Кожнаму падворку – спецыялізаваны кантэйнер

Зараз актыўна ідзе падрыхтоўчая частка да рэалізацыі на рэгіянальным узроўні задач Нацыянальнай стратэгіі па звароце цвёрдых камунальных адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў на перыяд да 2035 года, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Карэспандэнт газеты “Дзянніца” сустрэўся з начальнікам участка добраўпарадкавання, санітарнай ачысткі і рытуальных паслуг Шчучынскага РУП ЖКГ Д.Т. Місюком, каб даведацца пра распрацаваную канцэпцыю і новыя падыходы да тэмы раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА), рацыянальных адносін да таго, што можа прынесці даходы.

 

 – Работа ў гэтым напрамку ў Шчучыне распачалася яшчэ ў 2015 годзе, калі ў мікрараёнах шматкватэрнай забудовы было ўстаноўлена 200 кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. Трэба сказаць, вельмі многія гараджане ахвотна падхапілі гэты пачын і з усёй адказнасцю раскладваюць па “імянных” скрынях шкло, пластык, макулатуру, чым значна аблягчаюць работу сартавальнай лініі. Нагадаю, што яна з’явілася ў Шчучыне па вуліцы Авіятараў, 13а яшчэ ў 2016 годзе: туды паступаюць адходы і з горада, і з населеных пунктаў сумежных сельсаветаў. Калі са змешанага смецця нам удаецца здабываць 6-8 працэнтаў другасных матэрыяльных рэсурсаў, то з раздзельна сабраных бытавых адходаў – 60-70 %. Як бачыце, узнятая праблема ўключае ў сябе сур’ёзны экалагічны і эканамічны аспект.

 

 – І тут, пагадзіцеся, у нас задзейнічаны яшчэ не ўвесь патэнцыял…

 

– Сапраўды, значны рэзерв мы бачым у тым, каб больш актыўна падключыць да раздзельнага збору адходаў жыхароў індывідуальнага сектара. Спецыялісты Шчучынскага РУП ЖКГ ужо распрацавалі тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне на набыццё 3670 еўракантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і набыццё смеццевоза з задняй загрузкай для транспарціроўкі цвёрдых камунальных адходаў. Плануецца, што ўжо сёлета мы ўкаранім кантэйнерную сістэму ў кожным домаўладанні індывідуальнай жылой забудовы ў горадзе Шчучыне.

 

 – Хто прафінансуе гэты праект?

 

 – Сродкі выдзеліць ДУ “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”. Пасля закупкі кантэйнераў абавязкова заключым дагаворы на адказнае захаванне з іх карыстальнікамі. На кожным падвор’і “прапішуцца” дзве пластыкавыя ёмістасці на 120 літраў кожны: адзін з кантэйнераў прызначаны для цвёрдых камунальных адходаў, а другі – для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія агульнымі намаганнямі набудуць другое жыццё. Да прыкладу, шкло мы пастаўляем ААТ “Белрэсурсы”, палімеры – ААТ “Рэпластык М” і “Белвторполимер”, макулатуру – кампаніі “Альберцін”. Нашы спецыялісты падлічылі, што эканамічны эфект пры кантэйнернай сістэме раздзельнага збору ЦКА ад кожнага домаўладальніка складзе больш за 40 тысяч рублёў у год. Праект стартуе з райцэнтра, але паступова, крок за крокам, ён ахопіць сельскую мясцовасць – усе буйныя населеныя пункты. Дарэчы, праграма разлічана да 2035 года.

 

 – Дзмітрый Тадэвушавіч, а што рабіць з будаўнічымі адходамі, калі ў кватэрах ідзе рамонт і ўсё грунтоўна аднаўляецца? Людзі замяняюць дзверы і вокны, выкідваюць старыя канапы і шафы...

 

 – Гэта для нас, камунальнікаў, вельмі злабадзённае пытанне. Хачу завастрыць увагу паважаных чытачоў, што будаўнічыя адходы, згодна з дзеючым заканадаўствам, не адносяцца да ЦКА, і грамадзяне павінны браць выдаткі на сябе. Як варыянт – патэлефанаваць у кліентскую службу РУП ЖКГ (тэл.
76-216), дзе вам растлумачаць, якім чынам аплаціць гэту паслугу, каб вывезці буйнагабарытныя рэчы на палігон.
Дарэчы, каб спрасціць задачу, па даручэнні старшыні райвыканкама мы ў бліжэйшы час абуладкуем спецыяльную пляцоўку па вуліцы Авіятараў каля сартавальнай лініі адходаў, куды можна будзе прывезці і пакінуць вышэйпамянёныя будаўнічыя адходы або старую мэблю….

 

 – Ці тычыцца гэта адпрацаваўшых сваё халадзільнікаў, тэлевізараў, пральных машын?

 

 – Дастаткова вам патэлефанаваць па нумары адзінай дыспетчарскай службы 115, і мы самі прыедзем забраць непатрэбную вам бытавую тэхніку, а калі вы даставіце яе на вуліцу Авіятараў, 13а, то з вамі разлічацца па дзеючых расцэнках. Там жа мы прымаем ад насельніцтва макулатуру, пэт-бутэлькі, шкло… Да прыкладу, чвэрць сабранага шкла ад гадавога аб’ёму здадзена менавіта жыхарамі: гэта ні многа ні мала, а каля 30 тон.

 

 – Нядрэнныя паслугі для гараджан, а як скарыстацца імі вяскоўцам?

 

 – У сельскай мясцовасці мы рэгулярна арганізоўваем месячнікі па прыёме другасных матэрыялаў, а па буйную партыю рэсурсаў гатовы прыехаць, што называецца, па-за графікам, таму людзям ёсць сэнс скааперавацца і зрабіць адпаведную заяўку праз дыспетчарскую службу (тэл. 115). Так, нядаўна мы забралі ў жыхароў берштаўскага рэгіёна цэлы грузавік шкла – 4 тоны. І такія падыходы будзем практыкаваць і далей. Не павінна забруджваць наш асяродак тое, што можна перапрацаваць і з чаго можна мець рэальны даход.

 

Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!