Камфорт пацыентаў на першым месцы. Даведаліся, як праходзіць рамонт інфекцыйнага аддзялення Шчучынскай ЦРБ

 

Здароўе насельніцтва – адзін з найважнейшых пунктаў у праграме сацыяльнага развіцця грамадства. У сувязі з гэтым зразумела, што якасць медыцынскіх паслуг у значнай ступені ўплывае на агульны камфорт жыцця. Так лічаць і на Шчучыншчыне.

 

Нядаўна ў ЦРБ распачаўся рамонт інфекцыйнага аддзялення, стары будынак ужо даўно патрабаваў абнаўлення. “Дзянніца” вырашыла завітаць на аб’ект і даведацца, на якія станоўчыя змены могуць разлічваць пацыенты аддзялення пасля завяршэння будаўнічых работ.

 

 

Бягучы рамонт праводзіцца на другім паверсе інфекцыйнага аддзялення. Будаўнічыя працы распачаліся ў жніўні гэтага года. Унутры будынка была дэмантавана ўся аддзелка, а сцены абшылі гіпсакартонам. Замест старых дзвярэй і аконных блокаў тут ужо стаяць новыя. Цалкам былі заменены праводка і асвятленне.

 

Зараз у памяшканні праводзяцца аддзелачныя работы, кладзецца новая плітка ў калідоры. Палаты перафарбоўваюцца, а на падлогу кладзецца гамагеннае пакрыццё.

 

Планам рамонту прадугледжана поўная замена сантэхнікі ў боксах для пацыентаў і санітарных пакоях. Камфортныя ўмовы будуць створаны і для медыцынскага персаналу.

 

 

Будаўнічыя работы праводзяцца за кошт раённага бюджэту. Усяго на гэтыя патрэбы было выдзелена каля 300 тысяч рублёў. Плануецца, што бягучы рамонт другога паверха інфекцыйнага аддзялення завяршыцца да канца гэтага года. Падрадчыкам на аб’екце выступае гродзенская арганізацыя – ААТ “Стройкапитель”.
Паралельна ў інфекцыйным аддзяленні рэалізоўваецца праект па рэканструкцыі сістэмы падачы медыцынскіх газаў. Пра гэта нам расказаў начальнік гаспадарчай службы Шчучынскай ЦРБ Аляксандр Патапчык:

 

– Па выніках гэтай рэканструкцыі ў будынак будзе пракладзены трубаправод, праз які ў палаты будзе падавацца кісларод. Усяго ў інфекцыйным аддзяленні з’явяцца 30 пунктаў падачы кіслароду, 15 з іх ужо праведзены на першым паверсе аддзялення. Раней тут выкарыстоўваліся пераносныя канцэнтратары, а зараз будзе цэнтралізаваная падача кіслароду.

 

 

Чакаецца, што ў наступным годзе будзе таксама праведзены рамонт і першага паверха інфекцыйнага аддзялення.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!