Канфлікт паміж маладымі людзьмі, узнікшым падчас сельскай дыскатэкі, скончыўся для аднаго працяглым лячэннем, а для другога – прыгаворам суда
У той вечар у адной з устаноў культуры ладзілася дыскатэка. Нягледзячы на яе сельскую прапіску, недахопу ў жадаючых павесяліцца не было: тут збіраліся мясцовыя жыхары, моладзь з гарадоў і населеных пунктаў суседняга раёна. Вось і Кастусь (тут і далей імёны зменены, а ўсе супадзенні выпадковыя. – Заўв. аўтараў) з жонкай Наталляй, якія напярэдадні прыехалі ў вёску да радні, заахвоціліся культурна правесці вечар.
Разам з сябрамі пара накіравалася на дыскатэку. Патанцавалі, пабачыліся са знаёмымі, адпачылі. Праз нейкі час Наталля была ўжо не супраць вярнуцца дамоў, але каханы гэта жаданне не падтрымаў. У той момант, калі муж і жонка, стоячы ў ганку, што называецца, выбіралі прымальны для сябе варыянт, а іх сябар спрабаваў знізіць напал эмоцый, міма праходзілі двое юнакоў. Адзін з іх не ўстрымаўся, зачапіў славесна: “Што вы так моцна размаўляеце…”. На заўвагу пачулася:” Ідзіце – куды ішлі”. А ў адказ – задзірыстае: “Што ты сказаў? Паўтары!”.
Не будзем удавацца ў падрабязнасці перабранкі. Але хутка Кастусь і Сямён – адзін з тых юнакоў, што зачапілі мужа і жонку – ужо стаялі адзін насупраць аднаго. У нейкі момант нястрыманы Сямён нанёс апаненту ўдар у падбародак. Калі той адляцеў убок, наскочыў яшчэ раз… Хлопцы схапіліся за грудкі, пачалася валтузня. Сябры расцягнулі байцоў, выцеснілі іх з ганка на вуліцу і развялі ў розныя куткі “рынгу”. У прыватнасці, Наталля абхапіла мужа дзвюма рукамі, супакойвала. І ў гэты самы момант яго ваяўніча настроены крыўдзіцель зноў падбег і па-здрадніцку, са спіны яшчэ раз ударыў мужчыну ў твар. Зноў замахнуўся, але падаспелі відавочцы і адцягнулі хулігана. Яны ж выступілі сведкамі ў судзе. Зрэшты, паводзіны кожнага ўдзельніка канфлікту зафіксавалі і камеры назірання, устаноўленыя ля сельскага клуба.
Гэтыя недарэчныя разборкі прынеслі многа непрыемнасцей. Траўмаваны Кастусь вымушаны быў звярнуцца па дапамогу да медыкаў, і тыя дыягнаставалі ў маладога чалавека адкрыты пералом ніжняй сківіцы і іншыя пашкоджанні. Ён доўга знаходзіўся на лячэнні. Што да “гарачага” Сямёна, то ён не доўга хадзіў пераможцам. Як толькі ім зацікавіліся праваахоўнікі, чыстасардэчна раскаяўся ва ўчыненні злачынства. Гэта акалічнасць, а таксама тое, што раней праблем з законам хлопец не меў, працаваў, станоўча характарызаваўся, паўплывала на прыгавор. Прызнаўшы Сямёна вінаватым у наўмысным нанясенні менш цяжкага цялеснага пашкоджання, на падставе ч.1 арт. 149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суд прызначыў яму штраф у памеры 30 базавых вельчынь, што складае 765 рублёў. На карысць пацярпелага з яго будзе спагнана кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 500 рублёў.
Алена АДАМІЦКАЯ,
старшы памочнік пракурора раёна. Таццяна ВІТАЛЬЕВА.