Кованы дэкор Юзэфа Янкевіча. Расказваем пра чалавека, які самастойна асвоіў рамяство каваля і здзіўляе землякоў сваімі ўнікальнымі вырабамі

 

Пазнаць дом каваля не цяжка. Па ўсёй вуліцы (а можа, і ўвогуле па ўсіх Васілішках!) такой сядзібы, аздобленай металічнымі карункамі з пазалотай, больш не знойдзеш! Бадай, самае каштоўнае, што гэта неверагодная прыгажосць зроблена ні кімсьці пад заказ, а мазолістымі рукамі і талентам самога гаспадара – Юзэфа Янкевіча.

 

Прыгожы падворак патанае ў майскай квецені, а за арыгінальнай брамкай (самай першай работай каваля) такі ж узорны парадак: перад домам на вулічнай тэрыторыі таксама высаджаны маладыя дрэўцы, акуратна падстрыжаны газон, “аўтарскі” казырок у мастацкім абрамленні надзейна ахоўвае ад дожджыку паштовыя скрыні ўсіх жыхароў вуліцы. Такі прыемны падарунак нядаўна падрыхтаваў Юзэф Баляслававіч для суседзяў.
Ён сходу паказвае сваю майстэрню, кавальскую печ і кавадла, дзе з абсалютна непрывабных металічных рэек у спрытных руках майстра нараджаюцца мудрагелістыя элементы будучага арнаменту для балкончыка ў французскім стылі ці варотаў накшталт замкавых, для каларытнай кветніцы пры вертыкальным азеляненні або гарэзлівых арэляў, што парадуюць у вольны час і дзяцей, і дарослых. Здаецца, усё падуладна гэтаму ўмельцу, які імкнецца найперш да якасці і дасканаласці. Свае ідэі і задумкі спачатку выношвае ў галаве, потым пераносіць на паперу, доўга вылічвае, прымярае і толькі тады бярэцца за фізічную работу. Каб аблегчыць нялёгкую кавальскую працу, сам змайстраваў некалькі станкоў – без дапамогі інтэрнэту, без нечых падказак. Праўда, базай для тэхнічных “ноу-хау” паслужыла яшчэ дзедаўскае абсталяванне, што калісь механізавала малацьбу ды работу сячкарні, а зараз дзякуючы рацыяналізатарскай кемлівасці дзейнічае на новы лад і з’яўляецца вялікай падмогай.

 

 

– Адкуль жа ў Вас талент такі, Юзэф Баляслававіч? Хто навучыў сакрэтам рамяства? – пытаюся ў гаспадара.

 

– У нас у родзе ўсе такія. Напэўна, на генетычным узроўні з пакалення ў пакаленне перадаюцца здольнасці ды працавітасць, – усміхаецца мужчына і ўзгадвае сямейныя паданні – пра дзеда Адама, што 25 год праслужыўшы ў царскай арміі, вярнуўся ў родныя мясціны з добрым запасам залатнікоў, разам з братам купіў у Старадворцах зямлю і 15 гектараў лесу, стварыў сям’ю, навучыў і сына, і ўнукаў быць сапраўднымі гаспадарамі.

 

 

– Бацька мой славіўся ўмельствам дамы будаваць, стрэхі крыць саломай і дранкай, не кажучы ўжо пра шыфер. А старэйшы брат Антон кавальскую справу асвоіў, – расказвае Ю.Б. Янкевіч. – Я таксама ў маленстве з рук малаток не выпускаў, за ўсё браўся, усяму ў старэйшых вучыўся. І прафесію выбраў рабочую. Пасля заканчэння Воранаўскага СПТВ адразу некалькі запатрабаваных у аграрным сектары спецыяльнасцей набыў.

 

Адслужыўшы ў арміі, Юзэф працаваў калгасным вадзіцелем. Аднойчы дастаўляў на крухмальны завод буракі, а вяртаючыся назад, падвёз дзяўчыну, якая працавала майстрам на прадпрыемстве “Магнітола”. Слова за слова, пазнаёміліся, дамовіліся аб сустрэчы – і закруціўся раман, які па ўсіх класічных законах жанру выліўся ў вяселле.

 

 

– Наташы, як сямейнаму чалавеку, ад завода адразу прапанавалі пакой у інтэрнаце, я б таксама ў Гродне мог знайсці работу, але мы вырашылі, што будзем жыць у сельскай мясцовасці, а перспектыўныя Васілішкі для гэтага падыходзілі найлепшым чынам, – гаворыць Юзэф Баляслававіч. – Час паказаў, што зрабілі вельмі правільны выбар.

 

Сёння супружная пара Янкевічаў працуе ў ААТ “Васілішкі”, а рамесная дзейнасць Юзэфа Баляслававіча – гэта больш занятак для душы. У свой час сям’я купіла сціплы домік, які дзякуючы працавітым рукам зараз не пазнаць – рэканструяваны, аздоблены кавальскімі шэдэўрамі гаспадара, у якога, як высветлілася, да ўсяго яшчэ і дар садоўніка, кветкавода, ландшафтнага дызайнера… Па ўсім бачна, што тут вельмі любяць кветкі і фларыстычныя кампазіцыі: утульны дворык з ранняй вясны і да позняй восені радуе вока мноствам колераў.
У Янкевічаў ёсць усе падставы ганарыцца сваімі дзецьмі, якіх бацькі выхавалі добрымі і прыстойнымі людзьмі. Сын Ян працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам, а дачка Марыя паспяхова закончыла медуніверсітэт і стала ўрачом. Прыязджаць у родны дом яны любяць – тут надзейна, утульна і вельмі прыгожа.
– У планах – закончыць афармленне параднага ўваходу, выкаваць альтанку, арыгінальны мангал, – дзеліцца Юзэф Баляслававіч. – Гэта – для сваёй сям’і, але і для родных мясцін прыемна штосьці адметнае стварыць. Да прыкладу, у нас з Уладзімірам Уладзіміравічам Сянютам, загадчыкам клуба-музея Чэслава Немэна, ёсць сумесныя задумкі, і іх мы ўжо паспяхова рэалізоўваем. Думаю, удасца прыемна здзівіць і турыстаў, і землякоў. А пакінуць свой след на зямлі павінен кожны.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!