Канцэрт аркестра, выступ кінолага са службовым сабакам і выстава зброі. Даведайцеся, як прайшла сустрэча прадстаўнікоў Гродзенскай памежнай групы з жыхарамі Астрынскага сельсавета

 

Радзіма пачынаецца з дзяржаўнай мяжы, аб гэтым бадай, як ніхто іншы, ведаюць памежнікі – людзі, якія дзень і ноч стаяць на варце рубяжоў нашай краіны. Вялікую дапамогу ў гэтай важнай службе ім аказваюць мясцовыя жыхары, ад пільнага вока якіх складана схавацца нават самым спрактыкаваным злачынцам.

 

Традыцыйна прадстаўнікі Гродзенскай памежнай групы праводзяць сустрэчы з жыхарамі памежных населеных пунктаў. Нядаўна такая інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя прайшла ў гарадскім пасёлку Астрына.

 

 

Мерапрыемства прайшло ў Астрынскай сярэдняй школе імя А.С. Пашкевіч (Цёткі). Увагу вучняў прыцягнула выстава ўзбраення і рыштунку байцоў Гродзенскай памежнай групы. Дзецям паказалі зброю, аптычныя прылады, прыцэлы начнога бачання, сродкі для затрымання парушальнікаў і сігнальныя ракетніцы. Ветлівыя памежнікі падрабязна расказалі і паказалі цікаўным школьнікам, як абслугоўваць і выкарыстоўваць тыя ці іншыя прадметы ў сваёй службе.

 

 

У вялікім захапленні засталіся дзеці ад знаёмства са службовай нямецкай аўчаркай Цінай. Падчас паказальнага выступу кінолаг прадэманстраваў, як сабака дапамагае шукаць і затрымліваць парушальнікаў дзяржаўнай мяжы.

 

Далей адбылася сустрэча з мясцовым насельніцтвам у актавай зале школы. Прысутных прывітаў начальнік аддзялення інфармацыі і прапаганды аддзела ідэалагічнай работы Гродзенскай памежнай групы маёр Іван Бондар. Афіцэр шчыра падзякаваў за дапамогу, якую мясцовыя жыхары аказваюць органам памежнай службы, і расказаў аб актуальнай абстаноўцы на дзяржаўнай мяжы.

 

 

– Усе вы глядзіце навіны і ведаеце, што зараз на знешніх рубяжах нашай краіны сітуацыя неспакойная, – заўважыў Іван Бондар. – Аднак мушу вас запэўніць, што абстаноўка намі кантралюеццца, яна стабільная. У Рэспублікі Беларусь дастаткова сіл, каб супрацьстаяць любому патэнцыяльнаму ўзброенаму нападзенню. Не мы, не нашы суседзі не хочам вайны, таму маем упэўненасць, што ўсё будзе добра. Беларусь – мірная краіна, якая за перыяд сваёй незалежнасці ні разу не брала ўдзел у баявых дзеяннях. Спадзяемся, што мы і далей будзем заставацца моцнымі і міралюбівымі грамадзянамі нашай квітнеючай краіны.

 

 

Як было адзначана падчас сустрэчы, жыхары памежжа з’яўляюцца надзейнай апорай для падраздзяленняў, якія ахоўваюць граніцу. Большасць злачынцаў на прыкардоннай тэрыторыі затрымліваюцца менавіта дзякуючы зваротам неабыякавых грамадзян.

 

Сёння работа памежнікаў не абмяжоўваецца затрыманнем парушальнікаў дзяржаўных рубяжоў. З развіццём тэхналогій усё часцей ім прыходзіцца перашкаджаць незаконнай дзейнасці беспілотных лятальных апаратаў. Яны нясуць вялікую небяспеку, бо могуць перамяшчаць грузы і праводзіць выведку.

 

Таксама была праведзена прафарыентацыйная работа. Школьнікам расказалі аб тым, як можна звязаць сваё жыццё з памежнай службай, пра будні курсантаў, льготы і перавагі, якія чакаюць тых, хто выбірае службу. Разам з тым нельга сказаць, што гэта лёгкая праца. Таму ў памежных органах чакаюць выключна мужных, сумленных і старанных кандыдатаў.

 

 

Эфектным завяршэннем сустрэчы стаў выступ ваенна-духавога аркестра Гродзенскай памежнай групы, якім кіраваў дырыжор маёр Сяргей Аляксеенка. Канцэртная праграма была прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню абаронцаў Айчыны. Адпаведна рэпертуар складаўся з мелодый і песняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама гучалі і добра вядомыя ўсім мелодыі з кіно і вакальныя кампазіцыі.

 

 

Словы падзякі памежнікам выказала старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!