фірменным рэцэпце па-ранейшаму адмыслова гатуе Соф’я Станіславаўна.

 

Наталля Булгакава:  “У школе я захаплялася “Майстрам і Маргарытай”

 

 

– Так, так, “Майстра і Маргарыту” Міхаіла Булгакава перачытвала некалькі разоў, – дзеліцца жыхарка Шчучына Наталля Булгакава. – Падабаліся і іншыя творы знакамітага пісьменніка. Некаторыя сябры скардзіліся, што раман складаны для ўспрымання. А ў мяне атрымалася зразумець яго сюжэтныя лініі і ацаніць філасофскую глыбіню.

 

Па словах Наталлі Яўгеньеўны, любоў да літаратуры прывіла ёй настаўніца рускай мовы і літаратуры і класны кіраўнік Ванда Іосіфаўна Кашэта. І сёння былая вучаніца ўдзячна ёй за гэта.

 

Зачытваючыся ў школьныя гады Булгакавым, вучаніца Ляшчанскай школы Наташа Ханько, вядома ж, і падумаць не магла, што праз пэўны час сама будзе насіць такое ж прозвішча, як і сусветна вядомы пісьменнік. Тады дзяўчына з вёскі Амбілеўцы проста будавала свае планы на будучыню, выбірала прафесійны шлях.

 

– Скончыла я Гродзенскае медыцынскае вучылішча, – распавядае субяседніца. – Выбар быў усвядомлены, прафесія падабалася. Прыкладам у выбары стала мая цёця, якая працавала медсястрой у Магілёве. І, ведаеце, я ніколі не пашкадавала, што апранула белы халат!

 

Наталля расказвае пра свой шлях у медыцыне. Як пасля заканчэння вучылішча працавала медсястрой у Смаргонскай раённай бальніцы, а ў 2011годзе вярнулася на малую радзіму. Уладкавалася ў арганізацыйна-метадычны кабінет Шчучынскай ЦРБ на пасаду медстатыстыка. Прызнаецца, пайшла менавіта сюды, бо задаволіў графік работы – даваў магчымасць больш часу праводзіць з малым сынам Максімкам. Цяпер хлопчыку ўжо 12 год, ён хутка расце і актыўна развіваецца. Ёсць у Максіма Булгакава цікавае захапленне – спідкубінг. Недасведчанаму чалавеку складана “расшыфраваць” гэта слова, а вось маме Наталлі ўсё зразумела. “Спідкубінг – гэта спаборніцтва на хуткасную зборку кубіка Рубіка, – тлумачыць яна мне. – У чалавека, які гэтым пастаянна займаецца, развіваецца стратэгічнае мысленне. Гэта цудоўная трэніроўка памяці і рэакцыі. Адным словам, своеасаблівы трэнажор для мозга”. Зразумела, што жанчына падтрымлівае захапленне сына галаваломкамі: пастаянна заказвае праз інтэрнэт і купляе кубікі розных форм і канфігурацый. Гэта хобі не шкодзіць галоўнай задачы, якая стаіць перад хлопчыкам, – добра вучыцца. Максім паспявае па школьных прадметах, асабліва ахвотна вывучае англійскую мову, радуецца яго матуля.
Акрамя любімага сыночка, побач з Наталляй яшчэ некалькі родных людзей. Гэта мама і сястра. Дзякуючы ім, падкрэслівае маладая жанчына, ёй так спакойна і камфортна ў жыцці.

 

– Мама мая, Галіна Мікалаеўна Ханько, жыве ў Амбілеўцах, ужо на пенсіі, але ўсё яшчэ працуе: яна брыгадзір вытворчай брыгады фермы “Амбілеўцы”, што ў ААТ “Дэмбрава”, – расказвае Наталля. – Мама вельмі добрая, клапатлівая, акуратная, гаспадынька цудоўная. Любіць і ўмее гатаваць, пастаянна рэцэпты новыя знаходзіць і апрабоўвае … А ўнукі толькі і чакаюць, якой смакатой бабуля іх пачастуе. А сястра, Святлана Яўгеньеўна Піліпчык, як і я, жыве ў Шчучыне, яна спецыяліст па кадрах у мясцовым філіяле “Молочного Мира”. Тое, што ўсе мы побач, так добра! Падтрымліваем адна адну, раімся, разам святы сустракаем…

 

Дарэчы, пра святы. Хутка Каляды і Новы год, і прайсці незаўважанымі яны не могуць, нягледзячы на самыя розныя нечаканасці, якія падкідвае жыццё.

 

– Напрыканцы года – час справаздач, многа работы. Тым не менш па традыцыі бліжэй да свята збіраемся ўпрыгожыць свой кабінет самаробнымі шарамі з нітак, зорачкамі, ёлкамі і домікамі, папяровымі фігуркамі, аб’ёмнымі выцінанкамі … Я ж тут яшчэ і галоўны спецыяліст па ўпрыгажэннях, – жартуе Наталля Яўгеньеўна. – Калегі Ганна Антонаўна Цеслюкевіч і Людміла Яўгеньеўна Фаляжынская дапамогуць. А наш загадчык Іосіф Феліксавіч Лышчык, спадзяемся, станоўча ацэніць нашу работу (смяецца). Будзе прыгожа і ўтульна. Мы ж у медыцынскай установе працуем. А добры настрой – таксама лекавы эфект мае.

 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота з сямейных архіваў.

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!