Кампанія “Праймілк” з моладдзю на “ты”

На заводзе “Праймілк” прайшоў першы занятак па прафарыентацыі шчучынскай моладзі. Больш за 50 вучняў з трох гарадскіх школ і гімназіі г. Шчучына выказалі жаданне бліжэй пазнаёміцца ​​з працэсам глыбокай перапрацоўкі сыроваткі і вытворчымі магчымасцямі шчучынскага прадпрыемства.
Як ажыццяўляецца прыёмка сыравіны? Дзе захоўваецца свежазакачаная сыроватка? Як яна пераўтвараецца ў сухі прадукт? Аб гэтых і іншых тэхнічных тонкасцях рабятам падрабязна расказалі начальнік аддзела кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматызацыі Валянцін Валер’евіч Вянсковіч і тэхнолаг Вадзім Сяргеевіч Акопаў. Начальнік вытворчай лабараторыі Святлана Віктараўна Адамчук і мікрабіёлаг Юлія Валянцінаўна Гайдук правялі вучняў па хімічнай і мікрабіялагічнай лабараторыях прадпрыемства і прадэманстравалі, наколькі строга тут ажыццяўляецца кантроль за якасцю выпускаемай прадукцыі.

Спецыяліст па маркетынгу Анастасія Сяргееўна Адашчык пазнаёміла юнакоў і дзяўчат з асновамі сваёй прафесіі.

У высокай якасці прадукцыі кампаніі “Праймілк” падлеткі пераканаліся самі падчас імправізаванага доследу на растваральнасць, які правяла намеснік дырэктара па якасці Наталля Аляксандраўна Куц. Пасля ўсе жадаючыя мелі магчымасць прадэгуставаць замяняльнік сухіх вяршкоў, які выпускае шчучынскае прадпрыемства. Яго насычаны малочны смак прыйшоўся даспадобы ўсім!

– Спадзяюся, вы ўжо вызначыліся з накірункам, які для вас найбольш цікавы, – цікавіцца Наталля Аляксандраўна. – Хтосьці будзе вывучаць азы маркетынгу і тонкасці работы аддзела продажу. Упэўнена, знойдуцца і тыя, хто захоча папрацаваць у хімічнай і мікрабіялагічнай лабараторыях. Таксама можна паспрабаваць сябе ў ролі інжынера або тэхнолага. Калі пажадаеце больш глыбока ўнікнуць у вытворчы працэс – мы ахвотна пойдзем вам насустрач. 

Дарэчы, ужо на наступным запланаваным занятку рабяты пяройдуць ад тэорыі ад практыкі: будуць вучыцца адбіраць пробы, праводзіць лабараторныя даследаванні і аналізаваць іх вынікі. Таксама падлеткі паспрабуюць самастойна выпусціць адзін з малочных прадуктаў, кантралюючы яго якасць на ўсіх этапах вытворчасці. Адным словам, у кампаніі “Праймілк” ім сумаваць не давядзецца!

– Я пакуль не вызначылася з будучай прафесіяй, таму вырашыла наведаць заняткі па прафарыентацыі, якія арганізуюцца на заводзе “Праймілк”, – гаворыць вучаніца 9 “А” класа гарадской гімназіі Карына Сухоцкая. – Прызнацца, была вельмі ўражана вытворчымі магутнасцямі прадпрыемства і яго высокім тэхналагічным патэнцыялам. З усіх спецыяльнасцей, з якімі нас тут пазнаёмілі, для сябе выдзеліла прафесію маркетолага. Але каб паспяхова яе асвоіць, трэба “падцягнуць” англійскую мову, чым і займуся ў бліжэйшы час.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!