Клопату многа не бывае. Сацыяльная служба прымае заказы ад адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў на дастаўку ім прадуктаў і лекаў

Як сцвярджаюць медыкі, найбольш уразлівыя да вірусаў пажылыя людзі, таму яны павінны знаходзіцца пад асаблівай апекай. Ніводны адзінокі пажылы чалавек не павінен быць забыты -- на такі прынцып работы нацэльвае сацыяльныя службы і Прэзідэнт.

 

 

-- З 20 сакавіка ў нас арганізавана «гарачая лінія» «Дапамага пажылым». Усе адзінокія пажылыя людзі і інваліды могуць звярнуцца па тэлефоне 21-0-85 па дапамогу ў дастаўцы прадуктаў харчавання, лякарства і тавараў першай неабходнасці, – паведаміла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Святлана Уладзіміраўна Шанчук. – Заяўкі прымаюцца штодзённа, у тым ліку ў выхадныя дні, з 9.00 да 18.00. Пакуль зваротаў на «гарачую лінію» не паступала. Лічу, яны з'явяцца, калі пра акцыю даведаецца як мага больш людзей.

 

 

Дарэчы, указаны нумар тэлефона належыць менавіта ТЦСАН, і дзяжураць ля аппарата ў вызначаны час спецыялісты гэтай установы. Яны запішуць адрас, перададуць заяўку сацыяльным работнікам на сяле ці ў горадзе. Тыя ў сваю чаргу прыйдуць да пажылога чалавека, высветляць, у чым ён мае патрэбу. Трэба разумець, што бясплатнай з'яўляецца сама дастаўка тавараў і лекаў, а іх набыццё робіцца за сродкі таго чалавека, які іх заказвае.

 

 

-- Работнік сацыяльнай службы, які прыйдзе ў дом, каб прыняць заказ на дастаўку прадуктаў ці лекаў, абавязкова прад'явіць пасведчанне, -- запэўніла С.У. Шанчук. – Дарэчы, жаданне падставіць нам плячо ў гэтай справе выказалі валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа і БРСМ. Да таго ж нашы работнікі гатовы дапамагчы ў дастаўцы прадуктаў і лекаў і тым пажылым людзям, якія не знаходзяцца на надомным абслугоўванні. Яны ўжо выканалі просьбу 23 пенсіянераў. Гэтыя вяскоўцы вырашылі прыслухацца да парады застацца  дома і абмежаваць зносіны і кантакты.

 

 

А яшчэ сацыяльная служба праінфармавала сваіх падапечных, як паводзіць сябе ў перыяд уздыму сезонных захворванняў і рызыкі заражэння каранавіруснай інфекцыяй і пра меры прафілактыкі.

 

 

Каб мінімізаваць рызыку заражэння пажылых людзей, сацыяльныя работнікі кантралююць свой стан здароўя: двойчы на дзень мераюць тэмпературу, што фіксуецца ў журнале ўліку. Усе яны забяспечаны індывідуальнымі сродкамі аховы – маскамі, пальчаткамі, антысэптыкамі.

 

 

У ТЦСАН прыняты і іншыя меры па прафілактыцы і абароне ад вірусных захворванняў пажылых людзей. У прыватнасці, абмежавана наведванне насельнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Астрыне, пад кантролем іх выхад за тэрыторыю і, безумоўна, стан здароўя.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!