Казачны бум у цэнтры горада. У Шчучыне прайшоў традыцыйны навагодні конкурс на лепшага Дзеда Мароза і Снягурку
Канец года – самая актыўная пара ранішнікаў і святочных мерапрыемстваў для дзяцей. Ні адна вясёлая імпрэза ў гэты час не абыходзіцца без казачных персанажаў, якія і ствараюць цудоўную атмасферу для маленькіх гледачоў. Па добрай традыцыі, у апошні тыдзень года ў Шчучыне ля галоўнай ёлкі раёна прайшоў конкурс на лепшага Дзеда Мароза і Снягурку.
Сёлета на званне самага казачнага дуэта прэтэндавалі сем калектываў з розных арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна. Галоўнай задачай канкурсантаў было развесяліць дзяцей і дарослых з дапамогай акцёрскага майстэрства, музычных нумароў і цікавых заданняў. За выступамі Дзедаў Марозаў і Снягурак пільна сачыла камісія членаў журы пад кіраўніцтвам загадчыка сектара культуры Шчучынскага райвыканкама Анжэлы Турэвіч.
Дружны карагод, вясёлыя танцы і гучныя песні напаўнялі плошчу Свабоды. Дзеці адгадвалі загадкі, расказвалі вершы, а ўдзельнікі конкурсу стараліся ні на секунду не пакінуць без увагі юную публіку, забаўляючы яе насычанай гульнявай праграмай. Самых актыўных хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі падарункі, а цукерак для дзяцей ніхто не шкадаваў.
Акрамя таго, на казачнае свята ў рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы Год” завіталі прадстаўнікі Шчучынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Выратавальнікі ў гульнявай форме расказвалі асноўныя правілы супрацьпажарнай бяспекі і знаходжання на лёдзе, раздавалі цікавыя тэматычныя брашуры і размалёўкі.
Усе ўдзельнікі конкурсу аднесліся да сваіх выступленняў адказна і творча. Аднак члены журы ўсё ж змаглі выбраць пераможцаў і прызёраў. Так, трэцяе месца заняў дуэт гімназіі горада Шчучына, на другім месцы размясціліся прадстаўнікі Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір”, яны ж забралі і прыз сімпатый гледачоў. А перамаглі ў конкурсе Дзед Мароз і Снягурка з ААТ “Шчучынаграпрадукт”.
Пад акампанемент з дзіцячага смеху і радасных воклічаў удзельнікі і прызёры конкурсу атрымалі памятныя падарункі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.