Камфортнае жыллё – камфортнае жыццё. У Шчучынскім раёне працягваецца капітальны рамонт жылфонду

 

Канец лета – спрыяльная пара для будаўнікоў. Камфортнае надвор’е дазваляе выканаць максімум з запланаваных работ, што асабліва важна, калі справа тычыцца будынкаў, у якіх жывуць людзі. У Шчучынскім раёне працягваецца капітальны рамонт жылфонду. Зараз будаўнікі актыўна абнаўляюць дамы № 9 і № 10 у Руткевічах і жылы дом № 1 па вуліцы Пушкіна ў Шчучыне.

 

На доме № 1 па вуліцы Пушкіна будаўнікі ўцяпляюць бакавыя фасады, таксама па частках афарбаваных муроў ужо можна ацаніць будучы эстэтычны выгляд будынка.

 

 

Яшчэ тут замянілі водаправод. Таксама ў планах абнаўленне мяккага даху, рамонт зцяжкі, нарошчванне і ўцяпленне вентшахтаў. Будуць даводзіцца да ладу выхады на дах, яшчэ будаўнікі правядуць рамонт уваходных груп, заменяць адмостку.

 

– Значная частка работ пры капітальным рамонце жылфонду прыпадае на падвальныя памяшканні, – адзначае галоўны інжынер ДП “УКБ Шчучынскага раёна” Аляксандр Малышка. – Там замене падлягаюць трубаправоды цяпла, халоднай і гарачай вады. Рамантуецца ліўневая каналізацыя, на тэхнічных вузлах ставіцца сучаснае абсталяванне, у прыватнасці помпы, вадамерныя вузлы і электрашчытавая.

 

 

Завяршыць рамонтныя работы на доме № 1 па вуліцы Пушкіна плануецца ў сярэдзіне восені. На верасень запланаваны ўвод у эксплуатацыю дамоў № 9 і № 10 у Руткевічах.

 

У плане капітальнага рамонту жылфонду Шчучынскага раёна на 2024 год значыцца дом № 3 па вуліцы Пушкіна ў Шчучыне. Працы на гэтым аб’екце пачаліся на гэтым тыдні, да канца восені будынак будзе ўведзены ў эксплуатацыю.

 

 

Капітальны рамонт жылфонду фінансуецца з дзвюх крыніц. Першая – гэта штомесячныя адлічэнні грамадзян, яны накіроўваюцца на самыя праблемныя дамы. Дадатковае фінансаванне праекта ажыццяўляецца з дапамогай сродкаў раённага бюджэту. Графікі капітальнага рамонту фарміруюцца ў адпаведнасці з датай пабудовы дамоў і патрэбы ў іхнім абнаўленні.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!